«Мало сплю, много работаю…» У Бориса Атрахимовича из деревни Чешуны — «контактный зоопарк» домашних животных

Важное Общество

Такі характар

Ступіла на падвор’е Барыса Атрахімовіча з вёскі Чашуны Курапольскага сельсавета — і нібыта ў кантактны заапарк трапіла. Толькі не дзікай, а свойскай жывёлы: тут 4 каровы, 2 кані, 3 свіней, 7 авечак, 3 каты, 2 сабакі, больш за 2 дзясяткі курэй.

Колькі, вы думаеце, чалавек упраўляецца з такой гаспадаркай? Адзін! І не толькі на ўласным падвор’і, але і на ферме «Балаі», дзе працуе даяром.

— Як вы паспяваеце ўсюды?! І як на ўсё хапае сіл? — не хаваю здзіўлення.

— У мяне часта пра гэта пытаюцца, — усміхаецца Барыс Алегавіч. — А я і сам не ведаю. Мала сплю, шмат працую. Такі характар.

Пра што марылі вясковыя хлапчукі? Вядома ж, пра тэхніку. А Барыс любіў жывёлу. Яго маці працавала даяркай у Чарэмушніках, і хлопчык ахвотна дапамагаў ёй. Закончыўшы сярэднюю школу, сам пайшоў даяром. Вярнуўся на ферму і пасля службы ў арміі.

— Той час быў для мяне самым багатым на поспехі, — успамінае. — Дабіваўся высокіх надояў, выходзіў у перадавікі не толькі ў калгасе, але і ў раёне. І зарабляў добра — па 700 рублёў у месяц выхо­дзіла.

Агульны стаж работы ў жывёлагадоўлі ў Барыса Атрахімовіча 34 гады. З чырвоным дыпломам завочна закончыў зоатэхнічнае ад­дзяленне Смілавіцкага саўгаса-тэхнікума. На працягу 25 гадоў быў не толькі даяром, але і загадчыкам фермы ў Чарэмушніках. Усё змянілася пазалетась, калі СВК «Андроны» абанкруціўся. Частку зямель гаспадаркі перадалі ААТ «Кураполле-агра», дойны статак з Чарэмушнікаў вывезлі ў Балаі. Барысу не заставалася нічога іншага, як ісці туды ж на працу. А гэта за сем кіламетраў ад яго Чашуноў. З ранняй вясны да наступлення зімы на ра­нішнюю і вячэрнюю дойку ездзіць на веласіпедзе, накручваючы за дзень па 28 кіламетраў, зімой запрагае ў сані каня.

— На веласіпедзе ад дома да фермы даязджаю за паўгадзіны, на кані — за хвілін сорак, — спакойна канстатуе, нібыта няма ў гэтым ніякіх цяжкасцей, ніколі не абрушваюцца на яго дажджы, навальніцы, вятры, а зімой не даймаюць маразы ды завеі. А вось пра тое, што ўмовы працы на ферме нялёгкія, гаворыць з болем. На ёй нават малакаправода няма, кароў дояць у бачкі, бываюць праблемы з кармамі. Надоі невысокія, зарплата — мізэрная.

— Таму і трымаю вялікую гаспадарку, — прызнаецца працаўнік. — Мне аднаму столькі жыўнасці не трэба. Але ж хочацца дапамагчы дзецям.

Іх у Атрахімовічаў двое. Таня закончыла пастаўскі каледж і працуе поварам у Андронаўскай яслях-школе. Кірыл сёлета паступіў у гэты ж каледж, вучыцца на механіка. 10 гадоў назад іх бацькі скасавалі шлюб і жывуць асобна: бацька — у сваім доме ў Чашунах, маці з дзецьмі — у Андронах, у доме, які выдзеліла гаспадарка. Да гонару абаіх, Святлана і Барыс захавалі прыязныя адносіны. Бываюць адно ў аднаго, дапамагаюць. Вось і ў той дзень, калі я наведалася да Барыса Алегавіча, пасля «фотасесіі» і гутаркі са мной ён паспяшаўся ў Андроны, каб дапамагчы былой жонцы пасадзіць бульбу. Таня і Кірыл — не проста частыя госці ў таты, але і яго памочнікі. Дачка прыгатуе стравы, прыбярэ ў хаце, памые бялізну, праполе градкі, сын сёлета спрытна ўпраўляўся з мотаблокам. Бацька расказваў пра гэта з радасцю. Адчувалася, што ён вельмі любіць дзяцей і гатовы зрабіць усё магчымае, каб толькі яны былі шчаслівыя.

А я зноў вяртаю яго ў размове да падвор’я. «Тры каровы ма­­ладыя, толькі па другім ра­зе ацяліліся, адна — сямі ацёлаў, — дзеліцца гаспадар. — Самая высокаўдойная — Марта. Яна дае цяпер па 25 літраў малака. А ўсяго прадаю дзяржаве кожны дзень па 70 літраў. Але ж закупачная цана зусім нізкая — 44 капейкі за літр (параўнайце: у магазіне мы плацім за той жа літр больш чым 1 рубель. Хіба не крыўдна вяскоўцам? — аўт.)

Вядома, нельга скідваць з рахунку тое, што прадукты харчавання (мяса, малако, яйкі, агародніна) у Атрахімовічаў уласныя, прычым экалагічна чыстыя. Але ж колькі працы затрачваецца на іх вытворчасць! Зараз каровы і авечкі ў полі, паша побач з домам і абнесена электрапастухом. А ўяўляеце, колькі сена трэба назапасіць на зімоўку для такой колькасці жывёлы? Праўда, гаспадарка дае касілку і прэс-падборшчык, сена зарулоньваецца, акрамя таго, выдзяляе яго за здадзенае цяля. А колькі вады нацягаць са студні, каб напаіць скаціну! (Калі хто не ведае, то адна карова выпівае па тры вядры раніцай і столькі ж вечарам). Якую плошчу засеяць бульбай і зерневымі, каб мець корм для жывёлы! Адным словам, працы процьма.

— А палове чацвёртай гадзіны ўстаю, а кладуся пасля ­адзінаццаці. Летам іншы раз і да дванаццаці ўпраўляюся, — зноў без усялякага наракання на цяжкасці гаворыць Барыс. — І толькі калі асабліва стамлюся, прылягу днём на хвілін 30. Пакуль ёсць сілы, не магу інакш.

Адны шкадуюць яго (маўляў, свету белага з-за працы не бачыць), другія зайздросцяць (чаго толькі ў Барыса няма!), трэція захапляюцца (вось дык гаспадар!). Менавіта думку апошніх раздзяляю і я. Разумеючы, што, калі не будзе ў вёсцы такіх апантаных працаўнікоў, то не будзе і вёскі.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.