Мастер Поставского района газоснабжения Чеслав Романовский награждён за работу нагрудным знаком

Личности

…І нагрудны знак за працу атрымаў да свайго 60-годдзя майстар Пастаўскага раёна газазабеспячэння філіяла ВУ “Глыбокаегаз” Часлаў Раманоўскі

У мінулую нядзелю хатні і мабільны тэлефоны старшага майстра Пастаўскага раёна газазабеспячэння філіяла ВУ “Глыбокаегаз” Часлава Раманоўскага практычна не змаўкалі. Родныя, сябры, калегі, знаёмыя спяшаліся павіншаваць Зянонавіча з 60-гадовым юбілеем. Прымаць віншаванні імяніннік прадоўжыў і ў панядзелак. Раніцай у філіял завіталі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто і намеснік старшыні райвыканкама Павел Станюш, каб разам з дырэктарам прадпрыемства Мікалаем Жданковічам у прысутнасці ўсяго калектыву ўручыць юбіляру Ганаровыя граматы райсавета дэпутатаў і ВРУП “Віцебскаблгаз”, а таксама нагрудны знак “Ганаровы работнік газавай і па­ліўнай прамысловасці”.

Гэты знак Часлаў Зянонавіч атрымаў першым у калектыве, хоць сярод яго калег нямала годных працаўнікоў, якія аддалі газавай галіне раёна не адзін дзясятак гадоў. Чатыры дзесяцігоддзі прысвяціў ёй і Ч. З. Раманоўскі, маючы ў працоўнай кніжцы ўсяго адзін запіс — аб прыёме на работу. Зроблены ён быў 28 лістапада 1977-га.

— Цікава, што ў гэты дзень да абеду я ўладкаваўся ў аўтакалону №17, — успамінае юбіляр. — А ў абед сустрэў знаёмага — інжынера ВУ “Паставыміжрайгаз”, які паклікаў мяне да сябе на прадпрыемства. Так усё вырашыў выпадак.

Сваю працоўную біяграфію 18-гадовы юнак, за плячыма якога была вучоба ў мясцовым СПТВ па спецыяльнасці “Трактарыст-машыніст”, пачынаў слесарам па эксплуатацыі і рамонце газавага абсталявання. Праз 10 гадоў, пасля заканчэння Гродзенскага хіміка-тэхналагічнага тэхнікума, назначылі на пасаду майстра. А з 2016-га з’яўляецца старшым майстрам Пастаўскага РГЗ. Зараз у сферу дзейнасці Ч. З. Раманоўскага ўваходзіць усё, што звязана з мантажом, устаноўкай і абслугоўваннем газавага абсталявання насельніцтва. Каб уявіць маштаб, заўважу, што сёння ў раёне 8,5 тысячы абанентаў, якія карыстаюцца прыродным газам, і каля 8 тысяч — звадкаваным у балонах. Зразумела, названыя вышэй работы выконваюць радавыя газавікі, якіх Часлаў Зянонавіч накіроўвае на аб’екты. Пры гэтым ён кантралюе, каб усё было зроблена ў адпаведнасці з праектам і нарматыўнымі патрабаваннямі, нярэдка сам выяз­джае на месца.

— Працаваць з людзьмі няпроста, — прызнаецца мой суразмоўца. — Што датычыць абанентаў, бываюць розныя сітуацыі. Але я кіруюся правілам: праўда заўсёды на баку кліента. Таму стараюся ісці на ўступкі, асабліва пажылым, як магу, дапамагаю ім.

Нездарма ў дзень юбілею сярод мноства віншавальнікаў было некалькі спажыўцоў газу, якія дзякавалі Ч. З. Раманоўскаму за чуласць. Павагай і аўтарытэтам Часлаў Зянонавіч карыстаецца і ў кіраўніцтва прадпрыемства, калег. Пра тое, што ён высокакваліфікаваны, адказны, добрасумленны спецыяліст, сведчаць шматлікія ўзнагароды раённага і абласнога ўзроўняў, у прыватнасці Ганаровая грамата “Віцебск­аблгазу”, Падзяка старшыні аблвыканкама і дыплом “Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны-2013”. Цяпер да іх дабавяцца яшчэ дзве граматы і нагрудны знак.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.