На Поставщине завершилась патриотическая экспедиция «Дорогами войны — дорогами памяти»

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков

Берагчы памяць – маладым

Такі наказ атрымалі ўдзельнікі патрыятычнай экспедыцыі «Дарогамі вайны — дарогамі памяці» — навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа СШ №4 — падчас яе завяршэння.

— Эстафета доўжылася месяц, — расказвала яе арганізатар Наталія Федаровіч. — За гэты час мы пабывалі больш чым у 30 населеных пунктах раёна, у тым ліку на месцы спаленай і неадноўленай вёскі Альцы. Навялі парадак ля помнікаў і абеліскаў, ушанавалі памяць землякоў, якія ў гады вайны загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах, падчас карнай экспедыцыі фашыстаў. Ад дырэктара раённага краязнаўчага музея Таццяны Гарошкі і навуковага супрацоўніка Марыі Лапцінскай, якія суправаджалі нас ў экспедыцыі, даведаліся пра лёсы людзей, цікавыя  факты.

У брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай пахаваны 333 воіны і партызаны, якія загі­нулі пры вызваленні нашага раёна, у тым ліку Герой Савецкага Саюза Васілій Кірычук.

— За кожным прозвішчам — лёс чалавека, яго сям’і, — гаварыла Марыя Лапцінская. — Напрыклад, магілу Паўла Дутава, капітана, намесніка камандзіра аві­яцыйнага ўзвода, які дыслацыраваўся недалёка ад Пастаў, сын безвынікова шукаў усё жыццё. Паміраючы, наказваў дачцэ прадоўжыць яго справу. Дзякуючы аб’яднанаму банку даных «Мемарыял» унучка П. Дутава выйшла на наш раён. Прыязджала ўшанаваць памяць дзеда, музею пакінула яго партрэт, усклала кветкі да брацкай магілы.

Знайшліся родныя і Леаніда Карабкова. У пачатку вайны ён трапіў у палон. А калі палонных перавозілі з Глыбокага ў Лынтупы, разам з некаторымі сваімі таварышамі змог уцячы. Было гэта каля вёскі Цешалава. Хворага і знясіленага чырвонаармейца выходжваў мясцовы доктар Акуліч. Аднак выратаваць жыццё воіна не ўдалося. Устанавіць дакладнае месца пахавання следапыты не змаглі, а яго прозвішча ўрэшце было занесена на мемарыяльную дошку на помніку на брацкай магіле.

— Праведзена вялікая пошукавая работа, але ёсць яшчэ нямала і белых плям з ваеннага ліхалецця, — гаварыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. — Рады, што ў раёне была арганізавана патрыятычная эстафета, ініцыятарамі якой выступілі дырэкцыя і навучэнцы СШ №4, раённы савет ветэранаў, райкам БРСМ. Дзякуй кіраўнікам цэнтральнай раённай бальніцы, райгаза, аддзела па адукацыі райвыканкама, кале­джа і іншых, якія выдзялялі транспарт, для таго каб удзель­нікі эстафеты маглі дабрацца да кожнага пункта маршрута. 

Праходзяць дзесяцігоддзі, змяняюцца пакаленні, але Вялі­кая Перамога — сімвал нацыянальнага гонару, воінскай славы і доблесці — навечна ўпісана ў гераічны летапіс краіны.  Мала застаецца ўдзельнікаў і сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, усё складаней знайсці праўдзівую інфармацыю пра тыя ці іншыя падзеі ваеннага часу ў інтэрнэце. Таму ўспаміны жывых сведкаў тых падзей — найлепшы ўрок гісторыі.   

Слова было дадзена ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Барысу Дзмітрыевічу Сямашку. Ён падзяліўся ўспамінамі аб цяжкім сіроцкім дзяцінстве, выхаванні ў 238-м армейскім запасным стралковым палку, з якім дайшоў да Берліна, а таксама аб мужнасці і доблесці савецкага народа, які адстаяў незалежнасць сваёй Радзімы. Ветэран даў наказ маладому пакаленню шанаваць памяць пра ратныя і працоўныя подзвігі старэйшага пакалення, берагчы мір на зямлі.

На мітынгу прысутнічалі ветэраны 32-й ракетнай дывізіі, якая дыслацыравалася ў свой час ў Паставах. Пра значнасць патрыятычнай экспедыцыі гаварылі старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч, дырэктар СШ №4 Вячаслаў Пякарскі, дырэктар краязнаўчага музея Таццяна Гарошка. На завяршэнне мерапрыемства вучні ўсклалі кветкі да брацкай магілы і паабяцалі захоўваць памяць пра гераічнае мінулае сваіх продкаў, перадаваць яе нашчадкам.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.