Не путайте выгул с прогулкой. Как правильно выгулять питомца?

Общество

Не блытайце выгул з прагулкай

У №24 «ПК» ад 23 сакавіка быў надрукаваны артыкул «А памяць свяшчэнная… Ці не?». У ім узнімалася пытанне выгулу сабак на Алеі воінскай славы па вуліцы Гагарына. У чытачоў раёнкі матэрыял выклікаў спрэчную рэакцыю. Адно з асноўных нараканняў, якое давялося пачуць: не трэба рабіць «крайнімі» сабачак і іх гаспадароў, маўляў, вялікае пытанне выклікае добраўпарадкаванне тэрыторыі, а таксама паводзіны дзяцей і моладзі, якія там бавяць час. Іх інтарэс да ваеннай тэхнікі зводзіцца толькі да таго, каб нешта ў ёй зламаць. Колькі ўжо разоў камунальшчыкі латалі вокны верталёта бляхамі! Падобную думку агучыла, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю, і жыхарка вуліцы Гагарына Ірына Іосіфаўна:

Раней, пакуль не з’явілася таблічка аб забароне, я, як і іншыя жыхары прылеглых вуліц, гуляла там са сваім маленькім сабачкам. Нічога дрэннага гаспадары жывёл не рабілі, наадварот, падбіралі пластыкавыя бутэлькі, упакоўкі ад чыпсаў і марожанага, папраўлялі вянкі ля помніка. Але забарона ёсць забарона, — расказвала жанчына. — Мой гадаванец мае пашпарт, усе неабходныя прышчэпкі, зарэгістраваны ва УП ЖКГ. Дзе яго ўсё ж такі можна выгульваць? Да вулі­цы Юбілейнай, дзе знаходзіцца бліжэйшае месца выгулу сабак, далёка. У цёплую пару, вядома, можна схадзіць і ў Сасноўку. А зімой?

Пытанне Ірыны Іосіфаўны газета адрасавала намесніку дырэктара УП ЖКГ Сяргею Плешкуну. Вось што ён адказаў:

— У адпаведнасці з правіламі ўтрымання хатніх жывёл, выводзіць сабаку ў месцы агульнага карыстання неабходна на кароткім павадку і ў намордніку. Без намордніка могуць гуляць шчанюкі ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўныя сабакі ростам да 25 сантыметраў у карку. Пры гэтым гаспадарам сабак забараняецца прыводзіць гадаванцаў у магазіны, на прадпрыемствы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, у школы і дзіцячыя дашкольныя ўстановы, у грамадскія будынкі, паркі, скверы, на стадыёны, рынкі, а таксама на жывёлагадоўчыя фермы. У астатніх месцах можна разгульваць з сабакамі бесперашкодна. Такія «выхады ў свет» лічацца прагулкай. Пад выгулам сабакі маецца на ўвазе, што жывёлу адпусцілі з павадка і дазволілі ёй бегаць самастойна. Выгульваць сабак можна ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, нельга — на прыдамавых тэрыторыях.  

Што да канкрэтнага звароту, мяркую, што ніхто не будзе супраць, калі жыхары вуліцы Гагарына дазволяць сваім сабакам пабегаць на полі ў раёне былой «Сельгастэхнікі».

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.