Одни выращивают, другие — уничтожают. Вандалы повредили цветники и выкопали тую

Главное

З кветкаводамі УП ЖКГ Вольгай Гайдукевіч, Марынай Янковіч і Марынай Кароль я сустракалася ў сярэдзіне красавіка. У трох цяпліцах, дзе яны гаспадарылі, ужо зацвіталі петуніі, пеларгоніі, бальзамінкі. А маладзейшыя раслінкі толь­кі-толькі набіралі сілу. 2 мая, праязджаючы на рэдакцыйнай машыне па вуліцы Чырвонаармейскай у райцэнтры, убачыла, як камунальшчыкі высаджваюць уздоўж яе кветкі, і ўслых заўважыла: «Вось і перасяляецца прыгажосць з цяпліц на вуліцу. Будзем радавацца прыгажосці». На што ва­дзіцель адрэагаваў песімістычна: «Дык пакрадуць жа або проста патопчуць. Людзі ў нас такія».

Не такія. Яны і ў сваіх агародчыках наводзяць кветкавае хараство, і гарадскім любуюцца. Аднак, на жаль, ёсць і вырадкі, інакш назваць не магу. Іх адзінкі, але як жа яны псуюць сваімі выхадкамі агульную карціну! У той жа дзень, 2 мая, патэлефанаваў намеснік дырэктара УП ЖКГ па добраўпарадкаванні Сяргей Пляшкун і папрасіў: «Прыедзьце сфатаграфуйце, як хтосьці ноччу пазразаў цюльпаны з кветнікаў на плошчы Леніна. А ў пятым гарадку, ля млынка, выкапалі шарападобную тую».

Угледзьцеся ў здымкі. На адным — раскашуюць цюльпаны, на другім — тыя ж самыя кветкі, але «абезгалоўленыя». Такіх больш за тры дзясяткі. Дарэчы, хоць цюль­паны і вырашчаны пастаўскімі кветкаводамі, але іх цыбулінкі купленыя. За тыя грошы, якія мы ўсе разам зараблялі на суботніках.

Каштавалі грошай і прыгожыя шарападобныя туі, якія якраз падчас рэспубліканскага суботніка, што праходзіў 20 красавіка, высадзілі ля млынка на ўез­дзе на вуліцу Чырвонаармейскую з боку пятага гарадка. Іх было восем. Але  не прайшло і паўмесяца, як засталося сем. Восьмая знікла бясследна, толькі грудок зямлі застаўся. Напэўна, пад покрывам ночы нечыя заграбушчыя рукі «перасялілі» ў свой двор.

Вось бы ўдалося пастаўскім міліцыянерам адшукаць сляды аматараў украсці прыгажосць! Мы абавязкова «праславілі» б антыгерояў у газеце. Ну трэба ж шукаць на іх нейкую ўправу! А то не баяцца ні людзей, ні Бога.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.