Они знают цену мира. Семье детей войны Любови и Геннадия Ивко исполнилось 55 лет

Общество

Не, нездарма ў народзе кажуць, што шлюбы заключаюцца на нябёсах.  Хіба маглі беларускі хлопец Гена і ўкраінская дзяўчына Люба прадбачыць, што іх жыццёвыя шляхі перасякуцца і яны стануць мужам і жонкай? А сталі. Шлюб зарэгістравалі 9 мая 1964 года ў Данецкім ЗАГСе, і сёлета іх сям’і споўнілася 55. Але тэма нашай размовы тычылася не толькі сямейных каштоўнасцей. Абое Іўко — дзеці вайны. Тыя неймаверна цяжкія гады і ўспаміналі.

Любоў Рыгораўна з Луганшчыны. Нарадзілася і вырасла ў мнагадзетнай сям’і. Ёй не было і трох годзікаў, калі бацьку прызвалі на фронт. А праз некалькі месяцаў пасля яго адыходу маці нарадзіла пятае дзіця. «Зусім не памятаю тату, — не можа стрымаць слёз жанчына. — У 1943-м мама атрымала пахавальную — тата памёр у шпіталі ў Днепрапятроўску ад ранення».

Уявіць тое, наколькі цяжка давялося выжываць удаве з пяццю дзецьмі, напэўна, могуць толькі тыя людзі, каму самому давялося перажыць нягоды ваеннага ліхалецця і пасляваеннай галечы.

— Мама штомесяц атрымлівала на кожнае з траіх дзяцей (двое ўжо сталі паўналетнімі) 2 рублі 40 капеек дзяржаўнай дапамогі, — успамінала Любоў Рыгораўна. — За гэтыя грошы можна было купіць толькі адну пару чаравічак. Да самых маразоў хадзілі ў школу босыя. Карміцелькай была карова. Але захварэла на сібір­скую язву і здохла. Галадала ўся сям’я. Як толькі і выжылі?!

І не проста выжылі, а, загартаваныя цяжкасцямі, усе пяцёра дзяцей загінулага франтавіка знайшлі годную дарогу ў жыцці. А яго старэйшы сын Іван, які загадваў конезаводам, нават удастоены высокага звання «Герой Сацыялістычнай Працы». Сама Люба закончыла медвучылішча, а затым і Данецкі медінстытут. На другім курсе пазнаёмілася з Генадзіем. «А як вы, хлопец з Глыбоччыны, трапілі ў Данецк?!» — здзіўляюся. «Куды толькі лёс не закіне, — адказвае. — Да гэтага я закончыў Ашмянскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, крыху папрацаваў у калгасе брыгадзірам і два гады — інструктарам райкама камсамола. Пасля чаго паступіў у Мінскі медінстытут. А інстытут накіроўваў 10 студэнтаў на санітарна-гігіе­нічны факультэт Данецкага. Я выклікаўся паехаць. І вось па якой прычыне: там нам гарантавалі інтэрнат і стыпендыю, а пасля заканчэння — абавязковае працаўладкаванне ў Беларусі. Мне пашанцавала асабліва — яшчэ і каханне сустрэў».

Генадзій Іванавіч добра памятае вайну. У Галубічах, што за два кіламетры ад яго роднай Слабодкі (Глыбоцкі раён), размяшчаўся нямецкі гарнізон. «Днём гаспадарылі немцы, а па начах прыходзілі партызаны, — успамі­наў. — Патрабавалі, каб праводзілі іх да чыгункі, бо самі не ведалі дарогі.  Немцы кожную ноч выстаўлялі засаду. Ніхто не ведаў, у якіх кустах яны затаіліся ў маскхалатах і дзе трапіш пад іх кулі. А партызан трэба было весці. Нацярпеліся страху. Майго бацьку на фронт не прызвалі, бо ўжо не падыходзіў па ўзросце. Ён ваяваў у Першую сусветную вайну, быў паранены, трапіў у палон. З Вялікай Айчыннай няшмат землякоў вярнуліся, і тыя раненыя, пакалечаныя. А як жудасна было, калі партызанскі атрад двойчы спрабаваў разграміць фашысцкі гарнізон. Не ўдалося — няроўныя сілы. Шмат партызан загінула. Іх целы немцы адвезлі і выкінулі ў балота. Толькі пасля вызвалення загінулых пахавалі па-людску».

Галубічы былі густанаселенай вёскай. Амаль усе жыхары — яўрэі. Мелі абутковую і швейную майстэрні, гандлёвыя лаўкі, жылі не ў беднасці. Калі мясцовасць акупіравалі фашысты, яны вывезлі ўсіх яўрэяў у гета ў Глыбокае, а ў іх дамах размясцілі свой гарнізон. Пазней усіх яўрэяў расстралялі, а іх вёску, адступаючы, спалілі дашчэнту. Вось такія крывавыя сляды пакідаў на нашай зямлі бязлітасны вораг.

Разумеючы, як цяжка маім субяседнікам успамінаць жудасныя падзеі ваеннага часу, зноў пераводжу размову на сям’ю. Мяняецца іх настрой, святлеюць вочы, калі расказваюць пра поспехі сына і дачкі, шасцярых любімых унукаў. Іх сын Алег закончыў Рыжскае ваеннапалітычнае вучылішча. Служыў у арміі, затым у міліцыі. Дарос да намесніка начальніка РАУС. У званні падпалкоўніка выйшаў на пенсію і зараз узначальвае раённае таварыства выратавання на вадзе. Дачка Таццяна закончыла Мінскі тэхналагічны інстытут. Працавала намеснікам дырэктара Пастаўскага малочнага завода. Цяпер — начальнік цэха па вытворчасці сыроў на 2-м мінскім малочным заводзе. А самі Любоў Рыгораўна і Генадзій Іванавіч па 30 гадоў адпрацавалі ў раённай санстанцыі (зараз — раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі). Ён — галоўным санітарным урачом, яна — спачатку ўрачом па агульнай гігіене, потым урачом-бактэрыёлагам. Яшчэ 10 гадоў, пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, Рыгораўна працавала на сырзаводзе, які размяшчаўся ў «Салаўіным гаі».

Цяпер клопаты Іўко абмяжоў­ваюцца домам і агародам. Ля дома — мноства ўсемагчымых кветак. Нават за агароджай, ля вуліцы, пад імі заняты немалы кавалак зямлі. Вельмі прыгожа, але ж і колькі працы! Распусціў лісце вінаград і, як і кожны год, абавязкова дасць салодкі ўра­джай. Яго чаранкі прывезены з радзімы Любові Рыгораўны. Хоць там ужо і не засталося нікога з яе родных, але і яна, і Генадзій Іванавіч вельмі блізка да сэрца ўспрымаюць падзеі, што адбываюцца на Луганшчыне і Данеччыне. «Што за ўлада такая, што давяла да праліцця крыві?» — абураюцца ўкраінскімі палітыкамі. І маюць на гэта права, бо вельмі добра ведаюць цану міру.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.