Отдых на любой вкус. В Поставах открылась игровая комната (PLAY ROOM)

Важное Общество

Штосьці новенькае!

«А вы даўно былі ў кіно?» — спытала я ў некалькіх сваіх пастаўскіх сяброў. Чым даўжэй яны ўспамі­налі назву апошняга прагледжанага ў кіназале фільма, тым хутчэй разумела: даўно! Пацікавілася і прычынамі. Адказы: не той фільм, не той час (ды і наогул паспрабуй знайсці тую вольную хвіліну!), дома ўтульней і ехаць нікуды не трэба…

«А як вам такі варыянт: сам выбіраеш, калі, з кім і што гля­дзець, прычым глядзець на «хатняй» мяккай канапе, ва ўтульнай абстаноўцы і на вялікім экране з магутнай гукавой сістэмай?» — маё наступнае пытанне здзівіла і зацікавіла адначасова. Так сапраўды бывае! За мяжой, у вялікіх гарадах гэта звычайная практыка — ствараць пры кінатэатрах своеасаблівыя VIP-залы для тых, хто цэніць асаблівы камфорт.

А цяпер выдатная навіна: такі пакой з’явіўся і ў Паставах. Ён называецца PLAY ROOM і размяшчаецца на першым паверсе кінатэатра «Радзіма». Варыянтаў для цікавага адпачынку там шмат. Поўнае «меню» папрасіла агучыць індывідуальнага прадпрымальніка Віталія Улыбіна. Менавіта ён за ўласныя сродкі адрамантаваў і абсталяваў зусім не прывабнае раней памяшканне, а пасля здаў яго ў арэнду кінатэатру.

Сустракаемся якраз там. Першыя думкі: дык тут жа зусім мала месца! Пару хвілін аглядаюся: вялікі тэлевізар, шлем віртуальнай рэальнасці, гульнявая прыстаўка, мікрафоны для караоке, бескаркасныя крэслы, стыльная мэбля… Але перш чым распытаць пра забавы і цэны на іх, паці­кавілася, калі і чаму ўзнікла ідэя стварыць PLAY ROOM у Паставах.

— Такія пакоі я бачыў у Аўстрыі, Чэхіі, Германіі, іншых краінах. Больш за тое, сам іх наведваў з сябрамі, — адказаў Віталій Улыбін, які таксама з’яўляецца дырэктарам турыстычнай кампаніі «Джуманджы» і шмат вандруе па свеце. — Хаця, прызнаюся, ідэю стварыць штосьці падобнае ў Паставах падкінулі самі работнікі кінатэатра. Яна адразу падалася мне цікавай. Па сабе ведаю: часам так хочацца схавацца ад усяго і ад усіх, адключыцца ад работы, бясконцых званкоў і клопатаў, змяніць абстаноўку хоць на непрацяглы час. Таму PLAY ROOM ствараў як для сябе: уклаў душу, шмат сіл і сродкаў.

Як тут адпачыць, кожны выбірае сам. Хочаш — кіно глядзі (фільмы можна выбраць са спіса, які прапануе кінатэатр, можна паглядзець анлайн па інтэрнэце або прынесці з сабой на флэшцы). Хочаш — у прамым эфіры ўключай спартыўныя трансляцыі, той жа футбольны матч. Ніхто не забараняе цалкам абстрагавацца ад высокіх тэхналогій і пагуляць у настольныя гульні. І ў нас, і за мяжой яны зноў становяцца вельмі папулярнымі — людзі ўсё часцей збіраюцца кампаніямі, каб пагуляць у тую ж «Мафію», «Манаполію» ці ўспомніць, што такое шашкі-шахматы. А можна проста правесці час з дзецьмі (дазваляецца прыносіць свае цацкі).

У захапленні ад пакоя будуць і падлеткі. Хто-хто, а яны ў курсе ўсіх навін у галіне лічбавых тэхналогій. Здаецца, нічога новага тут з’явіцца не можа: ужо столькі адкрыццяў за апошняе дзесяцігоддзе! Здаецца, толькі ўчора выстройваліся чэргі, каб пагля­дзець кіно ў 3D-акулярах і ўсе былі ў захапленні ад кароткіх фільмаў у фармаце 7D з абсалютна новымі спецэфектамі… А сёння ў модзе шлем віртуальнай рэальнасці. Віталій прапануе паспрабаваць яго на справе. Згаджаюся не раздумваючы.

Тэхналогія віртуальнага падарожжа простая: выбіраеш фільм, «падаеш» у мяккае крэсла насупраць тэлевізара, адзяваеш на галаву спецыяльны шлем-акуляры, пару хвілін настроек — і да пабачэння, свет рэальны!

— Дарэчы, такія шлемы віртуальнай рэальнасці шырока прымяняюцца і ў адукацыйных мэтах: для правядзення віртуальных экскурсій і падарожжаў, вывучэння жывёльнага ці расліннага свету, — патлумачыў Віталій Улыбін. — Ужо хутка мы зможам прапанаваць прагляд фільмаў і ў фармаце «360 градусаў». Кожны глядач зможа адчуць сябе, напрыклад, у Афрыцы ці Антарктыдзе на адлегласці выцягнутай рукі ад жырафаў ці пінгвінаў. Хачу падкрэсліць, што ў плане абсталявання PLAY ROOM не тое што не саступае такім жа мінскім пакоям, але і ў многім на парадак перавышае.

А колькі ж каштуе ўсё гэта задавальненне? Цэны даступныя: 1 гадзіна арэнды PLAY ROOM абыдзецца ў дзесяць рублёў. Калі прыйсці кампаніяй з 5-6 чалавек (а гэта ўстаноўлены максімум), то кошт, згадзіцеся, сімвалічны. Прытым, што ў яго ўжо ўключаны чай, кава, вада. Наладжана і дастаўка піцы з кафэ (аплачваць яе давядзецца самім).

Першыя наведвальнікі ўжо пратэсціравалі гульнявы пакой і засталіся вельмі задаволенымі. Я — таксама. А Віталій Улыбін тым часам будуе новыя планы: марыць сварыць тут жа, у будынку кінатэатра, караоке-клуб. Для моладзі і не толькі гэта таксама стала б выдатным падарункам.

Іна Мікус
Фота Віталія Улыбіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.