«ПК» — 80. «В типографию я пришла в январе 1953 года». Мария Морозова сполна отдавала себя делу

Личности

Спраўлялася на любым участку

«Пастаўскі край» рыхтуецца да свайго 80-годдзя. Сёння, напярэдадні Дня друку, працягваем расказваць пра тых, хто рабіў газету.

Марыю Аляксандраўну Марозаву ведаю больш за паўстагоддзя — з той пары, як сама зялёным дзяўчом прыйшла працаваць у раёнку. А яна ўжо мела немалы стаж. У той час рэдакцыя і друкарня з’яўляліся адзі­ным калектывам, які аб’ядноўваў  журналістаў і паліграфістаў. Галоўная справа — гэта, безумоўна, выпуск газеты. Акрамя таго, друкарня займалася і вырабам бланачнай прадукцыі. Актыўна дзейнічалі партыйная, прафсаюзная і камсамольская арганізацыі. Сходы праходзілі бурна, пытанні на іх абмяркоўваліся прынцыпова. Марыя Аляксандраўна была камуністам, яе выбіралі дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў. Ніколі не баялася выказаць крытыку, калі бачыла недапрацоўкі. Зразумела, што не ўсім гэта было даспадобы, але яна ніколі не паступалася сваімі прынцыпамі. І мела на гэта  маральнае права, бо спаўна аддавала сябе справе.

Углядаюся ў партрэтныя здымкі жанчыны, якія ў розны час змяшчаліся на Дошцы гонару прадпрыемства, а зараз знаходзяцца ў сямейным альбоме, перабіраю значкі ўдарніка камуністычнай працы, дзясяткі Ганаровых грамат, іншыя адзнакі і ўзгадваю, якой цяжкай была праца паліграфістаў. Тым часам Марыя Аляксандраўна расказвае: «У друкарню я прыйшла ў студзені 1953 года. Авалодала спецыяльнасцю наборшчыцы машыннага набору. Спачатку ў друкарні стаяў толькі адзін лінатып, і на ім трэба было  набраць увесь газетны тэкст. Часта здараліся перабоі ў падачы электраэнергіі, і выхад газеты аказваўся пад пагрозай. Таму мы ніколі  не лічыліся з часам, працавалі звышурочна, па начах. Праз 14 гадоў працы я атрымала свінцовае атручэнне (у лінатыпе плавіўся свінец, наборшчык набіраў на клавіятуры тэкст, і ён адліваўся ў газетных радках — аўт.). Працавалі ў памяшканні, дзе  нават не было вентыляцыі. Адчынялі вокны, але  гэта не дапамагло. Такое ж атручэнне атрымала і Жэня Райчонак. Толькі пасля гэтага па прадпісанні санстанцыі ў цэху, дзе ўжо былі  два лінатыпы, устанавілі вентыляцыю. Мы лячыліся ў Мінску. Пасля таго як мне далі трэцюю групу інваліднасці, перайшла ў пераплётны цэх. А ўвогуле спраўлялася з усім, што  даручалі».

Авалодала Марыя Аляксандраўна і спецыяльнасцю друкара. Стоячы за друкавальнай машынай, пільна сачыла за якасцю газеты. Яе друкавалі па начах, але раніцай выканаўцы работы не маглі пайсці дадому да таго часу, пакуль галоўны рэдактар не падпіша нумар да выхаду ў свет.

Як даўно ўсё тое было! А ў памяці ветэрана друкарні засталося назаўсёды. На льготную пенсію выйшла ў 1986 годзе і, нарэшце, стала мець больш  часу на сям’ю. З мужам Пятром (на жаль, ужо шосты год, як яго  няма ў жывых) выхавалі двух годных сыноў, якія жывуць у Паставах, маюць добрыя сем’і, знайшлі сябе ў прафесіі. У Марыі Аляксандраўны чатыры ўнучкі і ўнук, адна праўнучка і два праўнукі. Нягледзячы на гады, жанчына вельмі бадзёрая, вялікая акуратыстка ў хаце і руплівіца ў агародзе. І па-ранейшаму вялікая прыхільніца раённай газеты. Праўда, ужо толькі ў якас­ці чытача.

Фаіна Касаткіна
Фота аўтара і з сямейнага архіва Марыі Марозавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.