Поставский государственный колледж получил трактор «BELARUS-82» за 3 место в областном конкурсе пахарей

Образование

У падарунак – трактар

Майстар вытворчага навучання Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Дзяніс Авізіч, навучэнцы Уладзіслаў Селязнёў і Ілья Волк сталі прызёрамі абласнога конкурсу аратых і здабылі для сваёй навучальнай установы шыкоўны падарунак — трактар «BELARUS-82».

Спаборніцтвы праходзілі на базе Ульскага дзяржаўнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці (Бешанковіцкі раён). Удзел у іх прынялі 11 каманд навучэнцаў (у склад кожнай уваходзілі 2 чалавекі) і 11 майстроў вытворчага навучання ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку па кваліфікацыі «Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці».

Тэарэтычны этап уключаў 100 пытанняў па ўсіх дысцыплінах, якія ўваходзяць у блок падрыхтоўкі трактарыстаў: правілы дарожнага руху, эксплуатацыі, абслугоўвання і рамонту тэхнікі, ахова працы і іншыя. Практычная частка складалася з кіравання машынна-трактарным агрэгатам і ворыва. Навучэнцы выконвалі заданне ў полі на трактары з чатырохкорпусным плугам, майстрам вытворчага навучання задачу крыху ўскладнілі — яны аралі на энерганасычаным васьмікорпусным трактары.

У агульнакамандным заліку сярод навучэнцаў пастаўчане занялі трэцяе месца, саступіўшы сапернікам з Полацкага (другое) і Ульскага (першае) прафліцэяў. Сярод майстроў вытворчага навучання найлепшы вынік паказаў прадстаўнік Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа, на другім і трэцім месцах майстры з Ульскага прафліцэя і Пастаўскага каледжа. У падарунак пастаўчане атрымалі дыпломы, сертыфікаты ўдзельнікаў і сертыфікат на набыццё трактара «BELARUS-82».

Узнагародзілі за прызавыя месцы Уладзіслава Селязнёва, Ілью Волка і Дзяніса Авізіча і ў сваёй установе адукацыі. Хлопцам уручаны наборы слясарных ключоў, майстру налічана прэмія.

— Выніковым выступленнем Ула­дзіслава і Ільі вельмі ўзрадаваны, бо ў нашым каледжы пераважае аўтамабільны профіль, груп, якія рыхтуюць трактарыстаў, толькі дзве — па адной на першым і другім курсе. Таму і выбар кандыдатаў для ўдзелу ў конкурсе быў абмежаваным, — расказвала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Шылько. — Абодва навучэнцы з вёскі, ведаюць з дзяцінства, што такое праца на зямлі. У многім свайму поспеху яны абавязаны выкладчыку Дзмітрыю Міхасёнку, які рыхтаваў іх да тэарэтычнай часткі спаборніцтваў, і майстру вытворчага навучання Адаму Кузмічу — ён адточваў з хлопцамі майстэрства кіравання транспартным сродкам.

Што да Дзяніса Авізіча, то для яго ўдзел у конкурсе аратых не ў навіну. Яшчэ падчас вучобы ў Пастаўскім каледжы, быў яго пераможцам у вобласці, удзельнічаў у рэспубліканскім этапе. А пасля заканчэння Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта вярнуўся ў каледж у якасці майстра. Зараз набывае педагагічную спецыяльнасць у Рэспубліканскім інстытуце павышэння адукацыі.

Вераніка Філановіч
Фота Дзмітрыя Міхасёнка



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.