«Поставы-ПМЦ» — ФК «Миоры» — 1:1

Спорт

Змагаліся да канца

«Паставы-ПМЦ» — ФК «Міёры» — 1:1

На паядынак з неаднаразовым пераможцам і прызёрам чэмпіянату вобласці гаспадарам удалося выставіць практычна аптымальны склад, у якім адсутнічалі толькі вопытныя Яўген Васюковіч і Яўген Санько.  Пры роўнай гульні першымі на 24-й мінуце вызначыліся міёрцы, калі іх паўабаронца Юрый Буры перайграў апекуна і без перашкод адправіў мяч у дальні вугал. Пастаўчане ў атацы гулялі пераважна праз свайго цэнтральнага нападаючага Арцёма Цітовіча, які валодае моцным ударам і некалькі разоў небяспечна прабіў побач са штангай. У адным з эпізодаў ён абыграў трох абаронцаў гасцей, але яго праход спынілі з парушэннем праві­лаў. У гаспадароў актыўна працаваў правы фланг і пасля чарговай камбінацыі на 30-й мінуце распасоўшчык Руслан Зелянкевіч падабраў мяч і, не ўвахо­дзячы ў штрафную пляцоўку, прабіў у верхні вугал — 1:1.

Усе чакалі, што пасля перапынку наша каманда здолее развіць поспех. Уздых расчаравання раздаўся на стадыёне, калі Аляксей Хмельнік з вострага вугла не накіраваў мяч у сетку. Ключавым момантам сустрэчы стала атака пастаўчан на 60-й мінуце, калі А. Цітовіч не стрымаўся, штурхнуў свайго апекуна, які ў чарговы раз згуляў груба, атрымаў другую жоўтую картку і быў выдалены з поля. У колькаснай меншасці пастаўчане больш думалі пра абарону сваіх варот, гулялі на контратаках, адну з якіх цудам не завяршыў голам Р. Зелянкевіч.

У выніку сустрэча завяршылася баявой нічыёй, якой дабіліся Мацкевіч, Казлоў, Пучынскі (Пурлан), В. Дубін, Голубеў, Хмельнік (Д. Зелянкевіч), У. Дубін (Давідоўскі), Р. Зелянкевіч, І. Якаўлеў (Міснік-Гіль), Карага (к) (Галін­скі), Цітовіч. Пасля заканчэння матча лепшым ігракам у складзе абедзвюх каманд, якія вызначыліся пры ўзяцці варот, былі ўручаны падарункі ад ДУ «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна».

У стартавым туры таксама былі зафіксаваны наступныя вынікі: ФК «Глыбокае» — «Полацк-2019» — 0:2, «Ніва» (Талачын)—»Газавік» (Віцебск) — 1:1, ФК «Лепель»—»Дзвіна-Барс» (Верхнядзвінск) — 4:1, «Дзецкасельскі» (Гарадок)—»Славянскі Велес» (Віцебск) — 1:0, ФК «Сянно»— «Днепр» (Дуброўна) — 4:2.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.