Работал с землей и людьми. Ветеран труда Болеслав Шилько награжден юбилейной медалью

Сельское хозяйство

Найдаражэй – удзячнасць сэрцаў — лічыць ветэран працы Баляслаў Півусавіч Шылько.

Чарговае пасяджэнне райвыканкама пачалося з прыемнага: Сяргей Чэпік уручыў Баляславу Півусавічу Шылько юбілейны медаль, устаноўлены ў азнаменаванне 100-годдзя з дня ўтварэння органаў дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі.

Усё жыццё Баляслава Півусавіча звязана з Пастаўшчынай і сельскай гаспадаркай. Працоўную біяграфію пачаў прычэпшчыкам у сваім родным калгасе «Радзіма». Пазней асвойваў цалінныя землі ў Паўладарскім краі, кіраваў лінейна-будаўнічым участкам Пастаўскага раённага аб’яднання «Сельгастэхніка».

У 1978 годзе быў накіраваны ў калгас «Дружба» (цяпер ААТ «Камайскі-агра») начальнікам свінагадоўчага комплексу. Гады работы на Камайшчыне сталі найбольш плённымі. Спачатку ўзводзіў комплекс на 24 тысячы галоў. А калі завяршыў будаўніцтва, нечакана паступіла прапанова ўзначаліць калгас — адзін са слабых у раёне.

Працаваць з зямлёй і людзьмі Баляслаў Півусавіч умеў. Паступова да «Дружбы» далучылі суседнія калгасы «Новае жыццё», імя Дзяржынскага, імя Жданава, імя Кірава. Плошча зямель павялічылася да 15 тысяч гектараў, колькасць работнікаў — да 1000 чалавек, тэхнікі і прычапнога інвентару — да 600 адзінак. Справы пайшлі ўгору. З 27 аналагічных свінагадоўчых комплексаў вобласці камайскі стаў адным з прыбытковых. Намалоты зерня дасягалі 20 тысяч тон — столькі, колькі намалочвалі ў той час два раёны (Расонскі і Ушацкі) разам. «Дружба» значылася ў ліку 60-ці самых лепшых гаспадарак Беларусі. Шырока вялося будаўніцтва.

У 1996 годзе Баляслаў Шылько ўвайшоў у склад Рэспубліканскага савета па пытаннях развіцця агра­прамысловага комплексу пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У 1998 годзе адданаму аграрыю прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». Сярод высокіх узнагарод — ордэн Дружбы народаў, Падзяка Прэзідэнта краіны, Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і іншыя.

Пасля 27 гадоў кіраўніцтва «Дружбай» Б. П. Шылько амаль 10 гадоў працаваў старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Часта бываў на фермах, у полі, цікавіўся справамі механізатараў, даярак, шмат увагі ўдзяляў пытанням абароны правоў членаў прафсаюза.

З 2014 года — на заслужаным адпачынку, але па-ранейшаму дзеліцца сваім багатым вопытам з маладымі кадрамі, выбраны членам раённага савета ветэранаў. А сустрэчы з тымі, з кім разам працаваў, удзячнасць іх сэрцаў — як бальзам для душы.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.