С песней по жизни идет сторож Поставского отделения Департамента охраны, многодетная мама и обаятельная женщина Наталья Гутор

Личности

З песняй па жыцці ідзе вартаўнік Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, мнагадзетная мама і абаяльная жанчына Наталля Гутар.

Нядаўна Наталля Юр’еўна ў чарговы раз стала лаўрэатам штогадовага агляду-конкурсу ваенна-патрыятычнай песні, які праводзіцца ў пачатку мая сярод падраздзяленняў Дэпартамента аховы Віцебшчыны. З 11 вакалістаў заняла трэцяе месца і атрымала запрашэнне выступіць у вялікім святочным канцэрце з нагоды Дня Перамогі, што ладзіўся 9 мая на плошчы Перамогі ў абласным цэнтры. Там выканала адну з сваіх любімых песень ваенна-патрыятычнай тэматыкі «Если б не было войны», якую год назад падрыхтавала для музычнай акцыі «Спявае пераможная вясна» ў Паставах. Як тады, так і зараз Наталлі падпявалі шматлікія слухачы.

— Я вельмі люблю старыя добрыя савецкія песні, — расказвала Н. Гутар. — Падабаюцца таксама ўкраінскія народныя, рамансы, многае з рэпертуараў Тамары Гвердцытэлі і Таісіі Павалій. Увогуле, што спяваць, выбіраю душой. Як правіла, гэта нешта меладычнае, лірычнае, сугучнае маім унутраным адчуванням. Магу адзін раз паслухаць песню і адразу выканаць яе.

Па словах жанчыны, музычны слых і пастаўлены голас у яе з нараджэння. Сказаліся гены продкаў. Па мацярынскай лініі ўсе жанчыны былі галасістымі пявуннямі. Бацька па гуку рухаві­ка мог беспамылкова вызначыць няспраўнасць у аўтамабілі, акрамя таго, прыгожа граў на гармоніку, самастойна асвоіўшы інструмент. Не дзіўна, што ў такой сям’і з дзяцінства спявала і дачка. Пасля школы нават спрабавала паступіць у Маладзечанскае музычнае вучылішча на аддзяленне вакалу. Вытрымала конкурс у 5 чалавек на месца. Але, прыйшоўшы па экзаменацыйны ліст, убачыла, што набраныя 4 балы ў ім выпраўлены на 3. Высвятляць, хто і чаму гэта зрабіў, не стала. Вырашыла паўторна паступаць на наступны год, ды выскачыла замуж. У выніку атрымала прафесію прадаўца. А 7 гадоў назад перайшла працаваць у ахову. Зараз нясе службу ў Пастаўскім РЭС.

Цяперашняя работа Наталлі Юр’еўне вельмі падабаецца. Здзейснілася яе даўняя мара насіць міліцэйскую форму. А рамантыка начных дзяжурстваў натхняе на напісанне вершаў, якія самі прыходзяць у галаву. Праўда, імгненна зрыфмаваныя радкі часта не паспявае запісаць на паперу, як яны забываюцца, а тое, што запісана, кла­дзецца ў стол. Творчая натура аўтара падштурхоўвае да ўдзелу ў розных конкурсах. Так, два гады таму напісала песню на рэспубліканскі конкурс, прысвечаны 100-годдзю Беларускай міліцыі. Летась удзельнічала ў конкурсе «Гаспадыня нашай вёскі» ў Юньках, сачыніўшы літаральна за 10 хвілін цэлую вершаваную паэму пра сябе для самапрэзентацыі.

Імя Наталлі Гутар знаёма многім пастаўчанам і жыхарам раёна. Яна спявае на ўсіх мерапрыемствах у ахове і РАУС. Часта выходзіць на раённую сцэну, выступае на святах вёсак разам з самадзейнымі артыстамі Юнькаўскага СДК, у ТЦСАН, раней была ўдзельніцай ВІА «Скіфы». Пры гэтым Наталля Юр’еўна мае чацвярых дзяцей, двое з якіх ужо дарослыя, і з’яўляецца адзінай у Віцебскай вобласці жанчынай-казаком. У радах РГА «Беларускае казацтва» знахо­дзіцца больш за 6 гадоў і неўзабаве павінна атрымаць чын малодшага ўрадніка.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.