Сегодня — День работников физической культуры и спорта. Учитель физкультуры гимназии Александр Вавинский работает на результат

Главное Спорт

Працуе на вынік

Калі галоўнага спецыяліста аддзела па адукацыі райвыканкама Наталлю Есьман папрасіла параіць героя для артыкула, прымеркаванага да прафесійнага свята спартсменаў, пачула: «Напішыце пра настаўніка фізічнай культуры і здароўя гімназіі Аляксандра Ва­вінскага. Гэты чалавек працуе на вынік, рыхтуе зборныя каманды раёна да ўдзелу ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, ніколі не лічыцца з асабістым часам. Найлепшага кандыдата і не прыдумаеш».

Часта сутыкаюся з Аляксандрам Леанідавічам на спартыўных мерапрыемствах, бачу яго зацікаўленасць падчас спаборніцтваў, не аднойчы пісала пра поспехі каманд, якія ён рыхтаваў да спартакіяд. Ведаю, што ён  надзвычай сціплы чалавек, ніколі не перабольшвае ўласныя заслугі ў агульным поспеху. Таму і хвалявалася: ці зга­дзіцца на гутарку? Але ўсё, як кажуць, зраслося.

— Пасля заканчэння Віцебскага спартыўнага інтэрната (зараз гэта вучылішча алім­пійскага рэзерву) паступіў у Віцебскі педагагічны інстытут на спецыяльнасць «Настаўнік фізічнай культуры», — расказваў. — Тут і пазнаёміўся са сваёй жонкай. Вольга — настаўнік пачатковых класаў. Спачатку жылі і працавалі ў Оршы, а 20 гадоў таму пераехалі на радзі­му жонкі — у Паставы.

Непрацяглы час Аляксандр Вавінскі працаваў трэнерам па валейболе на ФАКу і метадыстам па фізічнай культуры ў аддзеле па адукацыі райвыканкама. Але вабіла настаўніцкая справа, хацелася вучыць таму, што ўмеў лепш за ўсё — лёгкай атлетыцы (менавіта такую спецыялізацыю атрымаў у спартыўным інтэрнаце). Таму, калі з’явілася вакансія настаўніка фізічнай культуры, перайшоў у школу-інтэрнат, а пасля яе расфарміравання з 2006 года прывівае любоў да спорту навучэнцам гімназіі.

На падрыхтоўку раённай каманды да спаборніцтваў адводзіцца 2-3 тыдні. На працягу іх неабходна падкарэкціраваць тэхніку, выкласціся на ўсе сто працэнтаў. Аляксандр Леанідавіч сцвярджае, што менавіта гэты час з’яўляецца самым напружаным для дзяцей, бо непасрэдна на спартыўных стартах ім застаецца толькі прадэманстраваць тое, на што здольныя.

— Насамрэч, для дзяцей ­удзел у спаборніцтвах — гэта свята, яны не ўспрымаюць іх як цяжкую працу, — працягваў. — На абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах не бывае слабых сапернікаў — усе маюць больш-менш аднолькавыя здольнасці. Таму, калі пастаўчане аказваюцца найлепшымі сярод роўных, радуюцца ўдвая. Трэба бачыць, як іскрацца іх вочы, якія бушуюць эмоцыі!

Напэўна, дзеля гэтага і варта працаваць, укладваць душу ў дзяцей. Але, каб быў рэзультат, спачатку трэба знайсці падыход да дзяцей, заручыцца падтрымкай бацькоў і іншых настаўнікаў. Не менш істотны і камандны дух. Аляксандр Вавінскі ўспамінае, што першым «заразіў» ім каманду пастаўчан гімназіст Лёша Звяруга, які за апошнія гады першым з раёна трапіў на рэспубліканскі этап мнагаборства «Здароўе». З таго часу і стаў актуальным сярод нашых спартсменаў дэвіз мушкецёраў: «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Яшчэ адзін складальнік поспеху, упэўнены настаўнік фізічнай культуры і здароўя, — яго жонка Вольга Яўгеньеўна. А дакладней — яе падтрымка і разуменне, бо рыхтаваць каманду даводзіцца і пасля працы, у выхадныя, выяз­джаць на некалькі дзён на спаборніцтвы.

Абодва сыны Аляксандра Леанідавіча і Вольгі Яўгеньеўны звязалі сваё жыццё са спортам. Павел працуе дырэктарам Пастаўскай ДЮСШ, Пётр — інструктарам у фітнэс-клубе ў Віцебску. Калі былі маленькімі, гулялі разам у баскетбол і футбол. Вялікую ролю ў выхаванні любові да спорту, вандровак, прыроды, лічыць бацька, сынам прышчапілі настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №1 Павел Міхалевіч і кіраўнік ваенна-спартыўнага клуба «Азімут» Сяргей Сядых. Гурток першага наведваў Паша, клуб другога — Пеця.

Прыёмные дзеці Вавінскіх таксама паказваюць добрыя вынікі на спартыўных спаборніцтвах. Назаву толькі апошнія. Каманда пастаўчан, у склад якой уваходзіла Саша Жыдкая, стала пераможцай у абласным этапе спаборніцтваў па летнім мнагаборстве «Здароўе».  Здабыла пе­рамогу ў вобласці і каманда нашага раёна па летнім мнагаборстве «Абаронца Айчыны»  за якую выступаў Жэня Жукаў.

Дарэчы, на гэтым тыдні Аляксандр Вавінскі суправаджае каманду Віцебскай вобласці на рэспубліканскім этапе спабор­ніцтваў «Абаронца Айчыны». У яе склад разам са спартсменамі з іншых гарадоў увайшлі Жэня Жукаў і Уладзіслаў Рудкевіч. Спадзяёмся, што іх выступленне будзе паспяховым і стане найлепшым падарункам настаўніку напярэдадні прафесійнага свята.

Вераніка Філановіч
Фота з сямейнага архіва Вавінскіх



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.