30 мая в школах Поставщины прозвенел последний звонок. Школьный вальс-2019 в Поставах (видео)

Главное Образование

З удзячнасцю настаўнікам і сумам у душы

У чацвер у школах Пастаўшчыны празвінеў апошні званок. Для 192 11-класнікаў і часткі 9-класнікаў, якіх у раёне 315, ён стаў развітальным.

Раздзяліць разам з выпускнікамі сум расставання з дзяцінствам, любімымі настаўнікамі і школьнымі сябрамі на ўрачыстыя лінейкі прыйшлі іх бацькі і іншыя родныя. Таксама ва ўсе навучальныя ўстановы адправіліся прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта. Ганаровым госцем Курапольскай базавай школы стаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік.

Тое, што Сяргей Васільевіч прыехаў менавіта ў гэту школу, невыпадкова. На працягу 10 гадоў ён узначальваў ААТ «Кураполле-агра», цесна кантактаваў з вучнёўска-педагагічным калектывам, шмат дапамагаў навучальнай установе. Віншуючы яе настаўнікаў і навучэнцаў з заканчэннем вучэбнага года, кіраўнік раёна парадаваўся за тое, што ў школы ёсць перспектывы, паколькі не змяншаецца колькасць дзяцей. Сёлета ў сценах Курапольскай БШ навучаліся 32 хлопчыкі і дзяўчынкі. А восенню павінны сесці за парты на два вучні больш.

Усім школьнікам Сяргей Васільевіч пажадаў летняга настрою і выдатна правесці канікулы. А выпускнікам — іх трое: Дзмітрый Баеў, Валерыя Руткоўская і Алёна Раўданік — не забываць сваіх настаўнікаў і тое добрае, што закладзена на працягу 9 гадоў вучобы, паспяхова здаць экзамены, прадоўжыць атрымліваць веды. І самае галоўнае — набыць прафесію, якая будзе падабацца і з якой у далейшым змогуць прыносіць карысць раёну.

З віншаваннямі да 9-класнікаў звярнуліся таксама дырэктар школы Галіна Ціхановіч, класны кіраўнік выпускнога класа Жанна Абалевіч, мама Валерыі Руткоўскай Данута Зыгмундаўна і яшчэ адзін госць лінейкі — начальнік пагранічнай заставы «Ярэва» Расціслаў Каламацкі. Усе яны жадалі маладым людзям шчасця, знайсці сябе ў жыцці, выбраўшы тую прафесію, якая будзе адпавядаць іх магчымасцям і інтарэсам. А таксама праз гады захаваць памяць пра родную школу і гэты ўрачысты, радасны і адначасова сумны дзень развітання з ёй. Ведаць, што дзверы школы заўсёды адчыненыя, тут будуць рады бачыць кожнага свайго былога вучня.

Разам з іншымі выпускнікоў павіншавалі вучні сярэдніх класаў і самыя маленькія — перша­класнікі. А тыя ў сваю чаргу звярнуліся са словамі ўдзячнасці да педагогаў. Абсалютна кожнаму настаўніку і дырэктару яны адрасавалі персанальныя вершаваныя радкі і падарылі кветкі.

Па традыцыі на лінейцы былі падведзены вынікі гэтага вучэбнага года. Найлепшыя навучэнцы атрымалі граматы за выдатныя поспехі ў вучобе і прыкладныя паводзіны, падзякі за актыўны ўдзел у жыцці класа і школы. Многім уручылі дыпломы за перамогі ў раённых і абласных навукова-практычных канферэнцыях для школьнікаў, экалагічных форумах, творчых і іншых конкурсах. Адзначаны спартыўныя дасягненні дзяцей, іх актыўнасць у акцыі па зборы макулатуры. Сярод узнагароджаных былі і 9-класнікі. Развітваючыся са школай і дзяцінствам, яны адпусцілі ў неба паветраныя шары з запіскамі са сваімі марамі і надзеямі. А потым, узяўшыся за рукі, разам з класным кіраўніком у апошні раз прайшліся па школьным двары. 

Бывай, школа! Цябе не забудзем!

Вечарам гэтага ж дня выпускнікі ўсіх сярэдніх школ раёна і гімназіі, педагогі і бацькі сабраліся на цэнтральнай плошчы Пастаў на традыцыйнае свята апошняга званка.

Тут іх вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. Падняўшыся на сцэну, ад імя райсавета і раённага выканаўчага камітэта Пётр Леанідавіч пажадаў 11-класнікам здароўя, паспяхова здаць усе экзамены і паступіць туды, куды запланавалі, каб кожны атрымаў добрую, патрэбную прафесію. Шчырыя словы ўдзячнасці кіраўнік дэпутацкага корпусу раёна выказаў настаўнікам за іх нялёгкую працу, мудрасць, душэўную шчодрасць, добрыя, спагадлівыя сэрцы і вернасць настаўніцкаму абавязку, за тую вялікую работу, якая была праве­дзена на працягу 11 гадоў з выпускнікамі. Падзякаваў таксама бацькам за актыўны ўдзел у жыцці школ, цярпенне, увагу, любоў і клопат, якія дапамаглі сынам і дочкам прайсці ўсе школьныя выпрабаванні.

— Выхоўваць дзяцей няпроста, — гаварыў выступоўца. — А чужых, у школе — яшчэ і вельмі адказна. Наш педагагічны калектыў спраўляецца з гэтым выдатна. Сёння Пастаўскі раён з поўным правам можа ганарыцца вынікамі ўдзелу школьнікаў у прадметных алімпіядах, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Гэта заслуга саміх вучняў і педагогаў, якія іх рыхтавалі.

У гэтым вучэбным годзе пастаўчане заваявалі 10 дыпломаў на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, 2 дыпломы на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па вучэбных прадметах і 5 дыпломаў на конкурсе даследчых работ навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці «Эўрыка». Іх уладальнікамі сталі:

— 11-класнік Варапаеўскай СШ Андрэй Малатоўнік і 10-класніца Пастаўскай гімназіі Аліса Януш, якія перамаглі на рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па геаграфіі;

— выпускнікі СШ №4 Юрый Шолах, СШ №2 Уладзімір Зубко і Варапаеўскай СШ Аляксандра Вырвіч, удастоеныя ўзнагарод на «Эўрыцы»;

— яшчэ адзін выпускнік Варапаеўскай сярэдняй школы Канстанцін Адамовіч і 11-класнік гімназіі Дзяніс Саўкоў, прызнаныя пераможцамі раённага і абласнога этапаў рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі;

— навучэнец 10 класа СШ №1 Арсеній Леўшын, 7-класніца гім­назіі Лізавета Афанасьева, 9- і 10-класнікі Варапаеўскай школы Валерый Мядзве­дзеў і Мікіта Залецкі, адзначаныя дыпломамі на алімпіядзе па геаграфіі;

— навучэнкі 10 і 9 класаў гімназіі Дар’я Дрозд і Лізавета Жамойдзь, якія перамаглі на другім і трэцім этапах алімпіяды па рускай мове і літаратуры;

— 10-класніца СШ №2 Крыс­ціна Рымайда — пераможца этапаў алімпіяды па хіміі;

— 7-класніца СШ №3 Аляксандра Жыдкая, якая вызначылася на алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі.

Усе вучні і настаўнікі-прадметнікі атрымалі грашовыя прэміі. Акрамя таго, педагогам і бацькам дзяцей П. Л. Курто ўручыў Падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама. А згаданаму вышэй Мікіту Залецкаму і навучэнцу 10 класа Лынтупскай ЯССШ Аляксандру Сіманайцю як пераможцам рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару ў 2018 годзе — пасведчанні аб узнагароджанні адпаведна Другой і Трэцяй прэміямі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Поспехаў на экзаменах, паступіць у лепшыя ВНУ краіны, ставіць перад сабой самыя амбіцыйныя мэты і імкнуцца іх дасягнуць, а таксама ніколі не забываць родную Пастаўшчыну зычыла юнакам і дзяўчатам першы сакратар раённага камітэта БРСМ Вераніка Казлоўская. Найлепшым членам маладзёжнага саюза яна ўручыла граматы райкама за вялікі асабісты ўклад у валанцёрскі і грамадзянска-патрыятычны рух, актыўны ўдзел у праектах Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Шмат пажаданняў выпускнікам гучала і з вуснаў тых, каму яшчэ не адзін год вучыцца ў школе і хто прыйшоў на свята апошняга званка, каб падарыць старэйшым таварышам песні, вершы і танцы. Гэта навучэнцы ўстаноў адукацыі Пастаўшчыны, ­удзельнікі харэаграфічных калектываў раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. У песнях і вершах выказвалі свае пачуцці і 11-клас­-нікі, дзякуючы за ўсё добрае настаўнікам і бацькам.

Кожнае слова аддавалася рэхам у сэрцах прысутных. Плылі над плошчай вясёлыя і лірычныя мелодыі. Кружыліся ў развітальным вальсе выпускнікі. Узнімаліся ў блакіт нябёсаў сотні рознакаляровых паветраных шароў, забіраючы з сабой бесклапотнае дзяцінства.

Бывай, школа! Бывайце, любыя настаўнікі і сябры! Прывітанне, дарослае жыццё!

Тэкст і фота Алены Шапавалавай

***

Видео Натальи Налей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.