Социальный диалог и поддержка людей труда. Интервью с председателем районного объединения профсоюзов Инной Далецкой

Общество

Сёлета адзначаецца 115-годдзе прафсаюзнага руху ў Беларусі.  Святкаванне юбілею прымеркавана да 1 Мая — Міжнароднага дня салідарнасці працоўных. З гэтай нагоды карэспандэнт “ПК” Анна Анішкевіч гутарыць са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Інай Далецкай.

— Іна Аляксееўна, у чым, на ваш погляд, сакрэт даўгалецця і сілы прафсаюзаў?

— Гэта самая масавая грамадская арганізацыя. Як сведчыць гісторыя, менавіта ў Беларусі яшчэ ў 1894 годзе была створана першая ў Ра­сійскай імперыі прафсаюзная арганізацыя. Але зыходным пунктам названы 1904 год, калі прафсаюзы сталі з’яднанымі і ўплывовымі.

— Калі гаварыць пра сучасны этап дзейнасці, то што лічыце найбольш значным для прафсаюзаў Пастаўшчыны?

— Заключэнне пагаднення паміж раённым выканаўчым камітэтам, наймальнікамі і аб’яднаннем прафсаюзаў, якое будзе зарэгістравана ў бліжэйшы час. Дакумент прадугледжвае ўзгодненую палітыку паміж бакамі практычна ва ўсіх сферах сацыяльных, працоўных, эканамічных і прававых адносін, такіх як забяспечанасць занятасці, ахова працы, здароўя, сацыяльная падтрымка моладзі і г. д.

З боку ўлады і саюза наймальнікаў робіцца нямала намаганняў для далейшага развіцця недзяржаўнага сектара эканомікі. Прафсаюзы ў сваю чаргу з мэтай абароны правоў і інтарэсаў работнікаў наладжваюць супрацоўніцтва з працоўнымі калектывамі. За апошнія тры гады ў раёне створана 7 пярвічных прафсаюзных арганізацый, у тым ліку ў прыватным бізнесе — 6.

— Аснова работы прафсаюзаў — сацыяльны дыялог, падтрымка людзей працы.

— Важнай лічу дзейнасць прававых, тэхнічных, грамадскіх інспектараў працы. Многія скарысталіся магчымасцю прыйсці да іх на прыём і атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні. Клопат пра чалавека быў і застаецца прыярытэтным кірункам работы. Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ўстаноўлена 25-працэнтная скідка на пуцёўкі на аздараўленне ў прафсаюзных здраўніцах краіны. Для перадавікоў сельскагаспадарчай галіны прадугледжаны бясплатныя санаторна-курортныя пуцёўкі. Вялікая ўвага ўдзяляецца ахове працы, паляпшэнню медыцынскага абслугоўвання, прапагандзе здаровага ладу жыцця, правядзенню культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў.

Прафсаюзы выступілі з ініцыятывай увядзення сістэмы страхавання ад нявыплаты зарплаты. Мэта новаўвя­дзення — дапамагчы людзям, якія працуюць на праблемных прадпрыемствах. Мяркуецца, што калі суб’ект гаспадарання аб’явіць аб банкруцтве або санацыі і пры гэтым будзе не ў стане пагасіць зарплатныя абавязкі, то ён зможа разлічыцца з работнікамі за кошт салідарнага фонду страхавання. Выплачвацца зарплата будзе ў сярэднім за тры месяцы. За гэты час чалавек зможа або перачакаць складаны час на прадпрыемстве, або знайсці новую работу і пры гэтым забяспечваць ­сям’ю матэрыяльна.

— Іна Аляксееўна, вернемся да свята. Што чакае пастаўчан у прафсаюзны Першамай?

— Галоўныя мерапрыемствы пройдуць заўтра на спартыўна-турыстычным комплексе “Азёркі”. Будуць ушанаваны найлепшыя прафактывісты, працоўныя дынастыі, сацыяльныя партнёры. Адбу­дзецца лёгкаатлетычны крос, у якім прымуць удзел члены працоўных калектываў. Усіх чакае вялікая канцэртная праграма. Будзе весела і цікава. Сардэчна запрашаю!

Карыстаючыся выпадкам, шчыра віншую жыхароў Пастаўшчыны з Першамаем! Для людзей старэйшага пакалення гэта свята ўвасабляе працоўную салідарнасць, для моладзі — вясенняе абнаўленне і надзею на светлую будучыню. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам, тым, хто ўнёс вялікі ўклад у развіццё і станаўленне пастаўскага краю. Жадаю поспехаў ва ўсіх справах, моцнага здароўя, дабрабыту і веснавога настрою.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.