Старательная и перспективная. Эльвира Литвиненок — педагог-психолог районного центра коррекционно-развивающего обучения и реабилитации

Образование

Старанная і перспектыўная

Эльвіра Літвінёнак — педагог-псіхолаг раённага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Працуе тут з верасня 2017 года. Але гэтага часу аказалася дастаткова, каб зарэкамендаваць сябе са станоўчага боку.

Дырэктар установы адукацыі Іна Краўчук характарызуе дзяўчыну як адказнага, стараннага работніка з вялікімі перспектывамі ў прафесійнымі плане. Цікава, што спецыяльнасць Эльвіры, набытая ў сценах Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, — псіхалогія прадпрымальніцкай дзейнасці. Спецыяльную псіхалогію, якой займаецца зараз, вывучала толькі павярхоўна. Таму, калі прыйшла працаваць у цэнтр, спасцігала яе тонкасці на практыцы.

— Мне вельмі імпануе, што, сутыкнуўшыся з шэрагам цяжкасцей — недахопам пэўных ведаў, складанасцямі работы з дзецьмі з псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі, — Эля не спалохалася, не ўцякла, а пажадала вучыцца далей. Зараз набывае другую спецыяльнасць — настаўніка-дэфектолага — у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, — гаварыла Іна Іванаўна.

Цяперашняя пасада педагога-псіхолага для Эльвіры часовая: яна замяшчае спецыяліста, які знахо­дзіц­ца ў дэкрэтным водпуску. І пакуль яго няма, карэктуе ў асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак розныя псіхічныя функцыі — развівае іх памяць, мысленне, увагу, успрыманне, вучыць узаемадзейнічаць з навакольным светам. Пры неабходнасці праводзіць кансультацыі для бацькоў, аказвае метадычную дапамогу іншым установам адукацыі раёна — школам і дзіцячым садам, дзе ёсць навучэнцы і выхаванцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Акрамя таго, з’яўляецца членам псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі. Піша заключэнні аб далейшым адукацыйным маршруце дзяцей, зыходзячы з выстаўленых ім медыцынскіх дыягназаў.

Па словах дзяўчыны, працаваць з дзецьмі, асабліва дашкольнага ўзросту, ёй падабаецца. Хоць прызнаецца, што вопыту, жыццёвага і прафесійнага, пакуль малавата. Набіраецца яго ў тым ліку ад калег-дэфектолагаў, з якімі пастаянна цесна ўзаемадзейнічае. Так, разам з Марыяй Дуб удзельнічала ў абласным конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт», прадставіўшы ўласную міні-гульню, якая аднолькава падыходзіць як для дзяцей з нормай, так і з парушэннямі псіхічнага развіцця. Гэты праект заняў першае месца. Таксама Эльвіра ўжо мае грамату аддзела па адукацыі райвыканкама.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.