Старейшина деревни Должа Роман Курсевич отметил свой 90-летний юбилей

Личности

Найстарэйшы старэйшына

Старшыня Юнькаўскага сельскага Савета Вячаслаў Врублеўскі ехаў у вёску Должа віншаваць з 90-годдзем Рамана Віктаравіча Курсевіча. Запрасіў з сабой і карэспандэнта «Пастаўскага краю».

Юбіляра мы ўбачылі на яго прысядзібным участку. І не здзівіліся гэтаму. Стаяла асляпляльна сонечнае надвор’е, і вяскоўцы, дачнікі, якіх тут шмат, высыпалі на агароды. А на ўчастку Курсевічаў, да таго ж, снаваў трактар — іх сусед Аляксандр Дзюшко наразаў барозны пад пасадку бульбы.

— Сад і агарод — найгалоўнейшы клопат таты, — заўважыла дачка імянінніка Рэгіна. — А я ў яго ў памочніках. Вынеслі ў парнік памідоры, пасадзілі буракі, моркву. Управіцца з бульбай дапаможа Саша. Ён нарэзаў барозны, абяцаў прыгнаць саджалку. І ўвогуле, усе нашы суседзі — цудоўныя людзі. А гэта так важна ў вёсцы.

Гаспадар з лапатай у руках няспешна хадзіў па ўчастку, правяраў, ці з’яўляюцца на градках усходы агародніны, наколькі якасна нарэзаныя барозны. Але мы вымушаны былі адцягнуць яго ўвагу ад гаспадарчых клопатаў, каб павіншаваць і пагаварыць пра жыццё. Вячаслаў Врублеўскі ўручыў юбіляру сціплыя падарункі, выказаў найлепшыя пажаданні, а мне патлумачыў: «На тэрыторыі Юнькаўскага сельсавета выбраны 21 старэйшына. Па ўзросце найстарэйшы з іх Раман Віктаравіч. Магчыма, хто думае, што ўжо не па сілах яму такая грамадская нагрузка. Але я так не лічу. Віктаравіч — мудры, разважлівы, справядлівы чалавек, які ведае жыццё і людзей, падказвае, якія пытанні трэба вырашаць. А якая памочніца побач з ім! Маю на ўвазе дачку».

Пра Рэгіну варта сказаць асобна. 9 гадоў таму яна, выйшаўшы на льготную пенсію, прыехала ў родную вёску, каб дагледзець хворую маці. У 2013-м маці памерла, а ў наступным годзе не стала і Рэгінінага брата. Ну хіба магла яна пакінуць у такім горы бацьку аднаго? Так і засталася. Вядома ж, сумуе па горадзе на Няве, але жыве вясковымі клопатамі.

А юбіляр, успамінаючы мінулае, гаварыў: «Так хутка гады зляцелі! Здаецца, нібыта ўчора ўсё адбывалася. 14 гадоў мне было, калі немцы ішлі блакадай. Палілі вёскі, забіралі жыўнасць, гналі лю­дзей у Германію. Столькі страху мы нацярпеліся! Вырас — служыць у арміі давялося на Калыме. Умовы там вельмі цяжкія — 50-60 градусаў марозу, недахоп кіслароду. Мы ўзрывалі скалы, перакрывалі цячэнне ракі, будавалі аэрадром для ваенных самалётаў».

Будаўнічыя навыкі прыгадзіліся яму пасля звальнення са службы. Вярнуўся ў Должу — а бацькоўская хаціна зусім урасла ў зямлю. Як у ёй жыць, ствараць сям’ю? Пайшоў учарашні салдат у сельскі Савет прасіць лес на капітальны рамонт хаты. І яго выдзелілі, але на такім участку, што вывезці можна было толькі праз Паставы, а гэта круг у многія кіламетры. Наймалі людзей і сплаўлялі нарыхтаваную дзелавую драўніну праз возера.

— І ў калгасе быў у будаўнічай брыгадзе, — працягваў успамінаць ветэран працы. — Клуб, школа ў Шырках, іншыя аб’екты — нашых рук справа. Працаваў і ў паляводстве, жывёлагадоўлі. У нашым калгасе «Слава» і людзей было шмат, і работы ўсім хапала».

Ён і зараз не можа без справы, хоць і падводзіць здароўе. А яшчэ вельмі цікавіцца палітыкай і абстаноўкай не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Разам з суседкай Баляславай Сукрэтнай любяць глядзець па тэлевізары навіны, ток-шоу на палітычныя тэмы, а затым горача абмяркоўваюць убачанае. І сыходзяцца ў думцы, што няма нічога даражэйшага ў свеце, чым мір на зямлі.

Сонца шчодра аблашчвала наваколле. У белай кіпені патаналі сады. Я вярталася з Должы, і маё сэрца сагравалі прыемныя ўражанні ад сустрэчы з яшчэ адным вяскоўцам, чыё жыццё такое простае і такое годнае.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.