Светлана Боровко 4-й год возглавляет отделение связи №4. За отличную работу награждена Благодарностью Министра связи

Общество

Поспехам спрыяе аптымізм

У распарадку дня аддзялення сувязі №4 у мікрараёне будаўнікоў у райцэнтры значыцца, што яно пачынае працаваць з 9 гадзін. Але ўжо ў пачатку дзявятай яго загадчыца Святлана Бароўка на сваім рабочым месцы. Каб мець час належным чынам падрыхтавацца да прыёму пошты і абслугоўвання кліентаў.

Аддзяленне яна ўзначальвае чацвёрты год. За выдатную працу ўзнагароджана Падзякай міністра сувязі. Па выніках мінулага года ад­дзяленне прызнана пераможцам раённага спаборніцтва сувязістаў.

— Як удаецца дабівацца поспеху? — пытаюся ў загадчыцы.

— Трэба любіць сваю работу і кліентаў — і ўсё атрымаецца, — адказвае Святлана.

Яе любоў да паштовай сувязі зарадзілася ў дзяцінстве. «Побач з нашай вясковай школай знаходзілася пошта, — успамінала. — Мы, вучні, ахвотна бегалі туды пасля ўрокаў. Куплялі паштоўкі, паветраныя шары, жвачкі, стрыжні для шарыкавых ручак. Мне там усё было цікава».

Як лагічны працяг такой зацікаўленасці — паступленне ў тэхнікум сувязі. Аднак пасля яго заканчэння маладому спецыялісту не знайшлося пастаяннага месца работы, бо ішлі вельмі цяжкія пасля развалу СССР гады. У раённым вузле паштовай сувязі прапанавалі падмяняць вясковых паштальёнаў, якія ішлі ў водпуск. Так і набіралася вопыту. А старання ёй было не пазычаць, што не магло не заўважыць кіраўніцтва РВПС. Даверылі ўзначаліць спачатку невялікае Целякоўскае аддзяленне сувязі, затым — 1-е гарадское, зараз — 4-е.

— Я тут у дзвюх якасцях — начальніка і аператара, — расказвае. — З 9 гадзін прымаю пошту, выдаю яе паштальёну Наталлі Краўчанцы, а затым прыступаю да абслугоўвання кліентаў. Прымаю розныя плацяжы, афармляю падпіску на перыядычныя выданні, прадаю тавар. Самыя запатрабаваныя — гэта, безумоўна, паштовыя паслугі. Сваіх кліентаў (тых, хто пражывае ў мікрараёне будаўнікоў — аўт.) ведаю ў твар. Звяртаюцца па паслугі і іншыя пастаўчане.

Усіх Святлана абслугоўвае аднолькава ветліва. «Бывае, зойдзе чалавек хмуры, без настрою, а я ўсё роўна цёпла прывітаю яго, усміхнуся, — прызнаецца. — Інакш нельга. Мы ж — сфера абслугоўвання».

Тое, што Святлана Бароўка не памылілася ў сферы прымянення сябе, пацвярджаюць як яе аптымістычны настрой, так і вынікі работы аддзялення, толькі станоўчыя водгукі пастаўчан.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.