В Поставском музее открылась выставка «Огненные вёрсты войны»

75 лет освобождения Витебщины от немецко-фашистских захватчиков Важное

Вогненныя вёрсты вайны

Так называецца выстава, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі і ў прыватнасці Пастаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якая адкрылася ў красавіку ў раённым краязнаўчым музеі.

Падобныя выставы музейныя работнікі афармляюць да юбілейных дат Перамогі. Папярэднюю манціравалі ў 2015 годзе. Яна і стала асновай для цяперашняй, якую расшырылі, дабавіў­шы новыя раздзелы і экспанаты. Выстава расказвае пра ўтварэнне на Пастаўшчыне камсамольскага падполля, з’яўленне партызанскіх атрадаў, з якіх у далейшым была сфарміравана брыгада імя Варашылава, яе дзейнасць, людзей, звязаных з падпольным і партызанскім рухам, нашых землякоў — Герояў Савецкага Саюза Фёдара Маркава і Ганну Маслоўскую, вызваленне раёна летам 1944 года і баявы шлях пастаўчан у радах розных армій.

Адкрывае экспазіцыю Чырвоны сцяг камсамольскай арганізацыі, які ў першыя дні вайны выратавала настаўніца Ганна Пашкевіч, а затым перадала ў партызанскі атрад. Калі Паставы ачысцілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ён быў узняты над горадам як сімвал Перамогі. З іншых цікавых экспанатаў варта назваць трафейныя нямецкія друкарскую машынку і перанасную радыё­станцыю, друкарскі станок, тэлеграфны апарат сістэмы морзэ, самаробны мінамёт, якія партызаны выкарыстоўвалі ў барацьбе з ворагам. Таксама на выставе прадстаўлены дакументы і асабістыя рэчы арганізатараў і дзеячаў партызанскага руху. У прыватнасці, гімнасцёрка і кабура сакратара райкама партыі Аляксандра Манахава, вышыўкі і сумачка падпольшчыцы Надзеі Асяненкі, медыцынскі халат партызанскага ўрача Зоі Падсядлоўскай, паліто Фёдара Маркава. Тут жа можна ўбачыць малюнкі партызана-мастака Барыса Айзенберга (партрэты яго таварышаў па партызанскім руху),  тагачасныя газеты і лістоўкі.

Наступны раздзел прысвечаны вызваленню Пастаўшчыны І Прыбалтыйскім фронтам. У адрозненне ад папярэдняга ён істотна дапоўнены. Акрамя 145-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Пятра Дзібровы, упершыню называюцца ўсе воінскія падраздзяленні і злучэнні, якія ўваходзілі ў склад гэтага фронту і праходзілі з баямі праз наш раён. Побач з партрэтамі камандзіраў 145-й дывізіі і Герояў Савецкага Саюза, чыімі імёнамі названы вуліцы ў Паставах і Лынтупах, змешчаны фотаздымкі простых салдат, якія тут ваявалі, дасланыя іх блізкімі. Завяршаюць раздзел нашы землякі, якія дайшлі да Берліна ў складзе Чырвонай арміі.

Таксама ўпершыню на выставе расказваецца пра пастаўчан, якія змагаліся з фашыстамі на іншай ідэалагічнай платформе ў партызанскіх атрадах Арміі Краёвай і ў радах так званай Арміі Андэрса. Апошняя была створана ў 1941 годзе на тэрыторыі СССР па дамоўленасці паміж савецкім урадам і польскім урадам у выгнанні з грама­дзян, якія знаходзіліся на тэрыторыі Савецкага Саюза і адносілі сябе да палякаў (бежанцы, інтэрніраваныя ваеннаслужачыя польскай арміі, рэпрэсіраваныя ў 1939 годзе). У складзе ІІ Польскага Корпуса яны ўдзельнічалі ў баях пад Монтэ-Касіна, Ларэта і інш. У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, узнагародныя лісты, фотаздымкі аднаго з салдат — жыхара Варапаеўшчыны Юзэфа Кухальскага. Яшчэ адна новая старонка — антысавецкае супраціўленне ў раёне і яго ліквідацыя.

Плануецца, што выстава будзе працаваць у музеі да сярэдзіны восені. Таму яе зможа наведаць кожны, хто пажадае.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.