В приходе Иисуса Милосердного заложена традиция — во 2-й четверг каждого месяца молиться за семьи

Духовность

imageПад апеку Марыі

У новастворанай парафіі Езуса Міласэрнага ў 5 гарадку закладзена традыцыя — у другі чацвер кожнага месяца маліцца за сем’і. Пачатак набажэнства ў 18.30.

Спачатку — разважанне над таямніцамі ружанца, якое рыхтуе ініцыятар малітвы Святлана Іванова. Сужонкі пачаргова адмаўляюць таямніцы, аддаючы сябе, сваіх родных, знаёмых, сяброў пад апеку Маці Божай і яе сына Езуса Хрыста. Затым святая Імша. Чытанні, спяванне псалма, малітву верных бяруць на сябе зноў жа сем’і.

На апошняй такой сустрэчы ксёндз Уладзімір Шымковіч, які працуе ў Дуброўне, і часова замяняў пастаўскага пробашча, на прыкладзе сваіх знаёмых, расказваў пра ўменне будаваць узаемаадносіны ў сям’і. Думаю, некаторыя гісторыі будуць цікавыя і чытачам «Пастаўскага краю».

Адна пара пражыла ў шлюбе больш за 40 гадоў.

— Якім было сумеснае жыццё? — пацікавіўся ў іх ксёндз.

— Няпростым, — адказалі сужонкі. — Памятаем, як засялялі­ся на кватэру і вырашалі, дзе паставіць ложак. Перасварыліся так, што, здавалася, гэты ложак вылеціць праз акно. Але зразумелі, што павінен быць кампраміс. І знайшлі яго. Гэтым кіруемся да сённяшняга дня.

А наш шлюб выратаваў крыж, які падарылі бацькі на вяселле, — апавядалі іншыя. — Ён вісіць у пакоі на відным месцы. Што б ні здаралася на працягу дня, вечарам мы сустракаемся перад крыжам. Становімся на калені, просім адно ў аднаго прабачэння, разам молімся і ідзём спаць. Раніца заўсёды светлая і шчаслівая.

— Стараюся часта браць жонку за руку, — прызнанне сужонка з 30-гадовым стажам. — Прыпамінаю ёй, як падчас шлюбу мы трымалі далоні адно аднаго і прысягалі на любоў, вернасць і сужэнскую павагу. Вельмі важна пабыць толькі ўдваіх. Хоць на паўгадзіны выйсці на спацыр, па­глядзець адно аднаму ў вочы. Вялікія справы вырашаюцца за абедам ці нават гарбатай. Мы пастаянна размаўляем. Не замыкаемся ў сабе, не затойваем крыўду, а дзелімся праўдзівымі пачуццямі.

Ксёндз Уладзімір падкрэсліў, што ўсе сем’і сутыкаюцца з цяжкасцямі. І ў такіх выпадках вельмі важна малітоўная падтрымка. Праблемы не знікаюць адразу, але калі з’яўляецца разуменне, што з Божай дапамогай яны вырашацца, тады лягчэе, а ўрэшце наступае шчаслівая развязка сітуацыі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.