В пятницу поставские новобранцы текущей призывной кампании отправятся на областной сборный пункт

Правовое поле

Наперадзе – армейскія будні

У пятніцу завершыцца апошняе мерапрыемства бягучай прызыўной кампаніі — адпраўка навабранцаў на абласны зборны пункт. З яго новае папаўненне адправіцца ў воінскія часці.

Чакаюць наперадзе паўтара года армейскай службы і нашых землякоў Віктара Гартфіля і Паўла Харашунова. Некалькі месяцаў хлопцы правядуць у брыгадзе, якая дыслацыруецца ў Валожыне, дзе пройдуць курс маладога байца і прымуць прысягу. Потым абодва вернуцца ў Паставы, дзе размяшчаецца структурная частка — батальён — гэтай брыгады.

Віктар да прызыву на тэрміновую службу працаваў касірам у сталіцы. Кажа, пакуль што цалкам не ўсвядоміў, што такія перамены ў жыцці адбываюцца менавіта з ім. Аднак настроены пазітыўна: «Мне ўсё падаецца, што заўтра-паслязаўтра трэба выходзіць на працу, чакае звыклае жыццё. У той жа час радуюся, што трапіў у армію цяпер, пакуль не маю сям’і, дзяцей, бізнесу, ад якіх неабходна было б адарвацца. У нашай сям’і ўсе мужчыны прайшлі тэрміновую службу, прынамсі як і многія мае сябры з месца працы. Іх галоўны наказ — быць рашучым, уліцца ў калектыў».

Павел родам з Гуты, апошні час працаваў поварам у Віцебску. «Настрой выдатны. Адзінае, што крыху засмучае, — служыць буду блізка ад дому. Мне ж, наадварот, хацелася трапіць у іншую вобласць, каб стаць больш самастойным, незалежным», — расказваў прызыўнік. Не выключае ён і таго, што калі ў арміі яму спадабаецца, то звяжа з ёй далейшы лёс — застанецца служыць ва Узброеных Сілах краіны па кантракце.

— Жадаю паспяховай службы, прасоўвання па ёй, — гаварыў падчас апошняга інструктажу начальнік групы прызыву на ваенную службу райваенкамата Валерый Баравік. — Армія навучыць многаму: дысцыпліне, самастойнасці, адказнасці, мужнасці. Адным словам, зробіць з вас сапраўдных мужчын, якімі будуць ганарыцца вашы сем’і.

Няхай пажаданне спраўдзіцца. Ну а я спадзяюся, што змагу паназіраць за працэсам узмужнення Паўла і Віктара і расказаць пра гэта чытачам раёнкі.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.