В субботу на участке линии фронта возле д.Дуки прошел районный этап республиканской военно-патриотической игры «Зарница»

Общество

«Зарніца» ў стылі рэтра

У суботу адбыўся раённы этап рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца». Яна была прысвечана 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 610-годдзю Пастаў.

Сёлета гульня праходзіла на ўчастку лініі фронту Першай сусветнай вайны, што знаходзіцца паблізу вёскі Дукі, і была максімальна набліжана да гульні савецкіх часоў. Удзел у «Зарніцы» прынялі каманды СШ №№1 і 2, гімназіі і Камайскай школы. Каб выявіць пераможцу, спатрэбілася ажно 9 гадзін!

Па легендзе, у названай мясцовасці высадзілася некалькі дыверсійна-разведвальных груп, якія пад выглядам турыстаў і гасцей рыхтуюць тэрарыстычны акт. Здзейсніць яго збіраюцца каля літоўскай граніцы. Каб не дазволіць зламыснікам ажыццявіць план — пры дапамозе перанаснога зенітнага ракетнага комплексу збіць пасажырскі самалёт, — атрады па барацьбе з дыверсантамі накіроўваюцца на рубеж разгортвання, там атрымліваюць свежыя даныя разведкі, потым выходзяць у раён засяроджвання праціўнікаў.

Падчас гульні кожнаму атраду юнармейцаў неабходна было здейсніць марш-кідок на дыстанцыю 4 кіламетры. На маршруце ўдзельнікаў чакалі «міннае поле», участкі хімічнага заражэння і расцяжкі (разнастайныя пасткі), засады, снайперская дуэль, рух па азімутах. Таксама атраду давялося прадэманстраваць правільнасць дзеянняў пры ядзерным выбуху, аказанні першай медыцынскай дапамогі «параненаму», а таксама змайстраваць насілкі з падручных сродкаў і пэўны час транспартаваць на іх «пацярпелага». Завяршыўся марш-кідок 20-хвілінным боем на базе дыверсантаў. Маршрут быў надзвычай складаным і захапляльным.

На гэтым выпрабаванні не завяршыліся. Каманды таксама паказвалі свае ўменні ў аглядзе строю і песні, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, снараджэнні магазіна аўтамата, абуладкаванні месца прывалу, зборцы-разборцы аўтамата, кіданні гранаты. У выніку ў агульнакамандным заліку перамагла дружына СШ №1, за ёй у турнірнай табліцы размясціліся прадстаўнікі гімназіі, Камайскай школы і СШ №2.

Адчуць на сабе ўсю тактыку і стратэгію ваенных дзеянняў, апынуўшыся ў ваенна-палявых умовах, удзельнікі гульні змаглі дзякуючы яе арганізатарам — райкаму БРСМ, трэнажорнай зале «Рэжым» і ваенна-спартыўнаму клубу «Азімут». А таксама суарганізатарам. Імі выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах молодзі райвыканкама, аддзел па адукацыі, пагранічная камендатура «Паставы», раённая арганізацыйная структура ДТСААФ, шпіталь, ДА «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна» і лазертаг-клуб «Грыфон». Цудоўна пастараліся і ваеннаслужачыя 1-га радыётэхнічнага цэнтра, якія на ўвесь час спаборніцтваў разгарнулі ў раёне баталій палявую кухню і частавалі ахвотных салдацкай кашай, салатай і чаем, прапаноўвалі пітную ваду.

Вераніка Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.