В Воропаевском Доме культуры состоялся отчетный концерт «Пой всегда!» вокально-эстрадной студии «ANIMA”

Культура

Музыка іх з’яднала

У маі ў Варапаеўскім Доме культуры адбыўся справаздачны канцэрт “Спявай заўсёды!” вакальна-эстраднай студыі “ANIMA” дзіцячай школы мастацтваў. Студыя існуе ўжо дзевяць гадоў ёй кіруе Ірына Козел. Штогод у студыі займаюцца каля 20 дзяцей. Многія з іх паспяхова прымаюць удзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных конкурсах.

Адкрыла канцэрт фіналістка раённага конкурса песні “Вясновая хваля” Ульяна Казаровец. Наступнымі паказалі свае нумары Аня Шкорнік і Саша Федаронак. Крысціна Згірская і Федзя Красноў падарылі ўсім прысутным яскравыя і энергічныя песні, прысвечаныя сваім татам. Вара Ермаковіч расказала, якая яна модная дзяўчынка, а Ілья Хацяновіч выканаў песню пра сяброўства. У Арыны Свілёнак дзень правядзення канцэрта супаў з днём нараджэння. Атрымаўшы віншаванне ад залы ў выглядзе апладысментаў, узамен дзяўчынка ў песні пажадала гледачам поспехаў. Таксама прадставілі свае песні Аня Кузміч, Ульяна Красоўская, Кіра Вырвіч, Яна Кузьміч, Алёна Зарэцкая, Даша Ясюковіч, Каця Танана, Анжаліка Вырвіч і Яна Мышко.

Нумар Вікі Гірсёнак крануў залу сваёй пранікнёнасцю. Дзяўчына — лаўрэат абласнога конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча. А ў вольны час спрабуе сябе ў спевах.

Ганна Насевіч займаецца ў студыі амаль пяць гадоў. Неаднаразовы дыпламант і лаўрэат раённых і абласных конкурсаў, удзельніца ансамбля “Званочкі”. Адметным было выступленне Крысціны Багушэвіч у суправа­джэнні танцавальнай студыі “Навана”. Дзяўчына — дыпламант і лаўрэат рэспублікансіх конкурсаў. Сёлета атрымала гран-пры раённага конкурсу “Вясновая хваля”.

Чаканымі гасцямі свята былі выпускніцы студыі Аляксандра Баршчэўская, Ірына Іршонак і Марыя Сеганкевіч. Дзяўчаты парадавалі залу песнямі, выкананымі на беларускай і ўкраінскай мове.

— Канцэрт атрымаўся яркі, запамінальны, насычаны, — пракаменціравала мерапрыемства Ірына Іршонак. — Бачны высокі ўзровень педагога. Нягледзячы на тое, што было шмат нумароў, выступленне прайшло на адным дыханні.

— Эмоцыі перапаўняюць, — падвяла вынік Ірына Козел. — Кожны раз хвалююся: гэта ж дзеці. Баялася за групавыя нумары. У студыі займаюцца і вучні, якія толькі на пачатку сваёй музычнай сцяжынкі, ім не хапае смеласці. Але ў нас, здаецца, усё атрымалася, задаволена ўсімі. Асабліва ўдзячна бацькам за іх таленавітых дзяцей. Радуюся, што і з выпускнікамі падтрымліваецца сувязь: пастаянна імкнёмся рыхтаваць сумесныя нумары.

Радкі “Нам песня строить и жить помогает” напісаны 85 гадоў таму, але не губляюць сваю актуальнасць і сёння. А фінальная песня “Спявай заўсёды!”, якая прагучала ў выкананні студыі “ANIMA”, яскравае таму пацвярджэнне.

Святлана Шафаровіч
Фота Алесі Красновай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.