Во время областного семинара на базе ОДРОЦ «Ветразь» участники обсудили вопросы реабилитации детей, познакомились с материально-технической базой центра

Здравоохранение

Ацанілі патэнцыял «Ветразя»

У мінулы чацвер на базе АДРАЦ «Ветразь» адбыўся абласны семінар. На ім разгледжаны актуальныя пытанні рэабілітацыі дзяцей, адбылося знаёмства з матэрыяльна-тэхнічнай базай цэнтра.

Удзел у семінары прынялі галоўны педыятр упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Ірына Міхеенка, галоўны ўрач абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра Галіна Пузанава, загадчыкі аддзяленняў названага цэнтра, пазаштатныя спецыялісты і раённыя педыятры Віцебшчыны. Пачаўся ён з азнаямлення з работай лячэбна-дыягнастычнага аддзялення. А каб гасцям было зручней хадзіць па кабінетах, іх падзялілі на дзве групы.

Сучасныя тэхналогіі – на рэабілітацыю дзяцей

У калідоры пахне хвояй. Чую, як госці паміж сабой адзначаюць: «Фітатэрапія». І, вядома, не памыляюцца. Кабінеты святлолячэння, магнітатэрапіі, водалячэння… Сюды і ў іншыя кабінеты з традыцыйнымі метадамі лячэння ўдзельнікі семінара заглядваюць толькі з парога: асноўная мэта, якую ставяць гаспадары, — паказаць унікальнае абсталяванне і методыкі, сучасныя ўмовы і магчымасці цэнтра. Непадробную цікавасць ва ўсіх выклікаюць кабінеты кінезі- і эргатэрапіі, доўга затрымліваюцца ўрачы каля галакапсулы, у якой ствараецца штучны мікраклімат, набліжаны да мікраклімату саляных пячор. Яна ў цэнтры ўжо каля пяці гадоў. А вось два спелеаінгалятары набылі нядаўна. Яны прызначаны для тых, хто мае патрэбу ў рэабілітацыі пульманалагічнага профілю, але дрэнна пераносіць замкнёную прастору.

Праграмны комплекс для развіцця артыкуляцыі мовы, стабілатрэнажор для трэніроўкі каардынацыі і раўнавагі — ва ўсім адчуваецца подых сучасных тэхналогій. Пануюць яны і ў пакоі мультысенсорнага развіцця: сухі басейн, масажная дарожка, балансавальная дошка. Найбольшае ж захапленне выклікае інтэрактыўная падлога (так і хочацца выкарыстаць крылатую фразу з вядомага кінафільма: «Ба­чыў я цуды тэхнікі, але такога…»). Інтэрактыўная падлога — гэта віртуальная гульнявая пляцоўка для атрымання рухальных і інтэлектуальных навыкаў, таксама выкарыстоўваецца для рэлаксу. Пры дапамозе праекцыйнай сістэмы на паверхні падлогі ствараецца маляўнічы дынамічны малюнак, які рэагуе на рух. Уяві­це, што бачыце марское дно, а на ім — камяні, ракавінкі, водарасці, між якіх плаваюць рознакаляровыя рыбкі. Ад любога дотыку да выявы на паверхні «вады» разыходзяцца невялікія хвалі. Неверагоднай папулярнасцю ў дзетак карыстаюцца і рудыя кацяняты. На падлозе іх з’яўляецца адразу некалькі, і ўсе мяўкаюць, каб іх пагладзілі. Зробіш гэта — і каток даверліва падстаўляе табе бялюткі жывоцік, пачынае заспакаяльна муркаць. Нават дарослы не зможа ўтрымацца ад усмешкі, не адчуць прыліў пазітыву, што ўжо казаць пра дзетак. Усяго інтэрактыўная падлога складаецца з 480 методык, каштуе 5 тысяч долараў.

Яшчэ адна з апошніх навінак — пакой псіхалагічнай разгрузкі на 6 месцаў. Падчас сеанса тут выкарыстоўваюцца крэслы-качалкі і акуляры з мікрасферамі «Альсарыя», якія пры дапамозе спецыяльнага выпраменьвання ўздзейнічаюць на арганізм. Працэдура назначаецца пры сіндроме хранічнай стомленасці, дэпрэсіі, неўралагічных паталогіях, парушэннях сну, а таксама для аказання касметычнага эфекту — зняць ацёчнасць вачэй, разгладзіць маршчыны. Спецыяльна падабраная музыка дапамагае расслабіцца, сеанс доўжыцца 30 хвілін.

Зацікаўленасць удзельнікаў семінара выклікалі не толькі медыцынскія праграмы і методыкі, але і абсталяванне вучэбных класаў: парты Эрысмана і канторкі вытворчасці ААТ «Паставымэбля». Вердыкт урачоў быў аднагалосным: класіку трэба вяртаць ва ўсе школы краіны.

Скажу без перабольшання, што ад экскурсіі ўрачы былі ў захапленні. Убачанае доўга абмяркоўвалі, параўноўвалі з матэрыяльна-тэхнічнымі базамі іншых цэнтраў вобласці. Асаблівы інтарэс выклікалі методыкі для рэабілітацыі дзяцей з ДЦП і каардынацыйнымі парушэннямі.

Удасканальваць арганізацыйныя пытанні

Прадоўжыўся семінар у канферэнц-зале. Галоўны ўрач цэнтра Сяргей Петухоў расказаў пра калектыў, унутраны распарадак, методыкі, работу лячэбна-дыягнастычнага аддзялення. Пры гэтым акцэнт у сваім выступленні зрабіў на неабходнасць удасканальваць арганізацыйныя пытанні, якія датычацца выдачы пуцёвак у «Ветразь». Да асноўных памылак, якія яшчэ сустракаюцца, адносяцца недакладнае фарміраванне дыягназу, няпоўнае афармленне анамнеза, у тым ліку алергічнага, аналізаў, прышчэпачнага статусу, спадарожнага дыягназу, іншыя нюансы. Здараецца і так, што ў цэнтр прыязджаюць дзеці, якія не маюць дастатковых паказанняў для стацыянарнай рэабілітацыі. І гэта недапушчальна, бо сродкі на рэабілітацыю выдзяляе дзяржава, і яны павінны расходавацца эфектыўна.

Лічбы і методыкі

З дынамікай агульнай і пярвічнай дзіцячай інваліднасці ў Віцебскай вобласці за 2014—2018 гады прысутных азнаёміла намеснік галоўнага ўрача абласнога дзіцячага клінічнага цэнтра Ірына Чупік.

Сёння ў вобласці пражываюць 210 830 дзяцей, з іх з інваліднасцю — 3 417 (1,62%). На жаль, іх колькасць, як і пярвічны выхад на інваліднасць, павялічваецца, — расказвала Ірына Мікалаеўна. — У структуры пярвічнай інваліднасці на першым месцы знаходзяцца прыроджаныя анамаліі, на другім — псіхічныя расстройствы, трэцяе і чацвёртае папераменна дзеляць хваробы нервовай і эндакрыннай сістэм.

Ірына Чупік спынілася на шляхах зніжэння паказчыка інваліднасці, новых падыходах у рэабі­літацыі дзяцей, расказала, дзе яны могуць яе атрымліваць, а таксама пра дзейнасць і поспехі ўстановы, у якой працуе. Гаворка ішла і пра эфектыўнасць рэабілітацыі. У прыватнасці, летась інваліднасць цалкам знятая ў 193 чалавек, паляпшэнне назіраецца ў 1 190, адсутнічае — у 1 128, яшчэ дваім дзеткам неабходна паліятыўная дапамога.

Загадчыкі аддзяленняў рэабілітацыі «Ветразя» Алена Дунец, Іна Пода і Жанна Райчонак паведамілі пра структуру цэнтра, падрабязна спыніліся на сваіх профілях рэабілітацыі — псіханеўралагічным, траўматолага-артапедычным, пульманалагічным і кардыярэўматычным. 

Чалавечы фактар заўсёды галоўны

Яшчэ некалькі гадоў таму дзяцей з Віцебскай вобласці на такі этап рэабілітацыі, які зараз праводзіцца ў «Ветразі», накіроўвалі за яе межы. Разглядалася пытанне, каб пабудаваць такі цэнтр на Віцебшчыне з нуля. Але неабходнасць у гэтым адпала пасля таго, як Сяргей Петухоў выпрацаваў і ажыццявіў канцэпцыю развіцця ўстановы на існуючай базе. Тут створаны ўсе ўмовы для рэабілітацыі дзяцей, у тым ліку з цяжкімі артапедычнымі паталогіямі, дзіцячым цэрэбральным паралічом. Такую думку журналістам агучыла галоўны ўрач абласнога дзіцячага клі­нічнага цэнтра Галіна Пузанава.

— У цэнтры створана ўтульная атмасфера, на высокім узроўні бытавыя ўмовы, добразычлівы калектыў, — працягвала. — Выкарыстоўваюцца як традыцыйныя методыкі, так і новыя. Але самае галоўнае — гэта людзі, якія гэтымі методыкамі валодаюць, бо ні адно найсучаснейшае абсталяванне не прынясе плён без іх удзелу. Дзякуй калектыву і яго кіраўніку за тое, што ўкладваюць у працу душу.

Пасля тэарэтычнай часткі зноў адбылася экскурсія: знаёміліся з работай структурных падраз­дзяленняў, добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Завяршыўся семінар падвядзеннем вынікаў.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.