Военный в четвертом поколении — начальник пограничной заставы «Ярево» Ростислав Коломацкий

Важное Личности

— Арміі прысвяцілі свае жыцці пра­дзед і дзед. Іх дарогай пайшоў бацька, ваеннаслужачая мама. Таму пра іншую прафесію я і думаць не мог, — расказваў Расціслаў.

Ён закончыў Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і па размеркаванні трапіў на пагранзаставу «Лынтупы». Займаў пасаду зампаліта. Пра тое, што нясе службу добрасумленна, сведчаць Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта, камандавання часці, знакі «Выдатнік пагранічнай службы» I і II ступеняў. Такіх высокіх адзнак удастойваюцца нямногія. Па выніках работы за мінулы год старшы лейтэнант Каламацкі прызнаны найлепшым зампалітам Смаргонскай пагранічнай групы.

У снежні мінулага года Расціславу даверылі ўзначаліць пагранзаставу «Ярэва». Ён стаў адным з самых маладых начальнікаў пагранзастаў Смаргонскай пагранічнай групы. Карыстаецца аўтарытэтам у камандавання часці і кіраўніцтва раёна, актыўны ў грамадскім жыцці, асабліва ў дзейнасці раённай арганізацыі ГА «БРСМ». Пагранзастава шэфствуе над Курапольскай базавай школай. Ваеннаслужачыя арганізоўваюць для навучэнцаў паказальныя выступленні службовых сабак, гульні ў лазертаг, экскурсіі. У школе працуе гурток «Юны пагранічнік».

— Назначэнне прыняў з хваляваннем: у падпарадкаванні немалы калектыў, самастойна прый­дзецца прымаць адказныя рашэнні, — расказваў Расціслаў. — Дадавала ўпэўненасці тое, што зампалітам на заставе мой аднакурснік Андрэй Бака. Ён уводзіў у курс спраў на новым месцы, падстаўляе плячо і цяпер. Ахоў­ваць граніцу дапамагаюць мясцовыя жыхары — з імі ў нас добры кантакт.

Сітуацыі здараюцца розныя. Літаральна праз пару дзён пасля назначэння Расціслава на пасаду начальніка паступіў сігнал, што ў Мулярах прыкмецілі чужаземку. Нарад тэрмі­нова выехаў на месца. Дзяўчына аказалася грамадзянкай афрыканскай краіны Гана і спрабавала нелегальна трапіць у Еўрасаюз.

Сустракаюцца і парушальнікі пагранічнага рэжыму. На якія толькі хітрыкі яны не ідуць, каб абмінуць нарад. Пагранічнікі пільнасці не губляюць ніколі. Наперадзе II Еўрапейскія гульні, на якія іншаземцы прыедуць без віз. Хто ведае, ці ва ўсіх будзе добры намер. Ваеннаслужачыя пагранзаставы — высокакваліфікаваныя і адказныя. Фізічная загартоўка, псіхалагічная ўстойлівасць, назіральнасць, пільнасць, выдатная памяць, пастаянная гатоўнасць да дзеяння… Пералік якасцяў пагранічнікаў можна працягваць і далей. Надзейныя памочнікі ў іх службе — сабакі. Вось і мяне на заставе першай «прывітала» аўчарка па мянушцы Сторыс: падала голас, але з месца не зрушыла. І толькі калі пачула каманду Андрэя Волчанкі, паслухмяна стала выконваць яго загады.

— Старшы прапаршчык Волчанка — начальнік службы сабак. Сваю работу любіць, завочна вучыцца ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, — расказваў Расціслаў Каламацкі. — Трэба бачыць, як ён праводзіць урокі паслухмянства, трэніроўкі сабак.

Пагранічная застава — гэта маленькая сям’я, якая жыве па сваім распарадку. Асабовы склад пад кіраўніцтвам Расціслава Каламацкага з высокім пачуццём адказнасці кругласутачна нясе службу на замацаваным участку граніцы (ад Старчун да Відзаў). Выхад на ахову граніцы не адмяняецца ні па якіх прычынах.

Для пагранічніка вельмі важна мець надзейны сямейны тыл. Для Расціслава гэта жонка Наталля і двухгадовы сынок Кірыл, якія кожны дзень з нецярпеннем чакаюць яго са службы.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.