Волонтёры-поставчане ІІ Европейских игр делятся впечатлениями от участия в эстафете «Огонь мира»

Важное Спорт

Агонь сустракалі і пастаўчане

Агонь II Еўрапейскіх гульняў «Полымя міру», пераадолеўшы шмат тысяч кіламетраў ад Рыма па тэрыторыі сямі еўрапейскіх краін, прыбыў у Беларусь 12 мая. Яго ўрачыста сустракалі на беларуска-польскай граніцы ў міжнародным пункце пропуску «Варшаўскі мост».

У эстафеце прымаюць удзел не толькі алімпійскія чэмпіёны, вядомыя спартсмены, грамадскія дзеячы, музыканты, але і група валанцёраў з 10 чалавек. У іх ліку выпускнікі Навасёлкаўскай СШ Алег Пяткевіч (студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Максіма Танка) і СШ №2 Кірыл Дунец (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі). Іх роля, на першы погляд, здаецца непрыкметнай, але яны пастаянна на перадавой. Карэспандэнт «Пастаўскага краю» папрасіла падзяліцца ўражаннямі.

Алег Пяткевіч: «Я ўваходжу ў асноўную групу валанцёраў. Наша задача — рабіць усё для таго, каб факеланосцы і іншыя людзі, якіх суправаджаем, адчувалі сябе камфотна. Падчас цырымоніі запальвання факела быў побач з алімпійскай чэмпіёнкай у бегу на 100 метраў Юліяй Несцярэнка, якой выпаў гонар запаліць факел і даць старт эстафеце. Агонь пабываў у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой», яго пранеслі па цэнтральных вуліцах горада. У ролі факеланосцаў выступалі вядомыя беларусы. Сярод іх Георгій Калдун, Тэо, артысты Белдзяржцырка Багдан і Дзмітрый Казаковы і іншыя.

Тэлевядучая Белтэлерадыёкампаніі Вікторыя Сінкевіч у суправа­джэнні валанцёра Алега Пяткевіча

Затым сімвал II Еўрапейскіх гульняў прымаў Камянецкі раён. Права першай бегчы з факелам было прадастаўлена двухкратнай алімпійскай чэмпіёнцы па акадэмічнай грэблі Кацярыне Карстэн. Беларуска 20 гадоў жыве ў Германіі, але часта бывае і трэніруецца на радзіме. Ад Кацярыны эстафету прыняла тэлевядучая Белтэлерадыёкампаніі Вікторыя Сінкевіч, і яна была аб’ектам маёй адказнасці. Бег і спорт для журналісткі — стыль жыцця.

Факеланосцы забраліся на самую высокую кропку Камянца — больш чым 30-метровую вежу першай паловы XIII стагоддзя. Наступным этапам стала Белавежская пушча —  самы вялікі старажытны лес Цэнтральнай Еўропы. Па ім агонь везлі на экалагічна чыстым транспарце —  веласіпедзе, брычцы. Па казачных прасторах Нацыянальнага парка сімвалічны агонь несла маладая спявачка Ангеліна Піпер. Ля падножжа дуба-патрыярха, якому 600 гадоў, эстафету перадалі ў рукі заслужанага лесавода Беларусі Яўгенія Лукшы. А ў сядзібе беларускага Дзеда Мароза гасцей сустракаў сам гаспадар.

Наступным пунктам стаў Пінск: факеланосцы наведалі рачны вакзал, па рацэ Піне правезлі агонь на параходзе. 18 мая агонь завітаў у Гродзенскую вобласць. Спачатку прабег па Гродна, наведванне Каложскай царквы, пасля сплаву па Аўгустоўскім канале адправіліся ў Ваўкавыск. Мірскі і Навагрудскі замкі, Бярозаўка, Ліда, музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага, Троіцкі касцёл у Гервятах».

Кірыл Дунец: «Я працую ў скла­дзе рэгіянальнай групы. У той горад, куды павінны прынесці «Полымя міру» прыязджаем зага­дзя. Суправаджаем вядомых грамадскіх дзеячаў. У Брэсце я быў замацаваны за рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сяргеем Рэпкіным, у Пінску — за Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Славацкай Рэспублікі Йозафам Мігашам. Гэта эстафета — магчымасць паказаць гасцям Беларусі прыгажосць нашай зямлі і гасціннасць беларусаў, расказаць пра нашы гарады, мястэчкі, іншыя славутыя мясціны».

Сэлфі Кірыла Дунца з калегамі-валанцёрамі

23 мая эстафету прыме Віцебская вобласць. Маршрут праляжа праз абласны цэнтр і яго Успенскі сабор, летні амфітэатр, дом-музей Марка Шагала, плошчу Перамогі. «Полымя міру» загляне ў Полацк і Наваполацк, пабывае на Браслаўскіх азёрах і ў ландшафтным запаведніку «Ельня». Але ў Віцебскай вобласці будуць працаваць ужо іншыя валанцёры.  

На II Еўрапейскіх гульнях за­дзейнічаюць 8000 валанцёраў. Алег і Кірыл паспяхова прайшлі адбор. А ён быў прынцыповым. Хлопцы вызначаюцца камунікабельнасцю, энергічнасцю, адказнасцю, уменнем працаваць у камандзе і ў той час, калі трэба, прымаць самастойна пра­вільнае рашэнне, фізічна загартаваныя, ведаюць англійскую мову, прычым Алег асвоіў яе самастойна (у школе вывучаў нямецкую), маюць валанцёрскі вопыт.

Пачыналі з работы з пажылымі людзьмі, дзецьмі, хворымі на цэрабральны параліч, з іншымі катэгорыямі. І толькі праз пэўны час атрымалі допуск на спартыўныя спаборніцтвы. Былі задзейнічаны на адкрыцці стадыёна «Дынама», правя­дзенні розных спартыўных спаборніцтваў міжнароднага ўзроўню, сярод якіх чэмпіянаты па боксе,  самба, настольным тэні­се і іншыя. І ўсюды іх работа атрымлівала высокую ацэнку.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.