Жить мудро их обязывает фамилия… 9 лет назад Елена и Анатолий Мудрые переехали на Лынтупщину из Минска. И не пожалели!

Общество

Хіба ў вас не выклікае сімпатыі гэта пара на фотаздымку? А калі б вы яшчэ сустрэліся ды пагаварылі з Аленай Мікалаеўнай і Анатоліем Мікалаевічам Мудрымі, сімпатыя, несумненна, падвоілася б.

Яны — былыя мінчане. 9 гадоў назад перабраліся ў Рагонішкі — вёсачку на Лынтупшчыне, што ўсяго за некалькі кіламетраў ад Дзяржаўнай граніцы Беларусі з Літвой і за 200 — ад сталіцы.

— Што падштурхнула да прыняцця такога рашэння? — пытаюся.

— Я пра гэта задумалася перад выхадам на пенсію, — узгадвала Мікалаеўна. — Вяртаючыся з работы, кожны раз бачыла на лавачках ля пад’езда пенсіянерак, якія нічым іншым, як пустымі размовамі, не займаліся, і цвёрда вырашыла, што ніколі не далучуся да іх кампаніі. Бяздзейны лад жыцця не па мне. Прапанавала мужу купіць дом у вёсцы, дзе заўсёды знойдзецца справа. Толя падтрымаў задуму.

На той час у Мудрых кватаравала дзяўчына з Лынтупшчыны. Яна і павезла гаспадыню знаёміць са сваімі роднымі мясцінамі. Прыгледзелі дом, які прадаваўся ў Рагонішках, сфатаграфавалі яго і навакольныя пейзажы. І калі муж убачыў фота, адразу заявіў: «Я хачу жыць там». У 2010 годзе яны купілі той дом. Вядома ж, уклалі шмат працы і сродкаў, каб адрамантаваць, усё зрабіць на свой густ. Затое цяпер не могуць нацешыцца вясковымі ўладаннямі. Абзавяліся пасекай, трымаюць курэй, садзяць агароды, даглядаюць кветнікі.

Праўда, на першым часе сумавалі па Мінску, тым больш што там засталіся дзве іх дарослыя дачкі, а сын жыве ў Польшчы. Баяліся, што зусім адарвуцца ад грамадскага жыцця. Але ж у Лынтупах ёсць аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых людзей, у якім працуюць сапраўдныя энтузіясты і далучаюць да цікавых і карысных спраў і актыўнага адпачынку ўсіх, хто пажадае.

— Як жа нам падабаецца наведваць аддзяленне! — прызнавалася Алена Мікалаеўна. — Кожны раз атрымліваем там зарад пазітыву. Я люблю спяваць і танцаваць, навучылася рабіць многія падзелкі, асвойваем камп’ютар.

А загадчыца аддзялення Алена Валасевіч расказвала, наколькі актыўны ўдзел прымае ў яго рабоце сямейная пара: «Якое б мерапрыемства ні праводзілі, Алена Мікалаеўна і Анатолій Мікалаевіч — у першых радах. Удзельнічалі ва ўсіх святах, турыстычных злётах, двойчы сустракалі міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Яны ніколі не скажуць, што вельмі занятыя ці кепска сябе адчуваюць або па якой іншай прычыне не могуць прыехаць у Лынтупы (ад Рагонішак сюды 5 кіламетраў). Калі муж адлучаецца куды-небудзь на машыне, то Мікалаеўна ў любое надвор’е садзіцца на веласіпед. Абое займаюцца скандынаўскай хадзьбой.  А колькі лісічак яны назбіралі летась! Назапасілі не толькі сабе і дзецям, але і на нарыхтоўчы пункт здалі не адзін дзясятак кілаграмаў. Пабольш бы такіх працаўнікоў, актывістаў і жыццялюбаў!»

Мудрыя жывуць у гармоніі з прыродай, якая ў Рагонішках і наваколлі — заглядзенне, і ў еднасці з соцыумам. Непадалёк — Блакітныя азёры. «Прыязджайце да нас адпачываць, — гасцінна запрашаюць. — Лепшага месца не знайсці. Мы шчаслівыя, што зрабілі такі выбар».

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.