Знакомьтесь: Кевлич Павел, Ольга и их сын Вадим — победители районного конкурса БРСМ среди молодых деревенских семей «Лучшее сельское подворье»

Общество

У вёсцы больш прасторы

Знаёмцеся: Кеўліч Павел, Вольга і іх сынок Вадзім — пераможцы раённага конкурсу «Найлепшы сельскі падворак», які праводзіўся райкамам БРСМ сярод маладых вясковых сем’яў. Тата працуе вадзіцелем у ААТ «Камайскі-агра», мама — выхавальнікам у камайскім яслі-садку, гэтую ж установу дашкольнай адукацыі наведвае і чатырохгадовы Вадзім.

— Мы ахвотна прынялі ўдзел у конкурсе, бо ён не патрабаваў доўгай падрыхтоўкі, рэпетыцыі творчых нумароў. Дастаткова было прэзентаваць сябе і сваю гаспадарку з дапамогай фота- альбо відэаматэрыялаў. А паколькі мы вялі фоталетапіс абуладкавання дома і тэрыторыі вакол яго, нам было лёгка прадэманстраваць, як кажуць, «да» і «пасля», — расказвалі Кеўлічы. — Пра тое, што перамаглі, даведаліся падчас абвяшчэння вынікаў і ўзнагароджання ўдзельнікаў. Неверагодна ўзрадаваліся і першаму месцу, і падарунку — набору найсмачнейшых сыроў Пастаўскага малаказавода.

Сям’я жыве ў Камаях. Ва ўласны дом пераехала адразу пасля вяселля — яго маладажонам падарыла бабуля Паўла, а пабудаваў у 1975 годзе дзядуля. І вось ужо шосты год муж і жонка самастойна займаюцца яго рамонтам і перапланіроўкай. Спачатку абмяркоўваюць, аналізуюць, робяць чарцяжы, а ўжо потым прыступаюць да актыўных дзеянняў. Зрабілі паравое ацяпленне, абсталявалі санвузел, цалкам змянілі планіроўку, разбурылі печы, памянялі столь, паклеілі шпалеры. Адзінае, што зроблена не іх рукамі, — гэта вокны.

— Рамонт рухаецца марудна, але радуе тое, што ўсё робіцца з душой, — працягвалі. — Заклалі новы пладовы сад. Ёсць у ім і яблыні, і грушы, і грэцкі арэх, і слівы. А ў палісадніку і на агародзе з ранняй вясны і да позняй восені разам з гароднінай раскашуюць кветкі. Першымі свае пялёсткі ласкаваму сонейку падстаўляюць пралескі, крокусы і нарцысы, паступова іх змяняюць півоні, львіны зеў, астры, іншыя. Любоў да кветак Вользе прывіла мама. Прычым маладую гаспадыню вабіць не толькі працэс іх вырошчвання, але і складання букетаў, якія потым раздае знаёмым і сябрам — усім, хто просіць. На лінейках, прысвечаных першаму і апошняму званку, любуецца створанай ёй прыгажосцю, якую трымаюць у руках школьнікі.

Яшчэ Вольга захапляецца вязаннем адзення і цацак, стварэннем выцінанак. Стыхія Паўла — рамонт, электрыка і механіка. Ну а разам сям’я любіць вандраваць, адпачываць на прыродзе, прымаць гасцей. Выязджаючы ў сталіцу і іншыя буйныя гарады, прытрымліваюцца «культурнага» маршруту, а не паходаў па магазінах. Па вечарах любяць гуляць усе разам па вёсцы, катацца на веласіпедах у яе ваколіцах.

— Лічым, што мы не ўшчэмленыя ў параўнанні з гарадскімі жыхарамі, — гавораць Павел і Вольга. — У нашай вёсцы ёсць усё неабходнае для жыцця, абы нічога не зачынялася. А якая прырода і прастора вакол!

Вераніка Філановіч
Фота з сямейнага архіва Кеўлічаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.