15 июня в Поставском государственном колледже стартует вступительная кампания. Какие профессии здесь можно освоить?

Образование

Рыхтуем добрых спецыялістаў і людзей

Нядаўна ў школах, ліцэях, гімназіях краіны празвінеў апошні званок. Завяршыўся чарговы вучэбны год. А неўзабаве пачнецца ўступная кампанія ў ССНУ. Пра яе асаблівасці ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава гутарыць з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Наталляй Шылько.

— Наталля Аляксандраўна, калі каледж пачынае прымаць абітурыентаў? Каго і на якія формы навучання ён чакае?
— Уступная кампанія ў нас стартуе 15 чэрвеня. З гэтага дня мы набіраем маладых людзей на атрыманне рабочых кваліфікацый узроўню прафесійна-тэхнічнай адукацыі. А з 20 чысла бу­дзем весці набор абітурыентаў, якія жадаюць атрымаць сярэднеспецыяльную адукацыю. Прымаем выпускнікоў базавых і сярэдніх школ, а таксама прафтэхвучылішчаў. Яны могуць паступаць да нас як на дзённую, так і на вячэрнюю або завочную формы навучання.

— На якія спецыяльнасці будзе весціся прыём?
— Як ужо гаварыла вышэй, у нас існуе двухузроўневая падрыхтоўка. На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі на базе 9 класаў набіраем дзве вучэбныя групы па 25 чалавек у кожнай. Гэта тэхнікі-механікі па спецыяльнасці «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў» з тэрмінам навучання 3 гады 10 месяцаў і повары 5 разраду па спецыяльнасці «Грамадскае харчаванне». Набор на апошнюю спецыяльнасць на ўзровень ССА для выпускнікоў базавых школ адкрыты ўпершыню. Раней мы набіралі дзяцей на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, на працягу 3 гадоў рыхтавалі з іх повараў 3-4 разраду, затым навучэнцы праходзілі гутарку і паступалі да нас на ўзровень ССА, дзе вучыліся яшчэ 1 год і 9 месяцаў. У цэлым тэрмін навучання складаў 4 гады 9 месяцаў. Цяпер будучыя спецыялісты грамадскага харчавання будуць вучыцца толькі 3 гады 8 месяцаў. За гэты час, акрамя кваліфікацыі «Повар» 5 разраду, яны атрымаюць яшчэ і кваліфікацыю «Афіцыянт» 3 разраду.

На аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі на базе кваліфікацыі «Слесар па рамонце аўтамабіляў», як і раней, будзе вес­ціся набор у групу тэхнікаў-механікаў. Яшчэ адну такую ж групу збіраемся падрыхтаваць на завочнай (платнай) форме навучання.

Што датычыць узроўню прафтэхадукацыі, дзяўчатам пасля 9 класаў сёлета мы нічога не прапануем. Набіраем толькі дзве групы хлопцаў — выпускнікоў базавых школ. У адной з іх будзем рыхтаваць слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыстаў-машыністаў катэгорый «А», «В», «D» і вадзіцеляў аўтамабіля катэгорыі «С». У другой — вадзіцеляў аўтамабіля катэгорыі «С», слесараў па рамонце аўтамабіляў і электразваршчыкаў ручной зваркі. На базе гэтай групы ў далейшым думаем сфарміраваць групу тэхнікаў-механікаў тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў з атрыманнем сярэднеспецыяльнай адукацыі.

На базе 11 класаў будзе створана група слесараў па рамонце аўтамабіляў і вадзіцеляў аўтамабіля катэгорыі «С». Яна таксама набіраецца для падрыхтоўкі па скарочанай форме навучання. Плануем, што гэтыя хлопцы прыйдуць да нас з мэтай атрымаць спецыяльнасць тэхніка-механіка, паступіўшы праз год на ўзровень ССА. Разам з дзённай будзем весці і вячэрнюю падрыхтоўку выпускнікоў сярэдніх школ. Набіраем адну вучэбную групу слесараў па рамонце аўтамабіляў і адну — повараў 3 разраду па 15 чалавек у кожнай. Акрамя таго, Пастаўскі ТЦСАН папрасіў падрыхтаваць для яго групу сацыяльных работнікаў (15 чалавек). Яны будуць вучыцца завочна. 

Таксама ў новым навучальным годзе 10- і 11-класнікі школ, якія не вучацца ў профільных класах, у рамках школьнага прадмета «Працоўнае навучанне» будуць атрымліваць у нас прафесіі «Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання» 2 разраду (хлопцы) і «Агароднік» (дзяўчаты). Займацца яны будуць па суботах 4 гадзіны і яшчэ 2 гадзіны ў адзін з рабочых дзён. Пасля заканчэння школы выставім ім адзнакі за працоўнае навучанне ў атэстат і выдадзім пасведчанні аб прысваенні кваліфікацыйнага разраду па прафесіі.

— І ўсё ж вернемся да ўступнай кампаніі. Якія спецыяльнасці найбольш запатрабаваныя ў выпускнікоў школ? Дзе самы высокі конкурс?
— Летась у нас было 12 мэтавых дагавораў на падрыхтоўку тэхнікаў-механікаў тэхнічнай эксплуатацыі аўтамабіляў. Безумоўна, гэта стварыла конкурс. Заўсёды высокія прахадныя балы сярод абітурыентаў, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі. Таксама год назад высокі бал паказалі юнакі, якія ішлі на спецыяльнасць «Слесар па рамонце аўтамабіляў». Гэта прафесія вельмі цікавіць маладых лю­дзей, таму што дазваляе атрымаць рабочую спецыяльнасць, затым — сярэднеспецыяльную адукацыю, а ў далейшым паступіць у Полацкі дзяржаўны або Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт адразу на 3 курс па выніках гутаркі па вучэбных дысцыплінах «Інжынерная графіка» і «Матэрыялазнаўства». Спадзяёмся, што і 9-класнікі, не толькі дзяўчаты, але і хлопцы, зацікавяцца новай для іх спецыяльнасцю «Повар» 5 разраду.

— Асноўную частку навучэнцаў каледжа складае мясцовая моладзь. Але ў вас нямала і прадстаўнікоў іншых гарадоў і раёнаў.
— Так, прыезджых каля 37 працэнтаў. Гэта жыхары Шаркаўшчынскага, Браслаўскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Мядзельскага раёнаў. У апошні час у сувязі з тым, што адкрыта сярэднеспецыяльная падрыхтоўка, паступаюць нават з Мінска, Астраўца, Валожына, Магілёва. Наш дырэктар Сяргей Герасі­менка вельмі ўважліва падыходзіць да пытання падвозу навучэнцаў. Сёлета каледж набыў для гэтых мэт новы аўтобус. У пятніцу вечарам мы адвозім моладзь з суседніх раёнаў дамоў, а ў паня­дзелак раніцай забіраем назад. На гэтым нічога не зарабляем, цана білета звязана толькі з расходам паліва.

Папулярнасць каледжа тлумачыцца таксама тым, што ў нас інтэрнат блочнага тыпу, прадумана сістэма харчавання навучэнцаў. Сёння сняданак, абед і вячэра ў нашай сталовай каштуюць усяго 5 рублёў, бо мы самі вырошчваем большасць агародніны. Усе навучэнцы, якія займаюцца на ўзроўні сярэднеспецыяльнай адукацыі, харчуюцца за сваю стыпендыю і могуць аплаціць з яе інтэрнат. Гэта вялікая падмога для бюджэтаў іх бацькоў.

Акрамя таго, мы маем добрых выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, пра што сведчаць нашы перамогі на розных конкурсах прафмайстэрства. Пастаўскі каледж па-ранейшаму лідзіруе ў Віцебскай вобласці па паспяховасці навучэнцаў і паступленні іх у ВНУ і ССНУ. Студэнтамі вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў становяцца 28 працэнтаў ад усіх нашых выпускнікоў. Прычым многія з іх паступаюць на завочнае аддзяленне, каб вучыцца і працаваць.

— Наталля Аляксандраўна, якія дакументы і ў якія тэрміны павінны падаць у прыёмную камісію абітурыенты, вырашыўшы стаць навучэнцамі Пастаўскага дзяржаўнага каледжа?
— Пералік усіх дакументаў — а іх даволі шмат, таму называць кожны не буду — змешчаны на нашым сайце gptk@mail.ru Там жа ўказаны тэрміны падачы і залічэння, умовы конкурснага адбору, адрас каледжа, час работы і нумары тэлефонаў прыёмнай камісіі. Ужо каля двух тыдняў на іх тэлефануе шмат бацькоў, у тым ліку з Мінска, чые дзеці жадаюць тут вучыцца. Па іх словах, у нас вельмі ўважлівыя, цярпімыя і паважлівыя адносіны да навучэнцаў. Гэтым мы славімся. Заўважу, што ўвесь комплекс выхаваўчых мер, які акружае хлопцаў і дзяўчат, калі яны прыходзяць да нас, — ад пад’ёму да адбою — з’яўляецца прадуманай усім калектывам сістэмай, у якой задзейнічаны кожны педагог — ад майстра вытворчага навучання да выкладчыка і выхавальніка ў інтэрнаце. Таму, калі бацькі давераць нам дзіця, мы зробім з яго не толькі добрага спецыяліста, але і добрага чалавека.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.