20 десятиклассников Поставской СШ №1 работают в лагере труда и отдыха «Юность»

Образование

І адпачыць, і зарабіць

Лета для школьнікаў — пара канікулаў і адпачынку. Але пакуль адны бавяць час з сябрамі ў дварах, у вёсках у бабуль і дзядуляў або ў аздараўленчых лагерах, іншыя рыхтуюць свае навучальныя ўстановы да новага вучэбнага года. Менавіта гэтым займаюцца зараз 20 дзесяцікласнікаў пастаўскай СШ №1 у лагеры працы і адпачынку «Юнацтва».

Такі лагер разгортваецца на базе першай школы штогод, і жадаючых тра­піць у яго заўсёды шмат. Але для многіх навучэнцаў перашкодай становіцца ўзрост: прымаюць толькі тых, каму споўнілася 16 гадоў. Сёлета ў «Юнацтва» змаглі запісацца 12 юнакоў і 8 дзяўчат.

— Вялікая колькасць хлопцаў нам вельмі дарэчы, — гаварыла начальнік лагера Наталія Асадчая. — Ёсць нямала работы, дзе патрэбна мужчынская сіла. Напрыклад, вынесці парты з класаў, перасунуць шафы, перанесці абсталяванне і інш.

Пакуль хлопцы рабілі гэта, дзяўчаты рыхтавалі класы да фарбавання: мылі сцены, батарэі ацяплення, падаконнікі, падлогу, падклейвалі шпалеры. Калі я наведалася ў школу, старшакласнікі былі занятыя мыццём дываноў з кабінетаў і фарбаваннем крэслаў. Частка хлопчыкаў падкручвала ў мэблі балты. Яшчэ некалькі чалавек дапамагалі настаўнікам фізвыхавання перанесці спартыўны інвентар у асобнае памяшканне. Таксама старшакласнікі дапамагаюць бібліятэкарам у бібліятэчным фондзе, сочаць за прышкольнай тэрыторыяй: наводзяць там парадак, кожную раніцу аглядаюць на прадмет колючых і рэжучых прадметаў. Наперадзе — фарбаванне падлогі ў калідорах і вучэбных кабінетах і касметычны рамонт у будынку пачатковай школы.

Сваімі памочнікамі педагогі вельмі задаволены. Кажуць, што працуюць навучэнцы выдатна: дысцыпліну не парушаюць, ад работы не адлыньваюць, выконваюць яе якасна. У школу маладыя людзі прыходзяць у 8.30. Дзень пачынаецца з зарадкі, затым сняданак і пяціхвілінная гутарка на тэму здаровага ладу жыцця. Да работы прыступаюць прыкладна ў 9.30. Пасля кожнай гадзіны працы прадугледжаны невялічкія перапынкі. У 13.00 абед, а пасля яго час на актыўны адпачынак. Ён уключае ў сябе выпуск насценгазеты, у якой расказваецца пра найбольш яркія моманты з жыцця лагера, гутаркі з псіхолагам, інтэлектуальныя гульні, КВЗ, розныя спартыўныя мерапрыемствы, якія арганізуюць выхавальнікі і настаўнікі фізкультуры.

Дамоў школьнікі адыходзяць у 15 гадзін пасля падвячорка. Як і ўсе дзеці, у лагеры яны харчуюцца бясплатна, так што ўсе заробленыя грошы змогуць атрымаць у поўным аб’ёме (іх пералі­чыць у Беларусбанк упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама). На што патрацяць сваю першую зарплату, старша­класнікі пакуль не вырашылі. Многія збіраюцца прадоўжыць працоўны семестр на прадпрыемствах раёна.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.