29 мая в СШ №1 подвели итоги школьного этапа республиканской акции «Белгосстрах — детям»

Общество

Белдзяржстрах ва ўяўленні дзяцей

29 мая ў СШ №1 адбылося падвядзенне вынікаў школьнага этапа рэспубліканскай акцыі «Белдзяржстрах — дзецям».

У скарбонцы Белдзяржстраху шмат рэалізаваных дабрачынных і сацыяльна-культурных праектаў, адзін з іх — акцыя «Белдзяржстрах — дзецям». Страхавая кампанія праводзіць яе сумесна з Міністэрствам адукацыі Беларусі штогод. Арганізатары прапануюць дзецям і падлеткам у творчай форме адлюстраваць сваё бачанне дзейнасці кампаніі. Мэта акцыі — звярнуць увагу грамадства на неабходнасць клапаціцца пра здароўе і бяспеку дзяцей.

Навучэнцы СШ №1 прынялі актыўны ўдзел у акцыі. Пра гэта сведчыла выстава ў школе, якая аб’яднала плён іх творчасці. Уручыць падарункі аўтарам самых прыгожых і крэатыўных работ у школу прыйшлі прадстаўнікі філіяла Белдзяржстраху па Віцебскай вобласці: дырэктар Мікалай Баран, начальнік аддзела медыцынскага страхавання Юлія Чабатарова, дырэктар прадстаўніцтва па Пастаўскім раёне Грыгорый Шэцка, а таксама начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Кашырын.

— Усе без выключэння арыгінальна падышлі да асвятлення тэматыкі страхавання, даведалі­ся шмат новага і карыснага для сябе. Таму кожны з вас — пераможца, — гаварыў аўдыторыі Мікалай Баран. — Жадаю, каб уласцівыя дзецям аптымізм, запал і актыўнасць спадарожні­чалі вам падчас канікул. Няхай яны пройдуць без здарэнняў. Ну а калі адпачынак усё ж такі бу­дзе нечым азмрочаны, ведайце: Белдзяржстрах заўсёды прыйдзе на дапамогу.

Пераможцамі ў намінацыі «Малюнак» сталі Яна Крыстуцыс (2 «Б» клас), Павел Дуброўскі (2 «В»), Ігнат Цымбалюк (3 «А»), Павел Прыстаўка (3 «Б»), Кірыл Маслоўскі (3 «В»), Марыя Крукоўская (3 «Г») і калектыўная работа 7 «Г» класа (класны кіраўнік — Святлана Трубач). У намінацыі «Ліс­тоўка, плакат» найлепшай прызнана калектыўная работа 6 «Б» (класны кіраўнік — Святлана Савіцкая), у намінацыі «Дэкаратыўная работа» — Мацвей Лысёнак (2 «В»), у намінацыі   «Прэзентацыя, відэаролік» — калектыўная работа навучэнцаў 6—8 класаў (настаўнік інфарматыкі — Георгій Несцяровіч), у намінацыі «Слоган» — калектыўная работа 10 «А» (класны кіраўнік — Таццяна Пархімовіч). Творчы падыход дазволіў адзінаццацікласніцы Дар’і Дзеўгуць стаць пераможцай адразу ў дзвюх намінацыях — «Лістоўка, плакат» і «Прэзентацыя, відэаролік».

Таксама падарункамі былі адзначаны класныя кіраўнікі, чые навучэнцы прынялі самы актыўны ўдзел у акцыі. Гэта Таццяна Лапыр (2 «В»), Лілія Цішаловіч (3 «Б»), Алена Плясава (3 «В») і Алена Казакова (3 «Г»). За садзейнічанне ў правядзенні акцыі заахвочаны Аляксандр Кашырын, а дырэктар школы Павел Трава атрымаў ад Бел­дзяржстраху сертыфікат на набыццё экрана, відэапраектара і двух ноўтбукаў для навучальнай установы. Не засталіся без сувеніраў і госці. Увесь час, пакуль ішло ўзнагароджанне, апладысменты ў глядзельнай зале не змаўкалі ні на секунду. Гэтак жа шчыра прысутныя віталі выступленні пераможцаў фестывалю школьных талентаў Ганны Колесень, Мікіты Радчанкі і Эвеліны Ожэль, прызёраў раённага агляду-конкурсу «Шануйце спадчыну сваю» — групу навучэнцаў пачатковай школы, пераможцу абласнога этапа агляду-конкурсу дзіцячай творчасці «Прывітанне, мір!» — Арсенія Леўшына.

Напрыканцы мерапрыемства Аляксандр Кашырын падзякаваў страхавой кампаніі за падарункі і тую ўвагу, якую яна аказала школе, павіншаваў дзяцей з надыходам летніх канікул.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.