7 стран, более 400 гостей. В Поставах прошёл ХХХ Международный фестиваль народной музыки «Звіняць цымбалы і гармонік»

Главное Культура

Узнёслае, творчае, спеўнае свята адбылося ў Паставах 7—9 чэрвеня. 

На гэты раз яно было асаблівым — юбілей адзначаў і горад, і фестываль.

На ХХХ Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» з’ехаліся больш за 400 гасцей з Беларусі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Эстоніі. Самабытнае хараство і непаўторнасць нацыянальных культур, нібы асобныя яркія колеры, спляліся ў прыгожую вясёлку, утварыўшы своеасаблівы мост сяброўства паміж народамі.

На працягу трох дзён на розныя галасы спявалі шматлікія творчыя пляцоўкі: адбыліся традыцыйны конкурс калектываў і асобных выканаўцаў на народных інструментах «Хто каго?», тэатралізаванае прадстаўленне «Музыка беларускіх палацаў і сядзіб», выступленні замежных творчых калектываў у аграгарадках раёна, літаратурна-музычнае свята «І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай», творчая лабараторыя «Фальклорны ансамбль «Паазер’е». Гіс­торыя і сучаснасць», канцэрты беларускай і класічнай музыкі, ваенна-духавога аркестра, вучняў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Быццам залы мастацкай галерэі, сустракалі выстава «Скарбонка народных талентаў» і экспазіцыя, прысвечаная 30-годдзю фестывалю. Юбілею горада прысвячаліся і ўрачысты сход, навукова-практычная канферэнцыя, адкрыццё краязнаўчай бібліятэкі і мемарыяльнай дошкі ў гонар ура­джэнца Пастаўшчыны — вядомага беларускага і польскага кампазітара, дырыжора і педагога Станіслава Казуры.

Суцэльным колам акружылі плошчу Леніна ў райцэнтры выстава-продаж «Горад майстроў» і атракцыёны для дзяцей. Тут жа праходзіў агляд-конкурс сельскіх падворкаў «Пастаўшчына гасцінная», прысвечаны Году малой ра­дзімы. Як заўсёды, вяскоўцы здзіўлялі гасцей арыгінальным афармленнем тэрыторыі, забаўляльнай праграмай, частавалі смачнымі стравамі. Падворкі «абдымалі» крыламі буслы, шумеў бярозавы гай, пасвіліся каровы, гуляў мядзведзь, каласілася жыта, квіт­нелі васількі, змяняліся поры года. Гасцінна сустракаў жывы «стол», забаўляў ансамль лыжкароў і лялечны тэатр, у танцы кружылася Баба Яга і нават працавала лазня — словам, у каго на што хапіла фантазіі. Больш за астатніх членаў журы ўразіў творчы падыход Ярэўскага сельскага Савета (старшыня — Павел Скрыдлеўскі), якому і прысу­джана першае месца.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў суботу вечарам святочнай праграмай «З юбілеем, родны горад!». Распачало яе відовішчнае выступленне народнага ансамбля танца «На ростанях» Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў пад акампанемент народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Шчодрыца» Мінскага гарадскога палаца культуры.

— Фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» увасабляе культурнае і духоўнае адзінства, сяброўства і ўзаемаразуменне паміж народамі, — адзначыў, вітаючы ўдзельнікаў форуму народнай музыкі старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік. — За час свайго існавання ён набыў шмат прыхільнікаў, і гэта вялікая ўдача для творчага праекта. Прадстаўнічасць святу надае шырокае кола творчых калектываў і аўтарытэтнае журы на чале з народным артыстам Беларусі Міхаілам Казінцом. Фестываль мае шмат цікавых традыцый, якія ўвесь час дапаўняюцца новым фарматам, дазваляючы святу ўдасканальвацца і набіраць новыя вяршыні.

На тым, што наш фестываль прывабны сваёй кансерватыўнасцю, уласцівай народнай творчасці, засяродзіў увагу старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Ця­рэнцьеў:

— Менавіта ў кансерватызме і заключаецца наватарства, бо, захаваўшы свой стрыжань, фестываль развіваецца. І што надзвычай важна — заўсёды прыносіць новыя незабыўныя эмоцыі.

За значны ўклад у развіццё аматарскай фальклорнай творчасці Уладзімір Уладзіміравіч узнагароджаны падчас свята падзякай Саюза фалькларыстаў.

Шчырымі апладысментамі віталі гледачы ганаровых гасцей, журы конкурсу, творчыя калектывы і афіцыйныя дэлегацыі. За нязменнымі атрыбутамі свята — абрадам кумлення, узняццем Дзяржаўных флагаў у гонар замежных гасцей і ў знак сяброўства паміж краінамі, павязваннем фестывальных шалікаў — за некалькі імгненняў пранеслася векавая гісторыя Пастаў. Старажытных насельнікаў мястэчка змяніў знатны род Тызенгаўзаў, абаронцаў Айчыны ўсіх часоў — шэсце найлепшых прадстаўнікоў працоўных калектываў. Завяршылі парад спартыўныя і цыркавыя зорачкі раёна.

Прыемныя хвіліны ад сустрэчы з сапраўдным мастацтвам падаравала музычна-тэатралізаванае прадстаўленне «Пастаўскі баль». Хараством і непадабенствам сваіх выступленняў яго расквецілі айчынныя калектывы «Паазер’е» (Паставы), «Народныя музыкі» (Брэсцкая вобласць), «Рамантык Арт» (Гро­дзенская вобласць), «Стрэчанне» (Гомельская вобласць), «Світанак» (Магілёўская вобласць), «Лебедзеўскія выкрутасы» (Маладзечанскі раён), «Шчодрыца» (Мінск), аркестр баянаў і акардэонаў Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа. З народнай творчасцю замежных краін пазнаёмілі ансамбль літоўскай народнай музыкі «Музыкі Купішскага краю», ансамбль грузінскага танца «Сонечная Грузія», калектыў народнага танца «Варэнне з журавін» (Эстонія), музычная капэла «Рэтра» (Польшча), ансамбль «Носканя» і харавая група «Віесітэ» (Латвія), народны ансамбль рускай песні «Масковія» (Расія).

Такі мікс нацыянальных культур «падаецца» на Пастаўскім балі штогод — за час існавання ўдзел у фестывалі прынялі больш за 600 творчых калектываў з 20 краін свету. Многія захавальнікі самабытнай спадчыны прыязджаюць да нас не ўпершыню. У тым ліку і замежныя госці. Напрыклад, калектыў з Эстоніі завітаў на музычнае свята ў другі раз.

— Наш калектыў — аматарскі. У паўсядзённым жыцці мы — горныя інжынеры, настаўнікі, выхавальнікі, бізнесмены, і ўсе без выключэння — сямейныя пары. Праект пачаўся з таго, што мы развучылі два народныя танцы, каб падтрымаць сваіх дзяцей-гімназістаў, якія займаюцца харэаграфіяй, і выступіць, як і яны, на гарадскім мерапрыемстве, прысвечаным традыцыйнай культуры. І нас гэта настолькі захапіла, што разысціся ўжо не змаглі: сёлета нашаму калектыву споўніцца 10 гадоў, — расказваў Андрэ Людэ. — Фестываль вабіць прыемнай атмасферай, непаўторнасцю нацыянальных культур. На гэты раз парадаваў шыкоўным надвор’ем. Можна сказаць, што ў гэтым годзе мы ўпершыню грэліся на сонейку, бо на нашай Радзіме лета яшчэ не прыйшло.

З надыходам прыцемак мастацтвам дзей з жывым агнём гледачоў зачараваў святочны рэактар «Атома». Утаймавальнікі агню здзівілі эфектным валоданнем піратэхнічным, вугальным і святлодыёдным рэквізітам. Маладзёжныя ноткі ў гучанне фестывалю ўнёс канцэрт групы «PROвакацыя», якой, прытанцоўваючы, усе дружна падпявалі. Завяршылася баляванне феерверкам і забаўляльнай праграмай для моладзі з удзелам лепшых дзіджэяў вобласці.

У нядзелю «ўсім мірам» ­удзельнікі і госці фестывалю накіраваліся ўрачыстым шэсцем у гарадскі парк, дзе адбыўся заключны гала-канцэрт. Артыстаў і знаўцаў народнай музыкі сустрэў абноўлены летні амфітэатр — разам з іншымі аб’ектамі райцэнтра ён быў дасканала падрыхтаваны да сустрэчы доўгачаканых гасцей. Тым, хто ўнёс важкі ўклад у развіццё фестывальнага руху, кіраўнік раёна ўручыў Падзячныя лісты, Па­дзякі і Ганаровыя граматы райвыканкама. А першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская ўручыла ўзнагароды ведамства старшыні райвыканкама Сяргею Чэпіку, яго намесніку Юрыю Кісялёву, начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галіне Чаплінскай, члену народнага клуба «Майстры» Ліліі Зарэцкай і мастацкаму кіраўніку раённага Дома культуры Алене Слядзеўскай.

Завяршылася трохдзённае свята ўзнагароджаннем пераможцаў конкурсу «Хто каго?». За папулярызацыю народнага мастацтва, захаванне і развіццё музычных традыцый спецыяльным дыпломам фестывалю «Лаўрэат І ступені» ў намінацыі «Настаўнік—вучань» узнагароджаны вучні Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза Дар’я Гучык (выкладчык па класе цымбалаў — Галіна Барысюк) і Аляксандр Іжмайловіч (выкладчык па класе баяна — Святлана Пусько), у намінацыі «Індывідуальны выканаўца» — студэнтка Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Ганна Мацвейка, а ў намінацыі «Ансамбль» — народны аматарскі ансамбль народнай музыкі і песні «Стрэчанне», ансамбль літоўскай народнай музыкі «Музыкі Купішскага краю» і народны ансамбль народнай песні і музыкі «Шчодрыца».

У чарговы раз пастаўчане развіталіся з «цымбаламі» (так скарочана называюць у народзе фестываль), каб у наступным годзе зноў наталіцца мілагучнасцю песень, напеваў і мелодый сваёй і іншых краін.

Вераніка Філановіч
Фота Веранікі Філановіч і Сяргея Вшыўкава

Відэа Наталлі Налей

Больше фото и видео в наших группах в соцсетях: 

Одноклассники 

ВКонтакте



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.