5 криминальных новостей Поставщины, о которых вы не знали

Правовое поле

Разбойнікі з вялікай дарогі

10 мая пад вечар у пералеску паблізу ААТ «Пастаўскі льнозавод» на 48-гадовую жыхарку вуліцы Заводскай напалі двое грабежнікаў. Утрымліваючы жанчыну за тулава, яны забралі з яе кашалька 40 рублёў, а з кішэні штаноў — мабільны тэлефон коштам 170 рублёў. Злачынцамі аказаліся жыхары вуліцы Зялёнай 1970 і 1975 гадоў нара­джэння. Абодва нідзе не працуюць, а адзін з іх яшчэ і мае судзімасць. Узбуджана крымінальная справа.

Крымінальны дуэт

Серыю крадзяжоў здзейснілі ў маі 37-гадовы жыхар аграгарадка Кураполле і яго 44-гадовы знаёмы з г.п. Відзы Браслаўскага раёна. Маючы за плячыма судзімасці, названыя вышэй грамадзяне спачатку абчысцілі два дачныя дамы ў вёсцы Лескава, якія належаць пастаўчанам. З аднаго вынеслі самавар, алюмініевую біклагу аб’ёмам 38 літраў і будаўнічую кельму, з другога — стацыянарны тэлефон, нажніцы, цюбік зубной пасты, два зарадныя ўстройствы для тэлефонаў, прас, кавалак проваду і пераноску. Затым крымінальны дуэт забраўся ў гараж да жыхара Кураполля і ўкраў набор інструментаў Force.

Зараз зладзеі знаходзяцца пад вартай, у адносінах да іх узбуджаны крымінальныя справы. Большасць укра­дзенага канфіскавана.

Узяліся за старое

У жыхара вуліцы М. Багдановіча ў райцэнтры з тэрыторыі каля будынка сталярнай майстэрні прапаў металалом на суму 134 рублі. Як устанавілі міліцыянеры, укралі яго двое пастаўчан, якія пражываюць па вуліцы 17 Верасня ў суседніх дамах. Нягледзячы на малады ўзрост — аднаму злодзею 30 гадоў, а другому — 36, абодва раней ужо былі асуджаныя. Цяпер маладыя людзі зноў адправяцца за краты.

Распусцілі рукі

20 мая пракурорам раёна ўзбуджана крымінальная справа ў адносінах да 33-гадовага пастаўчаніна з вуліцы Крупскай. Знаходзячыся ў нецвярозым стане, падчас канфлікту з сужыцелькай ён наўмысна прычыніў ёй цялесныя пашкоджанні — нанёс кулаком каля трох удараў у галаву і столькі ж у грудзі.

Паўстане перад судом і 66-гадовы жыхар вёскі Чаранкі, які ў стане алкагольнага ап’янення на глебе асабістых непрыязных адносін пагражаў забойствам 87-гадовай пенсіянерцы з Касцянёў. Па словах бабулі, якія пацвердзіла праведзеная міліцыянерамі праверка, у час сваркі абвінавачваны сціскаў яе шыю хусткай.

З хуліганскіх намераў

Ад грамадскіх работ да пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў пагражае 33-гадоваму пастаўчаніну з вуліцы Палявой. У адзін з майскіх вечароў каля магазіна «Хіт-экспрэс», што па вуліцы Зялёнай, ён беспрычынна, з хуліганскіх намераў ударыў па назе пенсіянерку з Варапаева. Жанчына гэтага не сцярпела і звярнулася ў міліцыю, супрацоўнікі якой узбудзілі супраць хулігана крымінальную справу.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.