Аномальная жара на прошлой неделе испытывала поставчан на прочность. Побит температурный рекорд июня: выше +30 градусов на термометре

Важное Общество

Стомленыя сонцам

Анамальная спякота, якая ўсталявалася на мінулым тыдні, выпрабоўвала пастаўчан на трываласць, зрэшты, як і ўсіх беларусаў: слупок тэрмометра па краіне перасягнуў метку +30 градусаў, пабіты тэмпературныя рэкорды чэрвеня.

Здавалася, што паветра «дыхае» жарам. Працаваць у такіх умовах было невыносна нават тым, хто знаходзіўся ў памяшканнях, абсталяваных вентылятарамі, дзе ёсць прамы доступ да вады. Цяжэй за астатніх прыйшлося работнікам, якія працуюць на адкрытым паветры альбо ў памяшканнях з павышанай тэмпературай.

Пры анамальна гарачым надвор’і з тэмпературным фонам, значна вышэйшым за кліматычную норму, пагаршаецца самаадчуванне работнікаў, паніжаецца працаздольнасць, з’яўляецца стомленасць, узнікаюць сімптомы цеплавога ўдару. Каб пазбегнуць непажаданых наступстваў спёкі, ва ўсе ўстановы, арганізацыі і на прадпрыемствы раёна накіраваны лісты рэкамендацыйнага характару аб дадатковых мерах па забеспячэнні камфортных умоў працы.

Зрэшты, некаторыя кіраўнікі змянілі рэжым працоўнага часу падначаленых. У прыватнасці, рабочы дзень брыгады цесляроў ДКУАСП «Рассвет Пастаўскі», якая задзейнічана на будоўлі спальнага корпусу на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі», з пачатку чэрвеня пачынаецца на тры гадзіны раней — у 5 раніцы. На мінулым тыдні на аналагічны рэжым работы перайшлі тынкоўшчыкі і маляры, якія ўзводзяць новы шматкватэрны дом па вуліцы Зялёнай у райцэнтры, а таксама будаўнікі 12-кватэрнага дома ў Хацілах.

З сярэдзіны мінулага тыдня ў 6 гадзін раніцы (замест 8.00) пачыналі работу некаторыя службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна. Змены закранулі страхароў рамонтна-будаўнічага ўчастка, кветкаводаў, рабочых зялёнага будаўніцтва (касцоў) і станцыі сартыроўкі другасных рэсурсаў. Апроч таго, работнікі падраздзяленняў забяспечваюцца пітной вадой.

Быў зменены рэжым работы і ў іншых арганізацыях. У апошнія дні пякельная спякота адступіла — можна ўздыхнуць з палёгкай.

Вераніка Філановіч
Фота Антона Чаляя

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.