Чтобы быть с кормами стараются все, кто занят на «зеленой жатве» в ОАО «Камайский-Агро»

Сельское хозяйство

Каб быць з кармамі стараюцца ўсе, хто заняты на «зялёным жніве» ў ААТ «Камайскі-агра»

Травы трэба скасіць на 2800 гектарах. На 6 чэрвеня яны ўбраны амаль на 1000, што складае 34,1%. Гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў сярод гаспадарак раёна.

Па новай тэхналогіі

У мінулую сераду ля мулярскай фермы закладвалася другая сянажная траншэя. Першую на 1500 тон запоўнілі за два з паловай дні. Калі б травы былі гусцейшымі, то і раней управіліся б. Сёлета сянаж закладваецца па новай тэхналогіі: для ўкрыцця выкарыстоўваецца спецыяльная шмат­слойная плёнка, зверху ўкладваюцца спісаныя пакрышкі і мяшкі з пяском. Гэты метад дазваляе надоўга захоўваць у зялёных кармах усе пажыўныя рэчывы.

Трамбоўка арганізавана ў дзве змены: днём масу ў траншэі трамбуюць Алег Мозалеў і Ігар Гутар, ноччу іх падмяняе Леанід Счасны.

За якасцю закладваемых кармоў наладжаны кантроль з боку ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў гаспадаркі, пастаянна правярае яе і раённая камісія. Тэмпературны рэжым і вільготнасць адпавядаюць норме.

Вопытныя і маладыя

За Цябутамі на «Палессі» працаваў адзін з найвопытнейшых механізатараў Іван Трацяк. Іван Уладзіслававіч ужо некалькі гадоў мае права на заслужаны адпачынак, толькі не ў яго характары сядзець без справы.

Правы трактарыста Іван атрымаў падчас вучобы ў Камайскай сярэдняй школе. А пасля службы ў арміі паступіў у Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка. І па накіраванні прыехаў у Камаі.

— А зарплата на маёй пасадзе была невысокая, — успамінаў. — Ажаніўся. Нарадзіўся сын, затым дачка. Таму, каб забяспечваць сям’ю, зноў перасеў на трактар. 31 жніво за плячыма. Колькі кіраўнікоў памянялася! Пры Півуса­вічу (Б. П. Шылько — аўт.) наша «Дружба» грымела сваімі поспехамі. Затым быў складаны перыяд. Цяпер справы наладжваюцца, то і працуецца весялей.

На адвозцы сянажнай масы рупіліся Аляксандр Букатаў, Генадзь Юрэвіч, Аляксей Яркоўскі, Васілій Чабуранаў і іншыя. Аляксей з выбарам прафесіі вызначыўся яшчэ ў дзяцінстве, назіраючы за бацькам-механізатарам — адным з лепшых работнікаў ААТ «Камайскі-агра». Закончыў Пастаўскі каледж і вярнуўся ў гаспадарку. Кіраўніцтва выдзеліла яму новы трактар, і хлопец апраўдвае давер.

Смачныя абеды

З кожным днём тэмпы нарыхтоўкі кармоў узрастаюць. Для гэтага ў гаспадарцы створаны ўсе ўмовы, распрацаваны меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання, механізатары забяспечаны гарачым харчаваннем. Штодня гатуецца да 90 абедаў, столькі ж падвячоркаў. У поле іх дастаўляюць на трох машынах. Каля 20 чалавек харчуюцца на месцы, у сталовай. Хапае спраў поварам Марыі Карняйчук і Таццяне Івановай. Мы заехалі да іх у другой палове дня. Жанчыны збіраліся рабіць каўбаскі. Загадчыца сталовай Алена Літвіновіч у той дзень адпусціла на выхадны Рэгіну Свілоўскую і сама выехала на раздачу абедаў.

— Усё вельмі смачнае, — хвалілі механізатары. — Меню разнастайнае. Хаця мы ў такую спякоту згодны хоць штодня есці халаднік.

Работа на палях кіпела: на адным касілкі складвалі ў пракосы травы, якія пойдуць на сена, на другім здробненая маса падавалася ў прычэпы і адвозілася ў сянажную траншэю, трэцяе ўпрыгожвалі белыя рулоны сенажу ў стрэйч-плёнцы.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.