Дипломы и премии из рук замминистра получили победители соревнования на весенне-полевых работах

Сельское хозяйство

У мінулы аўторак наш раён наведалі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гракун і старшыня камітэта аблсельгасхарчу Міхаіл Прыдыбайла. Яны азнаёміліся з ходам корманарыхтоўкі ў ААТ «Навасёлкі-Лучай», далі станоўчую ацэнку яе арганізацыі і ўручылі дыпломы пераможцам спаборніцтва на веснавых палявых работах.

Механізатар ААТ “Камайскі-агра” Аляксей Семашкевіч нерваваўся: самы разгар касавіцы, а яго ПІМ на рамонце. Не з радасцю сустрэў старшыню прафкамітэта Юлію Селівёрставу, калі тая падышла да яго. Маўляў, час прыспешвае, не варта марнаваць яго на размову. А старшыня прафкамітэта паведаміла, што намеснік міністра сельскай гаспадаркі прыедзе ў майстэрню, каб уручыць Аляксею дыплом і прэмію, якіх малады хлебароб удастоены за работу падчас пасяўной. Настрой у хлопца памяняўся на пазітыўны.

— Аляксей — мясцовы, жыве ў Мулярах, — расказвала Юлія. — Закончыў Пастаўскі каледж, адслужыў у арміі і вярнуўся на родную зямлю. Старанны. Вясной прыкатваў пасевы. Выканаў гэту работу больш чым на тысячы гектараў. Па выніках спаборніцтва, якое было арганізавана па ініцыятыве камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, заняў трэцяе месца ў першай групе гаспадарак вобласці. Ад імя прафсаюзнай арганізацыі нашай гаспадаркі мы таксама падрыхтавалі яму грамату і прэмію.

Сярод тых, хто дабіўся найвышэйшых паказчыкаў на сяўбе яравых зерневых і зернебабовых, кукурузы і рапсу ў пятай групе гаспадарак, і механізатар сельгаспрадпрыемства “Дунілавічы-агра” Аляксандр Парневіч. Калі для Аляксея Семашкевіча гэта першая адзнака такога ўзроўню, то Аляксандр па лініі прафсаюза заахвочваўся і ў мінулыя гады.

Неўзабаве разам з першым намеснікам старшыні райвыканкама Генадзіем Лютынскім пад’ехалі высокія госці. Яны падзякавалі пераможцам за добрасумленную працу, уручылі ўзнагароды, пажадалі новых поспехаў. Дарэчы, прэміі важкія: за першае месца — 40 базавых велічынь, за трэцяе — 20.

— Пачуць словы падзякі ад лю­дзей такога высокага рангу, вядома ж, прыемна, — гаварылі механізатары.  — Будзем старацца і далей: цяпер на корманарыхтоўцы, затым — на жніве.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.