Евгения Яковлевна Пачковская в свои 77 лет не выпускает из рук вязальные спицы, крючок, иголку

Личности

Трымаецца працай і малітвай

«Будзеце ў Андронах — загляніце да Пачкоўскіх. Пры сыне з нявесткай жыве бабуля-майстрыха. На вачах — двое акуляраў, а з рук не выпускае то вязальныя пруткі, то шыдэлак, то іголку», — падказала мне адрас адна чытачка газеты.

І як вы думаеце, за якім заняткам я застала Яўгенію Якаўлеўну? За шыццём на машынцы. Бабуля не чакала гасцей, але ўзрадавалася, калі даведалася, што я з рэдакцыі і з якой мэтай прыехала. Падаставала з шафы сшытыя ёй уборы, шматлікія вышыўкі, стала расказваць пра стварэнне кожнай рэчы: «Вось гэты кветкавы ўзор перамалявала з цюлю. А паглядзіце, які каршун атрымаўся? Ён жа — драпежнік, а я вышыла яго свойскім. Ці гэты дзядоўнік… У прыродзе шэры, калючы. Мне ж захацелася яго расквеціць. Люблю што-небудзь прыдумваць у сваіх вышыўках».

На ручніках, карцінах, падушачках пераважаюць яркія фарбы. Можа, гэта адбітак светлага лёсу жанчыны? Зусім не! У 77 гадоў у яе цэлы букет хвароб. З цяжкасцю ходзіць нават па пакоі, і то толькі з дапамогай мыліц. Але самы пякучы яе боль — страта дарослых дзяцей. Выгадавала іх пяцёра, а застаўся толькі адзін сын. Двух сыноў і дзвюх дачок пахавала. Хто памёр ад невылечнай хваробы, хто загінуў трагічна.

— Калі нічым не занятая, нібыта цяжкія дажджавыя хмары, плывуць і плывуць у галаве думкі. Можна за­ліцца слязамі, — гаварыла Яўгенія Якаўлеўна. — Работа і малітва ратуюць мяне.

Улюбёнае месца бабулі — балаёўская капліца. «У нас такі цудоўны ксёндз! — захаплялася. — Кожную суботу ён забірае мяне з дома і на сваёй машыне вязе ў капліцу на святую Імшу. Бясконца ўдзячная за такую ласку».

Бог дае ёй сілы жыць. А яна напаўняе жыццё сэнсам. «Многія рэчы перашыла, і зараз яны як новыя, — працягвала расказваць пра свае заняткі. — Або ўбачыла, што моль папсавала рог вялізнай прыгожай хусткі. Не выкідваць жа яе з-за гэтага. І знайшла выйсце: абрэзала і зрабіла шалік. Іншыя хусцінкі ўпрыгожыла махрамі. І насовачак нашыла і аздобіла. У мяне кожны кавалачак любой тканіны ідзе ў справу. Калі не на шыццё, то звяжу круг. Таксама спатрэбіцца».

Яўгенія Якаўлеўна навучыла шыць на нажной машынцы 12-гадовую ўнучку Машу. А вось да вышывання дзяўчынка не цягнецца, і гэта засмучае бабулю. Зрэшты, яна разумее, што час зараз іншы, чым быў у яе дзяцінстве і маладосці, і інтарэсы ў дзяцей — таксама. Ну а сама застанецца ў рукадзеллі да таго часу, пакуль зможа бачыць хоць і з дапамогай двух акуляраў і трымаць у руках вязальныя пруткі або іголку.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.