«Футбол — моя жизнь». Тренеру по футболу Поставского физкультурно-спортивного клуба Василию Грантовскому исполнилось 70 лет

Личности Спорт

Так ахарактарызаваў сваё стаўленне да гульні №1 трэнер па футболе Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба Васілій Грантоўскі, якому пазаўчора споўнілася 70 гадоў.

І сапраўды, футбол так ці інакш прысутнічае ў жыцці Васілія Мікітавіча з ранняга дзяцінства. Успамінае, што браў прыклад са старэйшых братоў, якія гулялі ў футбольнай камандзе, займаліся гімнастыкай, барацьбой, боксам, зімой ганялі ў хакей. Да гэтых і іншых відаў спорту далучыўся і ён. А яшчэ кожны новы дзень Васілія Грантоўскага пачынаецца з 15-хвіліннай зарадкі, якая надае бадзёрасці, дазваляе настроіцца на станоўчы лад.

Ужо ў 8 класе Васілій пачаў гуляць у складзе дарослай каманды «Ураган», якая ўдзельнічала ў першынстве раёна, чэмпіянаце Кубані. Пасля заканчэння мараходкі была служба на эскадраным эсмінцы «Отзывчивый» (у той час выступаў за спартыўны клуб чырванасцяжнага Чарнаморскага флоту), потым — клубы «Цемент» і «Туапсе». Гульнявая практыка скончылася празаічна — атрымаў траўму і больш не змог выходзіць на поле ў якасці прафесійнага футбаліста.

Футбольная адукацыя, якую атрымаў у Краснадарскім дзяржаўным інстытуце фізкультуры, дазволіла займацца трэнерскай работай, дзяліцца ведамі і вопытам з аматарскімі і прафесійнымі камандамі дзяцей і дарослых. Апошні час перад пераездам у Беларусь працаваў у станіцы Новапакроўскай Краснадарскага краю дырэктарам комплекснай спартыўнай школы. Адкуль яго і запрасіў у Паставы дырэктар ПВУП «ПМЦ» Анатолій Бабі­чаў «падымаць» у нашым горадзе футбол.

— Новая футбольная старонка пачалася ў 2006 годзе, калі з сям’­ёй пераехаў у Паставы, — узгадваў суразмоўца. — Дапамагаў ствараць дарослую каманду, якая потым выступала ў другой лізе чэмпі­янату краіны і стала яго пераможцай у 2007 годзе, пачаў выкладаць азы футбольнай граматы хлопчыкам 2002-2003 гадоў нараджэння. Потым, калі перастала існаваць футбольная акадэмія «ПМЦ-Паставы», менавіта бацькі гэтых хлопчыкаў угаварылі не вяртацца на Кубань (а туды мяне клічуць і зараз), а «даняньчыць» іх дзетак.

Зараз Васілій Мікітавіч трэніруе хлопчыкаў 2006—2009 гадоў нара­джэння і дарослую каманду, якая выступае ў чэмпіянаце Віцебскай вобласці. Пяць разоў пастаўскія футбалісты на чале з Васіліем Грантоўскім удзельнічалі ў фінале рэспубліканскага першынства дзіцяча-юнацкага турніру «Скураны мяч» і тройчы станавілі­ся залатымі, сярэбранымі і бронзавымі прызёрамі прэстыжных спаборніцтваў. Колькім хлопчыкам, улюбёным у футбол, даў пуцёўку ў каманды майстроў, юбіляру нават цяжка ўзгадаць. Але вынік сваёй працы ацэньвае не толькі па гэтым крытэрыі, галоўнае — выхаваць годнага чалавека, які цікавіўся б спортам і прывіваў любоў да яго сваім дзецям.

— Перш за ўсё вучу сваіх выхаванцаў перамагаць. У тым ліку і сябе, бо сістэматычныя заняткі футболам — гэта не забава, а цяжкая праца: неабходна праявіць характар, перамагчы боль. (Скажам, калі ты прыйшоў на трэніроўку і пайшоў з яе ў сухой майцы, то яна прайшла дарэмна.) А ўжо потым вучу, як перамагаць. Методыка для ўсіх аднолькавая, толькі неабходна ўлічваць узроставыя асаблівасці, — дзяліўся В. Грантоўскі. — Ну і, вядома, ніхто не выключаў дабрыні, увагі, умення зразумець сваіх падапечных. Толькі так можна дабіцца выніку.

Ад стрэсавых сітуацый, якія адбываюцца не толькі ў выпадку паражэння каманды, але і перамогі, Васілій Мікітавіч пазбаўляецца на рыбалцы. Самая ж гаючая крыніца, з якой чэрпае сілы для новых жыццёвых і футбольных дасягненняў, — сям’я. Гэта жонка, тры сыны, дачка, тры ўнучачкі і ўнучок.

Няхай простыя жыццёвыя каштоўнасці радуюць вас, Васілій Мікітавіч, і надалей.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.