Как на Поставщине проходит пастбищный сезон содержания скота и приносит ли желаемый результат?

Сельское хозяйство

Час найвышэйшай прадукцыйнасці

Пашавы сезон утрымання жывёлы — самы спрыяльны час для атрымання таннага і вялікага малака. Як ён праходзіць і ці прыносіць жаданы вынік? Пра гэта карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч папрасіла расказаць першага намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Эдуарда ЯНУКОВІЧА.

— Амаль месяц каровы спажываюць маладую траву на свежым паветры, — гаварыў Эдуард Вальдэмаравіч. — Да гэтага ў гаспадарках камплектавалі статкі, падбіралі надзейных пастухоў, распрацоўвалі схемы выкарыстання пашавых плошчаў, вызначалі загоны і парадак іх скормлівання, праводзілі інвентарызацыю і рамонт спецыяльнага абсталявання. Перагледжаны ўмовы аплаты працы жывёлаводаў, меры матэрыяльнага стымулявання для іх. Перавод на кругласутачны выпас вёўся паступова. Адаптацыя жывёлы да новых умоў утрымання і рацыёну харчавання праходзіла ў прывычным рэжыме. На дадзены момант у раёне сфарміраваны 52 гурты, у якіх пасвіцца амаль 10 тысяч кароў.  

— У якіх гаспадарках найбольшыя дойныя статкі?
— У ААТ “Камайскі-агра” (2236 кароў), “Навасёлкі-Лучай” (1900),  “Хацілы-агра” і “Кураполле-агра” (больш за 1400). У астатніх пагалоўе значна меншае.

— Якія патрабаванні да тэхналогіі выпасу?
— Скормліванне пашы трэба праводзіць згодна з распрацаванай схемай. Важна паклапаціцца пра абавязковы догляд пашы — рэгулярнае падкошванне і падкормку. Вялікае значэнне мае своечасовае забеспячэнне кароў вадой. Патрэба ў ёй у спякотнае надвор’е складае 60-70 літраў у дзень на галаву. Знаходжанне жывёлы “на прыродзе” — гэта магчымасць яе аздараўлення для лепшага ўзнаўлення статка. Не атрымаць максімальнай аддачы ад зялёных кармоў недаравальна. Таму кожная гаспадарка мае канкрэтнае заданне, накіраванае на павелічэнне валавай вытворчасці малака.

Надоі радуюць?
— Калі на заканчэнне стойлавага перыяду сярэднясутачны надой ад каровы па раёне складаў 10 кілаграмаў малака, то з выхадам у поле прыкметна павысіўся. Няма роўных аператарам волахаўскай, целякоўскай, куртаўскай ферм (ААТ “Хацілы-агра), якія надойваюць у гэтыя дні больш чым па 20 кілаграмаў ад кожнай каровы. Больш чым па 18 і 16 кг атрымліваюць у дзень ад каровы на фермах у Навасёлках і Курдах, па 14 — у Лучаі і Старым Двары (ААТ “Навасёлкі-Лучай”), Ляхаўшчыне, Станелевічах, Сароках (СП “Ляхаўшчына-агра”). Звыш 13 кілаграмаў надоі ў аператараў груздаўскага аддзялення АБП “Рассвет Пастаўскі” (плюс да мінулагодняга — больш за 2 кг). З адчувальнай прыбаўкай да адпаведнага перыяду мінулага года працуюць аператары ферм у Луцк-Казлоўскім (СП “Ляхаўшчына-агра”), Вярэньках, Мягунах (ААТ “Камайскі-агра”).

— А самыя высокія надоі на рабатызаваных комплексах?
 — Безумоўна. У Коўзанах ААТ “Навасёлкі-Лучай” надойваюць амаль 30 кг ад каровы, у Волахах ААТ “Хаці­лы-агра” — больш за 26 кг. Там жывёла не пасвіцца ў полі, але мае збалансаваны рацыён.

— А дзе няма росту надояў?
— На жаль, менш у параўнанні з леташнім ад кожнай каровы атрымлі­ваюць малака на фермах “Янавіцы-агра”, “Ярэва-агра”, райаграсэрвісу.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.