Камайская участковая больница заняла 2-е место в номинации «Лучшая участковая больница» в республиканском смотре качества и культуры медобслуживания населения

Важное Здравоохранение

Увага лепшая за лекі

Напярэдадні прафесійнага свята работнікі Камайскай участковай бальніцы ўзрушаны прыемнай навіной — на заключным этапе рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва іх установа заняла другое месца ў намінацыі «Найлепшая ўчастковая бальніца».

— Заўсёды прыемна, калі тваёй рабоце даюць высокую ацэнку, — дзяліўся ўражаннямі загадчык Камайскай участковай бальніцы Віктар Канаш. — Калектыў у нас вопытны, прафесійны. Калі выязджаю на выклік, упэўнены, што і ў маю адсутнасць медсёстры, калі спатрэбіцца, акажуць кваліфікаваную першую дапамогу. Усім давяраю, як сабе.

Стаж работы ў медыцыне Віктара Георгіевіча — чвэрць стагоддзя. За гэты час чаго толькі не пабачыў! Але больш за ўсё хвалюецца, па яго словах, калі разам з фельчарам хуткай дапамогі выпадае везці да месца прызначэння цяжкахворага. Занепакоены ўрач і тым, што ў многіх вяскоўцаў на першае месца ў жыцці выходзіць алкаголь. Таму даводзіцца не толькі лячыць, але і вучыць, а калі трэба, то і ўшчуваць.

«Напэўна, бываюць і вясёлыя выпадкі?» — цікаўлюся. І чую ў адказ: «Калі толькі пачынаў працаваць, прыйшоў на прыём хлопчык, які скардзіўся на сып. Сумнявацца ў яго словах не стаў і накіраваў да педыятра. Як высветлілася потым, чырвоным кропкам на целе дапамог з’явіцца… фламастар, бо дужа не хацелася ісці ў школу. Калі ўсё выкрылася, доўга смяяліся», — і зараз не можа стрымаць смеху доктар. — «Цяпер, вядома, мяне так не правядзеш».

У калектыве — 18 чалавек. Асноўная задача — аказваць даступную і якасную дапамогу. Зразумела, з вострым каранарным сіндромам (перад­інфарктны стан) прыйдзецца ехаць у Паставы. Не возьмуцца тут лячыць і цяжкія траўмы, апендыцыт і інш., астатняе — калі ласка.

У амбулаторыі прыём вядуць урачы агульнай практыкі Віктар Канаш і Аляксандр Кабайла, стаматолаг Марыя Машкова, функцыянуюць фізіякабінет і клінічная лабараторыя. Раз у месяц дзетак аглядвае райпедыятр Зоя Шчалкун. Па загадзя складзеным графіку арганізаваны выезды вузкіх спецыялістаў ЦРБ. Стацыянар разлічаны на 18 месцаў. У залежнасці ад пары года колькасць сацыяльных ложкаў вар’­іруецца ад 7 да 10. Даглядаюць тут хворых 4 медсястры і столькі ж санітарак. Таксама да баль­ніцы прыпісаны ФАПы ў вёсках Муляры, Сакуны, Навасёлкі-2, Мягуны і Свіраны.

На ўчастку пражывае 1850 чалавек — у два разы менш, чым 25 гадоў таму. І самае сумнае ў тым, што прыблізна 50% насельніцтва складаюць пенсіянеры, у тым ліку і доўгажыхары (узрост найстарэйшага — 101 год). Тым не менш узровень смяротнасці апошнія пяць гадоў тут складае 23-25 праміле (колькасць памерлых на тысячу чалавек).

— Веды, вопыт, жаданне працаваць для медыкаў вельмі істотныя, але сутнасць нашай прафесіі яшчэ і ў міласэрнасці, уважлівым і добразычлівым стаўленні да людзей. Не сакрэт, што часам даверлівыя чалавечыя зносіны дзейнічаюць лепш за любыя лекі, — падсумаваў Віктар Канаш.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.