Кнопка экстренного вызова поможет защитить себя и имущество от преступников

Правовое поле

Не проста кнопка

Грошы і таварна-матэрыяльныя каштоўнасці ва ўсе часы вабілі і працягваюць вабіць зладзеяў. Таму галоўная праблема для іх уладальнікаў — захаваць сваю маёмасць ад крадзяжу. Не менш важна забяспечыць і асабістую бяспеку грамадзян.

Сёння адным з самых распаўсю­джаных і эфектыўных сродкаў бесправадной сігналізацыі з’яўляецца кнопка экстраннага выкліку, якая служыць для апавяшчэння любога ахоўнага прадпрыемства пра тое, што на аб’ект, які ахоўваецца, было здзейснена нападзенне або ўзнікла пагроза незаконнага ўварвання. У нашым раёне такія кнопкі ўстаноўлены ва ўсіх банках, паштовых ад­дзяленнях, школах і дзіцячых садах, у многіх дзяржаўных і некаторых прыватных магазінах, а таксама ў асобных медыцынскіх установах.

Па словах старшага інспектара-інжынера групы сродкаў і сістэм аховы Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Ягора Хмельніка, выклікі паступаюць ледзь не штодзень. Найбольш часта — з магазіна «Еўраопт» у 5 гарадку і ўніверсама «Цэнтральны», дзе грамадзяне спрабуюць украсці тавар або залезці ў касу. Кожны тыдзень работнікам Дэпартамента даводзіцца выязджаць і ў Цэнтр псіхічнага здароўя, што па вуліцы Вакзальнай у райцэнтры, каб дапамагчы медыкам супакоіць буйных пацыентаў. Зрэдку іх дапамога патрабуецца ў цэнтральнай райбальніцы.

— Згодна з нарматывамі, група затрымання павінна прыбыць на месца выкліку на працягу 5—7 хвілін з моманту паступлення трывожнага сігналу, — расказваў Ягор. — Але нам, як правіла, дастаткова ўсяго 3-4 хвілін. За такі кароткі тэрмін зладзеі не паспяваюць далёка ўцячы, а буйныя пацыенты нарабіць шкоды. Для апошніх наша з’яўленне становіцца своеасаблівым халодным душам.

У апошні час кнопкі экстраннага выкліку міліцыі ўсё часцей устанаўліваюць у сваіх дамах адзінокія пажылыя, а таксама заможныя грамадзяне. Зараз у фізічных асоб у Паставах іх каля 20, у раёне — 3 (у вёсках Шыркі і Параскі). Не так даўно, акрамя стацыянарных кнопак, якія прымацоўваюцца практычна да любой паверхні ў доме (найчасцей — пад стальніцай стала, каб была непрыкметнай), з’явіліся радыёбірулькі, якія можна пастаянна насіць з сабой. Радыус іх дзеяння — да 200 метраў.

— Устаноўка кнопкі без ахоўнай сігналізацыі каштуе ад 200 рублёў, штомесячны кошт кантролю за яе станам — 8 рублёў 75 капеек. А калі ў доме маецца ахоўная сігналізацыя, скідка на абслугоўванне складае 50 працэнтаў, — прыводзіць расцэнкі на паслугі Я. Хмельнік і дадае: — Жадаючыя паклапаціцца пра сваю маёмасную і асабістую бяспеку павінны звярнуцца ў Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы па электроннай пошце або прыйсці асабіста. Пры сабе неабходна мець пашпарт. На месцы мы дапаможам напісаць заяву, якая, звычайна, разглядаецца на працягу 2-3 дзён. Прыкладна столькі ж часу зойме мантаж.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.