«Конец света» принес победу. Видеоролик 8-классника Воропаевской СШ Ивана Зарубы признан лучшим в конкурсе «Лови фейк!»

Важное Образование

Галоўны прыз — відэакамеру — у намінацыі «Мультымедыя» прывёз нядаўна з рэспубліканскага конкурсу школьных медыяпраектаў «Лаві фэйк!» 8-класнік Варапаеўскай СШ Іван Заруба.

Пра гэты конкурс класны кіраўнік Вані, выкладчык беларускай мовы і літаратуры Мікалай Атрахімовіч даведаўся ў студзені з інтэрнэт-сайта nastaunik.info. У ліку іншых арганізатараў яго праводзіла Таварыства беларускай школы з мэтай павысіць медыяінфармацыйную кампетэнтнасць вучняў, стымуляваць іх творчую актыўнасць, найперш у навучанні крытычнаму аналізу СМІ і ў стварэнні медыя­адукацыйных прадуктаў. Да ўдзелу запрашаліся вучні 8—11 класаў, якім прапаноўвалася падрыхтаваць уласны медыяпраект у любым медыйным фармаце і жанры, які б спрыяў павышэнню інфармаванасці і медыя­пісьменнасці дзяцей і дарослых.

— Азнаёміўшыся з умовамі, я прапанаваў прыняць удзел у конкурсе хлопцам са свайго класа, якія наведваюць гурток інфарматыкі, — расказваў М. Атрахімовіч. — З усіх зацікавіўся толькі Іван. У працэсе абмеркавання ідэі ён захапіў маці Вольгу Аляксандраўну, разам з якой напісаў сцэнарый фільма пра канец свету. Галоўным героем карціны стаў малодшы брат Вані — 3-класнік Антон.

Міні-фільм юны рэжысёр зняў на мабільны тэлефон і з субцітрамі на беларускай мове (пераклад дапамог зрабіць М. А. Атрахімовіч) адправіў журы ў складзе вядомых журналістаў, рэжысёраў, акцёраў, педагогаў-медыя­экспертаў і прадстаўнікоў партнёрскіх арганізацый праекта. Усяго на конкурс было даслана 59 работ у трох намінацыях: «Мультымедыя — аўдыё ці відэа», «Графічныя і інтэрактыўныя медыя» і «Тэкставыя медыя». З іх прафесіяналы адабралі 32. Аўтараў і настаўнікаў, якія дапамагалі ў стварэнні праектаў, запрасілі ў канцы мая ў Мінск у бізнес-клуб IMAGURU, дзе і адбылося вызначэнне і ўзнагароджанне пераможцаў.

— Усіх фіналістаў у сталіцы чакала яшчэ адно заданне — падрыхтаваць 90-секундную прэзентацыю сваёй работы. Ваня падышоў да гэтага крэатыўна і адзіны з 13 удзельнікаў фіналу ў сваёй намінацыі двойчы на працягу прэзентацыі заслужыў апладысменты прысутных. У выніку разам з дыпломам ён атрымаў галоўны прыз — сучасную відэакамеру, якую ўручыў рэжысёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Валерый Мазынскі, — не хавае радасці педагог хлопца. Дарэчы, ён таксама адзначаны спецыяльным дыпломам конкурсу.

Новенькую камеру цяпер ужо 9-класнік Іван Заруба ў хуткім часе апрабаваў: зняў урачыстую лінейку ў школе з нагоды апошняга званка. Зараз падлетак, які добра вучыцца і захапляецца камп’ютарам і праграмаваннем, пачаў задумвацца над тым, ці не звязаць свой лёс з тэлебачаннем або кіно. Зрэшты, на тое, каб вызначыцца з будучай прафесіяй, яшчэ ёсць час.

Што ж датычыць медыяадукацыі варапаеўскіх школьнікаў, яна можа быць прадоўжана. Падчас знахо­джання ў сталіцы з дзецьмі правялі трэніровачныя заняткі настаўнікі гродзенскай СШ №26 Таццяна і Сяргей Фадзіны, якія рэалізуюць у сваёй навучальнай установе медыяпраект «Бачу. Чую. Разумею». Яны заклікалі ўсіх калег далучыцца да гэтага праекта. Выбар — за нашымі педагогамі.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.