Литературный праздник «Слова землякоў над роднаю старонкай» посвятили малой родине

Культура

Гучала слова землякоў над роднаю старонкай на літаратурным свяце, падрыхтаваным супрацоўнікамі цэнтральнай раённай бібліятэкі і праведзеным у першы фестывальны дзень у Канцэртнай зале Пастаўскай  дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза.

Малая радзіма… Наш запаветны бераг, да якога імкнёмся заўсёды, самая дарагая нашаму сэрцу кропка на карце свету. «Ёсць у мяне зямля, край светлых мрояў», — пісаў пра свае родныя мясціны Адам Міцкевіч. Для нас такі край — родная Пастаўшчына. Край слынных літаратараў, якія тут нарадзі­ліся і выраслі, унеслі свой важкі ўклад у нацыянальную літаратуру і культуру наогул, край, дзе і сёння нараджаецца і гучыць паэтычнае слова. Вядучая свята Валянціна Гірвель запрасіла прысутных у зале здзейсніць падарожжа ў цудоўны літаратурны горад з прыгожай назвай «І бу­дзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай». А праходзіла яно па ўяўных вуліцах: Пастаўскай, Варапаеўскай, Лынтупскай, Вясковай, Фестывальнай. Пачалося падарожжа віртуальна — з дэманстрацыі на экране слайдаў, якія апавядалі пра гісторыю горада і слынных землякоў. Затым вядучая ўзгадала імёны тых творцаў, хто ўжо адышоў у нябыт, але пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну. Найперш гэта Уладзімір Дубоўка, чыя творчасць вядомая не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Памятаюць пастаўчане і імёны Алеся Касценя, Ніны Захарэвіч, Аркадзя Нафрановіча, Славы Ліпеня, Леаніда Трубача, Івана Іваніна, Люцыяна Счаснага.

І вось атрымліваюць слова сённяшнія літаратары. Пастаўскую вуліцу «прэзентуюць» Наталія Карнілава і Іосіф Атрахімовіч. Чытаюць свае вершы, расказваюць, як захапіліся творчасцю. Да іх маглі б далучыцца Ігар Пракаповіч, Воля Лісіцкая, Марына Кавалёнак, Аліна Латыш і многія іншыя пастаўчане.

Багатая на таленты і Варапаеўшчына. Яе прадстаўнікі на свяце — Святлана Аліхвер-Іванова і Андрэй Кімбар. Святлана прыехала з Варапаева, а ўраджэнец гэтага гарпасёлка Андрэй Кімбар — з Мінска. Ён аспірант Бел­дзяржуніверсітэта.

Літаратурны навігатар вядзе далей — на вулі­цу Лынтупскую, і ўдзельнікі свята цёпла вітаюць Нэллу Лось. А ад Вясковай слова бяруць Сафія Скабёлкіна і Святлана Мядз­ведзева. Завяршаецца вандроўка на вуліцы Фестывальнай. А тут — госць з-за мяжы. Ванда Марціньш жыве ў Вільнюсе. Выкладае партугальскую, іспанскую і англійскую мовы, займаецца перакладамі. А вершы піша на беларускай мове. Бо нарадзілася яна ў вёсцы Муляры Пастаўскага раёна і назаўсёды захавала ў сэрцы любоў да роднага куточка і лю­дзей, сярод якіх вырасла. У ёй прызнаецца ў сваіх творах.

На свяце гучалі не толькі вершы, але і музыка, песні, якія падарылі прысутным удзельнікі вакальнай студыі «Славія» пад кіраўніцтвам Аксаны Нікалаевай. Яно атрымалася цёплым і кранальным. Шчыра павіншавала яго ўдзельнікаў з 610-годдзем горада і юбілеем міжнароднага фестывалю начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская і пажадала новых творчых поспехаў. Несумненна, яны будуць, бо ўжо само свята акрыліла літаратараў.

Тэкст і фота Фаіны Касаткінай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.