Мастерство и любовь — детям. «Сердце» ОДРОЦ «Ветразь» — лечебно-диагностическое отделение

Важное Здравоохранение

Майстэрства і любоў – дзецям

«Сэрца» АДРАЦ «Ветразь» — лячэбна-дыягнастычнае аддзяленне, дзе і ажыццяўляецца галоўная функцыя ўстановы — рэабілітацыйная.

За апошнія гады ў аддзяленні з’явілася шмат сучаснага абсталявання, пачалі выкарыстоўвацца новыя методыкі. А каб паспяхова іх укараняць, персанал цэнтра пастаянна павышае кваліфікацыю на разнастайных семінарах і курсах. Паспяхова прымяняецца методыка «Экзарта», якая спрыяе нервова-мышачнаму перанавучанню. Інакш кажучы, навучае мозг аднаўляць інфармацыю пра мышцу, якая выключылася. Аднаўленне дробнай маторыкі, функцый верхняй канечнасці і кісці праходзіць па методыцы Мантэсоры, выкарыстоўваюцца тактыльная стымуляцыя, сэнсарная інтэграцыя, пясочная тэрапія, заняткі на бізібордах. Вельмі падабаюцца дзеткам інтэрактыўныя метады рэабілітацыі, у прыватнасці заняткі на стабілатрэнажоры. Ён мае найноўшае праграмнае забеспячэнне з рухальнымі гульнямі. Карыстаюцца папулярнасцю вакуумны масаж і стоўнтэрапія (масаж гарачымі камянямі). Усяго і не пералічыць.

Нароўні з імі ў «Ветразі» выкарыстоўваюць і выпрабаваныя часам методыкі: электралячэнне, у тым ліку гальванізацыю, электрасонтэрапію, лячэнне ультрагукам, магніта-, фіта- і галатэрапію, святлолячэнне і інш.

У лячэбна-дыягнастычным аддзяленні працуюць масажысты, інструктары ЛФК, медыцынскія сёстры па фізіятэрапіі, псіхолагі, інструктар-метадыст па эргатэрапіі, настаўнік-дэфектолаг, стаматолаг, ёсць клі­ніка-дыягнастычная лабараторыя. Усяго 21 чалавек, 7 з іх маюць вышэйшую катэгорыю, 7 — першую.

Інструктар ЛФК Ірына Мазурэвіч, інструктар-метадыст па эргатэрапіі Юлія Баль, масажысты Аляксандр Харытоненка і Юлія Нікіпяровіч працуюць у «Ветразі» па дзесяць і больш гадоў. Гэта прафесіяналы найвышэйшага ўзроўню, улюбёныя ў сваю прафесію і дзяцей. Медыцынская сястра Ірына Чарняк прыйшла ў калектыў зусім нядаўна, але з першых дзён выдатна сябе зарэкамендавала, стала неад’емнай яго часткай.

Каардынуе работу лячэбна-дыягнастычнага аддзялення старшая медыцынская сястра Наталля Захарава. У цэнтры яна 12 гадоў. Старанная, адказная, адукаваная, выдатны арганізатар. Сёлета напярэдадні Дня медыцынскага работніка Наталля Пятроўна адзначана Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама.

Тэкст і фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.