«Никому никогда не отказал». Ветврач бывшего колхоза «1 Мая» Антон Гапоник умел найти подход и к животным, и к людям

Личности

Ветурач – прызванне, вясковае жыццё – лёс

12 чэрвеня ў Антона Іосіфавіча Гапоніка з Луцк-Казлоўскага, што ў Казлоўшчынскім сельсавеце, быў юбілейны дзень нараджэння. Жонка Ганна Станіславаўна яшчэ з вечара ўгаворвала не ісці на рыбалку, а ён не ўтрымаўся: на досвітку ўзяў лодку — і да вады. Тэлефонны званок ад старшыні раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксея Філімонава застаў на возеры. Калі даведаўся, што з віншаваннямі прыедуць госці з раёна, хутка зматаў вуды і заспяшаўся дадому. Аляксея Філімонава, намеснікаў начальнікаў райсельгасхарчу Эдуарда Януковіча і райветстанцыі Дар’ю Мурзёнак на парозе дома сустракаў пры поўным парадзе. Яны прывезлі юбіляру Падзяку старшыні райвыканкама, Ганаровыя граматы, падарункі і кветкі ад упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, раённага савета ветэранаў.

Антон Іосіфавіч быў ветурачом былога калгаса «1 Мая», некалькі гадоў узначальваў гаспадарку.  Але яго прызваннем было лячыць жывёлу. На той час у калгасе ўтрымлівалася вялікае пагалоўе кароў, цялят. А колькі было жыўнасці на падворках вяскоўцаў! Для кожнага Іосіфавіч быў кампетэнтным дарадцам.

— Галоўнае ў нашай справе — распазнаць хваробу, правільна паставіць дыягназ, — дзяліўся тонкасцямі прафесіі. — А яшчэ хваробу лепш прадухіліць, чым лячыць. Таму вялікую ўвагу надаваў прафілактыцы. Знаходзіць падыход і да жывёлы, і да людзей дапамагалі не толькі спецыяльныя навыкі, але і пачуццё гумару.

Лячыць жывёлу складана: яна не скажа, што яе непакоіць, дзе баліць. Гэта павінен вызначыць і зразумець спецыяліст.

— Рабочы дзень быў ненарміраваны, — успамінаў юбіляр. — І ноччу, здаралася, выклікалі: то парася захварэе, то карова расцяліцца не можа. Нікому ніколі не адмовіў. Праца прыносіла задавальненне.

Не сумуе і на пенсіі. Каля дома ідэальны парадак, мноства кветак, адчуваецца, што прыкладзены і жаночая, і мужчынская гаспадарчая рука.

Сям’я заўсёды была надзейным тылам. Жонка працавала настаўніцай у мясцовай школе. Яны выхавалі дзвюх дачок. Мая жыве ў Казлоўшчыне, працуе на Глыбоцкім мяса-малочным камбінаце, Насця з сям’­ёй у Амерыцы. Часта размаўляюць з ёй па скайпе. Насця цікавіцца не толькі справамі родных, вяскоўцаў, але і падзеямі ў Беларусі.

— Жывецца нам добра, — гаварыла жонка. — Навокал мноства азёр. А Антон апантаны рыбалкай. Часам і не ведаю, на каторае падаўся. Любіць прыроду, вясковае жыццё. У маладосці хораша граў на гармоніку, прыгожа спяваў і 17 гадоў не размінаўся з чаркай. Ды, дзякуй Богу, больш за 30 гадоў назад наступіла прасвятленне — адмовіўся ад спіртнога.

Госці затрымаліся. Ім было пра што пагаварыць, што ўспомніць і абмеркаваць: іх аб’ядноўвае адна прафесія — ветурача — і гады сумеснай работы.

Тэкст і фота Анны Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.