«Паазер’е» и учащиеся музыкальной школы продолжают традиции Груздовского цимбального оркестра

Культура

Жывуць інструмент і традыцыі

Як вядома, сваёй «прапіскай» на Пастаўшчыне Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» абавязаны ўнікальнаму інструменту — дыятанічным цымбалам, якія захаваліся толькі ў нашым рэгіёне. Калісьці на іх ігралі вядомыя на ўвесь Савецкі Саюз груздаўскія музыкі. А зараз — удзельнікі заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага фальклорнага ансамбля «Паазер’е» выкладчыкаў Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, якія працягваюць традыцыі Груздаўскага цымбальнага аркестра, а таксама вучні школы, што займаюцца па класе дыятанічных цымбалаў.

Гэты клас быў створаны ў Паставах у 1991 годзе па ініцыятыве дырэктара ДШМ і кіраўні­ка «Паазер’я» Анатолія Собаля. У адказ на прапанову тагачаснага начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама стварыць у школе музей старажытных цымбалаў ён прапанаваў вывучаць іх як прадмет. Ідэю падтрымала Міністэрства культуры краіны. І вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі клас вядзе дачка аднаго з груздаўскіх цымбалістаў — Ванда Мацкевіч, якая з дзяцінства ўвабрала ў сябе народную аўтэнтыку: прыёмы ігры, манеру выканання, рэпертуар. Гэтаму яе вучыў з 4-гадовага ўзросту бацька.

Усім, што ведае і ўмее, Ванда Іванаўна шчодра дзеліцца з юнымі музыкантамі, якія ў якасці дадатковага інструмента выбіраюць дыятанічныя цымбалы. Сёння іх асвойваюць 10 чалавек. Пад кіраўніцтвам вопытнага педагога «з рук» развучваюць мясцовыя полькі, мазуркі, вальсы, кадрылі, якія калісьці выконвалі самадзейныя музыкі з Груздава. Чатыры вучаніцы: Яна Зуева, Аліцыя Палкіна, Ангеліна Казлоўская і Соня Сініла — уваходзяць у склад школьнага ансамбля «Пастаўскія цымбалісты», створанага неўзабаве пасля адкрыцця класа. З гэтага калектыву выраслі цяперашнія цымбалісткі «Паазер’я» Вікторыя Кірплюк і Алена Антух, а таксама старэйшая ўнучка В. І. Мацкевіч Аляксандра Палкіна, якая з восені вядзе ў роднай школе клас цымбалаў. Па словах А. А. Собаля, Аляксандра не толькі ў любы момант можа стаць у рады «паазерцаў», але і ў будучым прадоўжыць справу Ванды Іванаўны. Таму адзіны ў Беларусі клас дыятанічных цымбалаў не павінен знікнуць.

Дзякуючы творчым людзям, якія беражліва ставяцца да нашай культурнай спадчыны, старажытны інструмент працягвае жыць і гучаць на Пастаўшчыне. І не толькі ў нас. Не многія ведаюць, што дыятанічныя цымбалы ёсць у музыкантаў знакамітага ансамбля народнай музыкі «Бяседа». У 90-я гады мінулага стагоддзя яны былі падораны стваральніцы ансамбля «Жывіца» Валянціне Пархоменцы, калі яна прыязджала на Пастаўшчыну збіраць фальклор і наведала Груздава. Пазней на базе «Жывіцы» была створана «Бяседа», якой і сталі належаць цымбалы.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.