По данным на 1.01.2019, на Поставщине проживают 6339 детей в возрасте до 18 лет. Из них 88 из 46 семей находятся в социально опасном положении

Образование

Працаваць ёсць над чым

Дзяцінства — найлепшая пара ў жыцці чалавека. Але не ва ўсіх юных жыхароў нашай краіны яно шчаслівае. І прычынай таму складаныя жыццёвыя сітуацыі, у якіх, у большасці выпадкаў па віне бацькоў, апынуліся маленькія беларусы.

Па стане на 1 студзеня 2019 года, на Пастаўшчыне пражываюць 6339 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. З іх 88 з 46 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З 36 падлеткамі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. 106 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, усім неабходным забяспечвае дзяржава. З пачатку бягучага года прызнана знаходжанне ў сацыяльна небяспечным становішчы 59 непаўналетніх з 28 сем’яў.

Гэтыя лічбы агучыла намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Русалоўская на апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, дзе ў ліку іншых разглядалася пытанне аб рабоце ўстаноў адукацыі па раннім выяўленні дрэннага становішча ў сем’ях і прафілактыцы супрацьпраўных паводзін дзяцей і падлеткаў. Як адзначыла Таццяна Уладзіславаўна, аддзелам нямала робіцца ў гэтым напрамку. Праводзяцца семінары-практыкумы для кіраўнікоў устаноў адукацыі, іх намеснікаў па выхаваўчай рабоце і спецыялістаў сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў, практычныя заняткі для педагогаў, апошнім аказваецца метадычная дапамога па арганізацыі індывідуальна-прафілактычнай работы з падуліковымі падлеткамі. У лютым прайшло пасяджэнне метадычнага аб’яднання для спецыялістаў СППС па пытаннях выяўлення, сацыяльнай падтрымкі, уцягнення ў гуртковую работу і арганізацыі занятасці ў паза­ўрочны час дзяцей, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі.

З 16 сакавіка на базе Сацыяльна-педагагічнага цэнтра раёна арганізавана работа клуба «Пагода ў доме» для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Ужо прайшлі два заняткі з прыцягненнем маладых мам. Сёлета педагагічная і псіхалагічная дапамога ў СПЦ аказана 160 дзецям і 142 бацькам. У дзіцячы сацыяльны прытулак змяшчаліся 28 дзяцей. 10 з іх пасля адмены рашэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аб прызнанні маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне вернуты ў біялагічныя сем’і, 5 накіраваны ў прыёмныя, 13 праходзяць рэабілітацыю ў цэнтры.

Педагогам дапамагаюць іншыя зацікаўленыя. У іх ліку супрацоўнікі РАУС і медыкі. Яны выступаюць у школах і праводзяць растлумачальную работу з бацькамі па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў непаўналетніх, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, захаванні здароўя дзяцей да 3 гадоў і недапушчэнні сітуацый, калі малыя застаюцца без нагляду бацькоў, удзельнічаюць у комплекснай рэабілітацыі падлеткаў, якія ўжываюць алкагольныя і слабаалкагольныя напіткі. Таксама ў райвыканкаме прайшла вучоба ідэалагічнага актыву раёна па пытанні дзейнасці камісій садзейнічання сям’і і школе, саветаў прафілактыкі па папярэджан­ні дрэннага становішча ў сем’ях. На сесіях сельскіх Саветаў дэпутатаў разгледжана пытанне аб замацаванні за дэпутатамі сем’яў, у якіх дзеці знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Разам з тым, на думку Т. У. Русалоўскай, праблема своечасовага выяўлення такіх дзяцей не вырашана. Не ўсе суб’­екты прафілактыкі і ўстановы адукацыі аб’ектыўна ўлічваюць сапраўдныя прычыны сямейнай і дзіцячай нядобранадзейнасці, паміж імі не дасягнута належнага ўзаемадзеяння ў некаторых пытаннях. Таму працаваць ёсць над чым усім.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.