«По всем вопросам мы должны работать комплексно». В Поставах прошёл выездной семинар идеологического актива

Общество

Вучыліся ідэолагі

У мінулую пятніцу яны сабраліся ў раённым выканаўчым камітэце, каб разам з намеснікам старшыні райвыканкама Юрыем Кісялёвым і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Галінай Чаплінскай адправіцца на аб’екты Пастаўшчыны.

На вучобу ідэалагічнага актыву раёна былі запрошаны намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце прадпрыемстваў і арганізацый, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый, адказныя за арганізацыю ідэалагічнай работы ў сельскіх выканаўчых ка­мітэтах, а таксама кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Вітаючы іх, Юрый Мікалаевіч адзначыў: такія семінары-вучобы з’яўляюцца планавымі, але праводзяцца яны не па строгім графіку, а з улі­кам аператыўнай абстаноўкі ў раёне. Ад яе залежыць і форма правядзення мерапрыемства. У розны час гэта былі круглыя сталы, пасяджэнні, на якіх абмяркоўваліся надзённыя праблемы, што датычаць ідэалагічнай, выхаваўчай, прафілактычнай работы ў працоўных калектывах. Тэма не змянілася і зараз. Як і актуальнасць названай вышэй работы. Яна вельмі высокая, паколькі на Пастаўшчыне існуе праблема злоўжывання грама­дзянамі спіртным, расце колькасць суіцыдаў. У пацвяр­джэнне сваіх слоў Ю. М. Кісялёў прывёў некалькі прыкладаў з апошніх міліцэйскіх зводак.

— Па ўсіх пытаннях мы павінны працаваць комплексна і за­дзей­нічаць патэнцыял нашых профіль­ных устаноў, арганізацый, грамадскіх фарміраванняў, рэлігійных канфесій. Таму сёння выбралі выязную форму правя­дзення семінара-вучобы, — заключыў намеснік кіраўніка раёна.

Найперш ідэолагі накіраваліся ў праваслаўны і каталіцкі прыходы. Там яны азнаёміліся з інфраструктурай, створанай для аказання садзейнічання людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, павышэння духоўнага і маральнага ўзроўню дзяцей і дарослых. Удзельнікі семінара пабывалі ў нядзельнай школе пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Паставах, выкладчык якой Ірына Колесень расказала пра гісторыю яе адкрыцця і асаблівасці адукацыйнага працэсу. А пробашч пастаўскага касцёла Святога Антонія Падуанскага Вадзім Прасяной паказаў памяшканні, дзе летам працуе кругласутачны аздараўленчы лагер для дзяцей, а таксама адзіную ў раёне бясплатную сталовую для бедных. Штодзень яе наведваюць ад 15 да 20 чалавек.

Затым арганізаваная група адправілася ў Цэнтр псіхічнага зда­роўя. Там гасцей чакала ўрач-нарколаг ЦРБ Жанна Папова. Яна расказала пра магчымасці адкрытай 4 гады назад установы, абсталяванне і методыкі лячэння ад алкагольнай і наркатычнай залежнасцей. Для прысутных была праведзена невялікая экскурсія па цэнтры, паказаны ўмовы знаходжання ў ім пацыентаў. Наступным аб’ектам стаў АДРАЦ “Ветразь”, дзе ўкараняецца шмат новых напрамкаў у рэабілітацыі дзяцей і дарослых. Базу абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра паказаў дырэктар Сяргей Петухоў. Апошнім адрасам наведвання стала аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН, а дакладней — створаны ў ім “крызісны пакой” для асоб, якія знаходзяцца ў крызісным стане і маюць патрэбу ў псіхалагічнай падтрымцы і даху над галавой. Хто і на які час можа скарыстацца паслугамі гэтага пакою, расказала кіраўнік тэрытарыяльнага цэнтра Дзіяна Пякарская.

У цэлым вучоба была карыснай і пазнавальнай для ідэолагаў раёна. Яны ўбачылі, на што могуць абаперціся ў выхаваўчай рабоце ў сваіх калектывах, якія рэзервы імі пакуль не выкарыстоўваюцца. Разам з тым Ю. М. Кісялёў акцэнтаваў увагу прысутных на значэнні нагляднай інфармацыі на адпаведных стэндах у арганізацыях і ўстановах. Па яго словах, нагляднасць працуе належным чынам толькі тады, калі эстэтычна аформлена, змястоўная, рэгулярна абнаўляецца. У адваротным выпадку можа быць супрацьлеглы эфект.

Тэкст і фота Алены Шапавалавай



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.