Почти Европейские игры… Поставский район впервые встречал ежегодную спартакиаду среди сельских жителей Витебщины

Главное Спорт

У гэтыя дні Паставы віруюць у імклівым рытме Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». А тыдзень таму наш раён упершыню сустракаў яшчэ адно значнае мерапрыемства — штогадовую спартакіяду сярод сельскіх жыхароў Віцебшчыны.

На тры дні спартыўна-турыстычны комплекс «Азёркі» аб’яднаў аматараў спорту з 19 раёнаў вобласці. За перамогу змагаліся зборныя каманды Бешанковіцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Віцебскага, Глыбоцкага, Гарадоцкага, Докшыцкага, Дубровенскага, Лепельскага, Лёзненскага, Міёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Сенненскага, Талачынскага, Чашніцкага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага і Шумілінскага раёнаў — усяго больш за 600 чалавек. Нібы грыбы пасля дажджу амаль на ўсёй тэрыторыі комплексу выраслі турыстычныя палаткі.

Перамогі ў сумленнай барацьбе, справядлівых суддзяў і спартыўнай злосці пажадалі падчас урачыстага адкрыцця спартакіяды начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васілій Захарэвіч, старшыня абласнога прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Гутараў і старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік.

Адпавядаць алімпійскаму дэвізу «Хутчэй, вышэй, мацней!» сваім энергічным і відовішчным выступленнем удзельнікаў «Сельскіх гульняў» стымулявалі ансамбль барабаншчыц і мажарэтак ДШМ імя А. Тызенгаўза, сцяганосцы (навучэнцы кале­джа) і выхаванцы ваенна-спартыўнага клуба «Азімут».

Спаборніцтвы доўжыліся два дні. Напал адчуваўся не толькі на спартыўных пляцоўках — каманды падбадзёрвалі і матывавалі выкласціся на ўсе сто балельшчыкі, групы падтрымкі і нават суддзі. Барацьба атрымалася бескампраміснай. У спаборніцтвах па міні-футболе і валейболе сярод мужчын лідарам стала каманда Верхнядзвінскага раёна, настольным тэнісе — Расонскага, лёгкай атлетыцы — Глыбоцкага, валейболе сярод жанчын — Віцебскага, гіравым спорце — Талачынскага. Паласу перашкод, якая складалася з дзесяці выпрабаванняў і мела дыстанцыю кіламетр, лепш за астатніх пераадолела каманда Пастаўскага раёна (8 хвілін 5 секунд). Таксама нашы землякі вызначыліся ў міні-футболе, дзе занялі трэцяе месца. У агульнакамандным заліку каманда нашага раёна стала сёмай.

Уладальнікам галоўнага трафея спартакіяды чацвёрты год запар стала каманда Верхня­дзвінскага раёна. Па ўсім было відаць, што да перамогі яна рыхтавалася: падчас узнагароджання прызёраў-землякоў у асабістых і агульнакамандных заліках трыумфальна біла ў барабан, радавалася, а калі аб’явілі лідара спартыўных стартаў — зрабіла круг пашаны, вітаючы пераможаных сапернікаў, і выканала энергічны танец. На другім месцы каманда Талачынскага раёна, на трэцім — Глыбоцкага.

Апроч спартыўных спаборніцтваў, каманды мераліся сіламі ў творчых конкурсах. Артыстызм, пачуццё гумару, валоданне музычнымі інструментамі ўдзель­нікі прадэманстравалі ў «Візіт­ных картках». Тут не было роўных прадстаўнікам Віцебскага раёна. Кулінарныя таленты ацэньваліся ў конкурсе паходных страў. Іх неабходна было прыгатаваць у палявых умовах і арыгінальна прадставіць журы. Найсмачней ва ўсіх сэнсах гэта атрымалася ў каманды Міёрскага раёна.

Бытавыя ўмовы, створаныя ў палатачным лагеры, не ўлічваліся. Але гэта не перашкодзіла яго насельнікам падтрымліваць у ім чысціню і парадак. А некаторыя нават прэтэндавалі на мастацкае афармленне месца часовай стаянкі: немагчыма было прайсці без усмешкі міма сімпатычнага кардоннага лася і драўлянай казы-пагранічніцы, якую жартаўнікі прыбралі ў бурку з сапраўдным шаўронам і забяспечылі таблічкай з надпісам: «Увага! Дзяржаўная граніца».

Незабыўны адпачынак у маляўнічым урочышчы, камфортны быт і цікавую забаўляльную праграму ўдзельнікам спартакіяды забяспечылі яе арганізатары — упраўленне спорту і турызму абл­выканкама, абласны вучэбна-метадычны цэнтр фізічнага выхавання насельніцтва, абласны прафсаюз работнікаў АПК і Пастаўскі райвыканкам.

— На спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі» створаны выдатныя ўмовы для аматараў актыўнага адпачынку на ўлонні прыроды, аб’ект увесь час удасканальваецца. І ў той жа час, упершыню прымаючы такое маштабнае спартыўнае свята, вельмі хваляваліся: ці вытрымаем экзамен? Дарэчы, рыхтавацца да сустрэчы гасцей нам дапамагалі многія арганізацыі і прадпрыемствы раёна, ніхто не адмовіў у дапамозе, — дзяліўся генеральны дырэктар ДА «Фі­зічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», галоўны суддзя спаборніцтваў Станіслаў Чымбург. — Таму падчас урачыстага закрыцця спартакіяды, як чароўная музыка, гучалі словы: «Дзякуй! Дзякуй! Дзякуй!», якія скан­дзіравалі ўдзельнікі мерапрыемства. Іншай ацэнкі і не трэба.

Вераніка Філановіч

Больше фото в наших группах в соцсетях: 

Одноклассники 

ВКонтакте



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.