Поставскому народному клубу национальной кухни, игры и обряда «Традыцыя» в текущем году исполняется 20 лет

Культура

Ёсць у нас «Традыцыя», на 10 гадоў маладзейшая за міжнародны фестываль

Гэта Пастаўскі народны клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду, якому ў бягучым годзе спаўняецца 20. Упершыню ён заявіў пра сябе нават не ў раёне, а на «Славянскім базары ў Віцебску», і яго тэатралізаваная праграма «Выкуп месца на другі дзень вяселля» выклікала цікавасць у гледачоў. На наступны год павезлі на «славянку» «Бабіны хрэсьбіны», якія яшчэ больш уразілі віцябчан і гасцей горада. Ва ўсёй красе паказала сябе «Традыцыя» і ў Поль­шчы, куды разам са знакамітым пастаўскім «Паазер’ем» выяз­джала двойчы: у Вэнграў на фестываль вясельных абрадаў і ў Вроцлаў на калядную вечарыну. А летась на свяце смаку ў латышскім Рэзэкне да пастаўчан стаялі чэргі: настолькі смачнымі дранікамі, якія пякліся на адкрытым агні на калодзе, яны частавалі. Неаднойчы ўдзельнічалі ў абласных «Дажынках», а таксама ў абласным фестывалі вясельных абрадаў. Адусюль вярталіся з узнагародамі.

Нацыянальную кухню, гульні і абрады клуб пастаянна прапагандуе і на роднай Пастаўшчыне. Удзельнічае ва ўсіх значных святах, якія праводзяцца ў райцэнтры, вызджае з гульнявымі праграмамі ў аграгарадкі. А гэта «Сватанне на Пастаўшчыне», «На госці да пастаўскага млынара», абрад «Валачобнікі», тэатралізаваная праграма «Ажаніцца па-беларуску», народнае свята «Юр’е».

Зараз «Традыцыя» аб’ядноў­вае два дзясяткі культработнікаў раёна. Першым кіраўніком клуба была Ксенія Грэська. Бясцэнны ўклад у яго развіццё ўнеслі Ганна Балаш і Людміла Чатовіч. Вельмі творча праяўляюць сябе Святлана Марозава, Марына Смулько, Людміла Мелец, Тамара Маслоўская і іншыя ўдзельнікі. Папоўнілі калектыў маладыя спецыялісты: Вольга Лойка (кіраўнік клуба), Валерый Жук’ян і акампаніятар Ян Каськевіч. Важкі багаж нематэрыяльнай спадчыны ўдзельнікі клуба назапашвалі і назапашваюць па крупінках, выязджаючы ў розныя куточкі раёна, сустракаючыся з носьбітамі народнай культуры і запісваючы іх песні, абрады, рэцэпты прыгатавання страў. Чым потым шчодра дзеляцца з іншымі.

У заключны дзень фестывалю вы зможаце пабачыць «Традыцыю» ў амфітэатры гарадскога парку. І не толькі пабачыць. Прыгожыя, прыбраныя ў беларускія строі дзяўчаты і жанчыны і гарэзлівыя хлопцы-музыкі не адпусцяць вас, не пачаставаўшы пастаўскімі прысмакамі — а гэта клёцкі «з душамі», каўбаса «пальцам пханая», хатні сыр з мёдам, пірагі, карп фаршыраваны, грыбочкі марынаваныя і многае іншае — і не парадаваўшы народнымі музыкай і песнямі. Не прамініце!

Фаіна Касаткіна
Фота Сяргея Вшыўкава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.